Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску Гарадзкі аддзел народнай адукацыі замест адмененых бясплатных школьных сьняданкаў прапануе дзецям духоўны пажытак – уступленьне ў піянэрскую арганізацыю.

Зь сёньняшняга дня ва ўсіх менскіх школах адмененыя бясплатныя сьняданкі для дзяцей. Як паведамілі ў “ГарАНА”, прычына – адсутнасьць сродкаў.

Замест гэтага вучням прапануюць духоўны пажытак. Адміністрацыі школаў загадалі настаўнікам абвясьціць на бацькоўскіх сходах пра ўтварэньне пры школах піянэрскіх арганізацыяў. Пры гэтым настаўнікаў забавязалі казаць бацькам, што піянэрская арганізацыя нібыта не палітычная.

Бацькі мусяць напісаць заявы пра тое, што не пярэчаць, каб іхныя дзеці ўступалі ў піянэры. Настаўнікі на бацькоўскіх сходах прапануюць бацькам азнаёміцца са статутам і з гэтак званымі “палажэньнямі” Рэспубліканскае піянэрскай арганізацыі, якія былі распрацаваныя і зацьверджаныя яшчэ ў 95-м годзе.

З “палажэньня пра сымболіку” вынікае, што ўсе сябры гэтай арганізацыі носяць піянэрскія гальштукі й значкі. Піянэрскі сьцяг чырвонага колеру, на ім дэвіз: “Да справаў на карысьць Радзімы, да дабра й справядлівасьці будзь гатоў”. Адказ на гэты дэвіз: “Заўжды гатоў!” і салют правай рукою.

Са статуту вынікае, што сябрам арганізацыі можа быць кожны зь сямігадовага веку, але зь пісьмовага дазволу законных прадстаўнікоў. Гэта на практыцы азначае, што дзеці, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах, будуць прынятыя ў арганізацыю зь пісьмовага дазволу сваёй адміністрацыі.

Сябры арганізацыі зь 7 да 10 гадоў называюцца “спадкаемцы”, зь 10 да 14 гадоў – “піянэры”, з 14 да 18 гадоў – “інструктары”, а з 18 й старэй – “важатыя” або “лідэры”. У статуце напісана, што рытуал наданьня гэтых званьняў мусіць адбывацца ва ўрачыстай абстаноўцы і з урачыстай клятваю піянэра (па-расейску): любіць Радзіму, быць добрым, сумленым і справядлівым.

У сваіх праграмах кіраўнікі піянэрскай арганізацыі сьцьвярджаюць, што яна не палітычная арганізацыя, але разам з тым называюць яе пераемніцаю Ўсесаюзнае піянэрскай арганізацыі.

Пакуль бацькі, якія шчэ памятаюць сваё піянэрскае дзяцінства, не выяўляюць асаблівага энтузыязму й не сьпяшаюцца пісаць заявы. Некаторыя зь іх абураюцца й патрабуюць, так бы мовіць, “не забіваць дзецям галовы”. Адміністрацыі школаў тым часам намагаюцца зацікавіць дзяцей: ім абяцаюць цікавыя вандроўкі, вогнішчы й гульні. Маўляў, усё гэта будзе – трэба толькі папрасіць бацькоў напісаць заявы.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG