З аднадзённым рабочым візытам Менск наведаў прэм’ер-міністар
Украіны Віктар Юшчанка. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам
Беларусі Ўладзімерам Ярмошыным. Галоўнымі тэмамі абмеркаваньня былі гандлёва-эканамічныя
стасункі, якія перажываюць пэрыяд крызысу. Візыт папярэднічае прыезду ў
Беларусь прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, што прымеркаваны на канец траўня.
Віктар Юшчанка і Ўладзімер Ярмошын прызналі, што справы ва ўзаемным
гандлі й эканамічным супрацоўніцтве йдуць блага, і дамовіліся, што вінаватых
у гэтым шукаць ня будуць, а паспрабуюць мінімізаваць і скасаваць тыя істотныя
перашкоды, якія прывялі да двухразовага зьніжэньня ўзаемнага гандлю.
У 97 годзе ўзаемны таваразварот Украіны й Беларусі складаў 1,5 мільярда
даляраў, а летась – толькі 700 мільёнаў. Як паведамляе беларускі МЗС, сёлета
адзначаецца невялікі рост.
Гаворыць прэмьер-міністар Украіны Віктар Юшчанка:
“Ад самага пачатку мы ставілі за мэту мадэрнізаваць адпаведна з даручэньнямі
кіраўнікоў дзьвюх краінаў нашыя гандлёва-эканамічныя стасункі. Акцэнты
былі зробленыя на ўрэгуляваньні гандлёвага складніка, урэгуляваньня мытных,
таварных ды іншых абмежаваньняў, сыстэмы разьлікаў, скарыстаньня валютаў.
Патрабуе ўрэгуляваньня й праблема транзыту”, – зазначыў на выніковым брыфінгу
ўкраінскі прэм’ер-міністар Юшчанка.
Гаварыць пра застарэлыя праблемы ўкраінскага доўгу Беларусі й прамаруджваньня
беларускага боку ў справе ратыфікацыі дамовы аб узаемных межах прэм’еры
адмовіліся, паколькі аніякіх дамоўленасьцяў на гэты конт дасягнута не было.
Магчыма, гэтую праблему пакінулі на сустрэчу Лукашэнкі й Кучмы, што адбудзецца
ў канцы траўня ў Берасьці.
Па вялікаму рахунку візыт украінскага прэм’ера быў у большай ступені
дзяжурным, чым выніковым. Былі падпісаныя два нязначныя пагадненьні пра
супрацоўніцтва ў галіне статыстыкі ды атэстацыі навуковых і пэдагагічных
кадраў. Цікавай была хіба толькі папярэдняя дамоўленасьць двух прэм’ераў,
якія вырашылі, што трэба аднавіць эфэктыўнае выкарыстаньне 9-га эўрапейскага
транспартнага калідору ад Скандынавіі да Чорнага мора, які пралягае празь
Беларусь і Ўкраіну. Прэм’еры даручылі пачаць падрыхтоўку працы ў справе
мадэрнізацыі гэтага калідору.
Акрамя таго, украінскі прэм’ер агледзеў месца, дзе сёлета на Дзень незалежнасьці
Ўкраіны недалёка ад амбасады гэтае дзяржавы ў Менску будзе ўстаноўлены
помнік Тарасу Шаўчэнку.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1