Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Памежнікі Беларусі й Расеі дамовіліся аб распрацоўцы комплекснае мэтавае праграмы ўладкаваньня сваіх межаў, разьлічанае да 2015 году. На фінансаваньне гэтае праграмы штогод вырашана выдаткоўваць 40-50 мільёнаў расейскіх рублёў з кожнага боку. Між тым памежнікі пакуль не кажуць пра канкрэтныя супольныя праекты у межах гэтае праграмы.

Не ўпершыню кіраўнік Камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі сустракае ў Менску свайго расейскага калегу Канстанціна Тоцкага. На гэты раз, як паведаміла прэсавая служба памежнага камітэту краіны, імі было прынята рашэньне аб супольнае распрацоўцы комплекснае праграмы ўладкаваньня межаў Хаўрусу Беларусі й Расеі.

Абмеркаваўшы стан справаў у сваёй гаспадарцы , галоўныя памежнікі дзьвюх краінаў прыйшлі да высновы, што без даўгатэрміновых супольных намаганьняў не абыйсьціся, бо сытуацыя на межах хаўрусу пагаршаецца. Між іншым, галоўная небясьпека памежнікам бачыцца, не на Захадзе, дзе разьмяўшчаюцца войскі NATO, а ў зусім іншым кірунку. Пра гэты кірунак адкрыта казаў на сустрэчы ў Менску дырэктар фэдэральнае памежнае службы Расеі Канстанцін Тоцкі.

Супрацоўнік прэсавае службы Камітэту памежных войскаў Беларусі маёр Уладзімер Несьцяровіч, зь якім я сёньня зьвязаўся па тэлефоне, спасылаючыся на рашэньні супольнае калегіі, паведаміў:

(Несьцяровіч: ) “Асноўныя пагрозы для бясьпекі нашых краінаў зыходзяць адтуль, з усходу. А нашыя краіны выступаюць у ролі транзытных – нелегальныя мігранты, зброя, наркотыкі, тэрарызм адтуль ідуць праз Расею, праз Беларусь і далей на Захад. Як Беларусь? Беларусь будзе з гэтымі пагрозамі змагацца, узмацняючы ахову дзяржаўнай мяжы па ўсім пэрыметры, на ўсіх участках, дзе нашыя войскі стаяць. А туды, на ўсход, ніхто з нашых вайскоўцаў не паедзе, безумоўна”.

– лічыць супрацоўнік прэсавае службы Камітэту памежных войскаў Беларусі Ўладзімер Несьцяровіч.

Ён удакладніў, што ня йдзе аніякае гаворкі пра ўзмацненьне мяжы паміж Беларусьсю й Расеяй, дзе “ніколі не было й ня будзе калючага дроту”, і дзе нават не стаяць нашыя памежныя часткі. На гэта грошы “марнавацца” ня будуць.

Што ж тычыцца заходняга кірунку, то тут вырашана перш за ўсё падоўжыць пачатае некалькі гадоў таму ўладкаваньне межаў зь Летувою ды Латвіяй. Пра тое, што ўжо зроблена на гэтым кавалку дзяржаўнае мяжы, супрацоўнік прэсавае службы памежнага камітэту сказаў:

(Несьцяровіч: ) “Праведзеныя дэлімітацыі на адным участку і на другім, а таксама пэўная частка працаў па дэмаркацыі, стварэньні пэўнай памежнай інфраструктуры, будаўніцтва прапускных пунктаў. Сярод іншых сумесных праектаў можна назваць будаўніцтва школы падрыхтоўкі службовых сабакаў у Смаргоні. Гэта сумесны праект”,

– паведаміў Уладзімер Несьцяровіч.

Паводле зьвестак з памежнага камітэту, раней зь бюджэту Расеі ды Беларусі на падобныя агульныя праграмы выдаткоўвалася па 20 мільёнаў расейскіх рублёў, але гэты бюджэт падаўся цяпер недастатковым. Памежнікі кажуць, што фінансаваньне з гэтага году павялічыцца прыкладна да 40-50 мільёнаў рублёў (каля паўтары мільёны даляраў) з кожнага боку.

Маёр Несьцяровіч не ўзяўся прагназаваць, ці будуць гэтыя пляны выкананыя, хаця й пагадзіўся, што гэта вельмі напружаная праграма. Не назваў супрацоўнік прэсавае службы й тыя канкрэтныя праекты, на якія зьбіраюцца патраціць такія немалыя грошы нашыя і расейскія памежнікі на працягу будучых 15-ці гадоў.

Да ведама, агульная з Расеяй праца ва ўладкаваньні межаў хаўрусу вядзецца ужо больш за два гады. Паводле інфармацыі незалежных крыніцаў, у пазамінулым годзе расейскі бок выканаў свае забавязаньні ў фінансаваньні гэтае працы прыкладна на 60 адсоткаў, а ўжо летась свае забавязаньні выканаў.

Але тады бальшыня агульных грошай даставалася беларускай мяжы. Што будзе цяпер, калі галоўным кірункам абвешчаны не заходні, а ўсходні напрамак агульных межаў, невядома. Паміж сабою беларускія памежнікі асьцерагаюцца, што зьмена прыярытэту адаб’ецца на фінансаваньні, але да публічных выказваньняў гэтых падозраньняў пакуль справа не даходзіць.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG