Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Віцебску поруч з афіцыйнымі мерапрыемствамі Дня Перамогі сёньня прайшоў рэйд Памяці, які правяла абласная Рада дэмакратычных арганізацыяў.

А 10-й гадзіне пачалося гарадзкое шэсьце ветэранаў. Прадстаўнікі дзяржаўных установаў, студэнты, школьнікі, якіх вывелі на вуліцу Леніна, віталі ўдзельнікаў Другой усясьветнай вайны. На пляцы Перамогі, дзе праходзіў мітынг, сабралося шмат людзей. Чакалі, калі, пасьля ўрачыстай цырымоніі ўскладаньня вянкоў і прамоваў выступоўцаў, пачнецца вайсковы парад. Гучалі расейскія маршы й песьні. З беларускага, акрамя ўступнага слова дыктара і актораў тэатру, прагучаў толькі гімн.

На пляц вывелі ўзоры баявой тэхнікі, якую із задавальненьнем абляпілі школьнікі. Але большасьць падлеткаў разьбеглася як толькі іх адпусьцілі настаўнікі. Іхны натоўп згуртаваўся побач, у падземным пераходзе, дзе яны слухалі сьпевы маладых музыкаў пад гітару. На жаль, складвалася ўражаньне, што гэтае сьвята ў першую чаргу патрэбнае ветэранам ды людзям сталага ўзросту. Гэта яны, у большасьці бабулькі і дзядулькі, са сваімі ўнукамі несьлі кветкі да помніка.

Тыя, хто дабіраўся да месца збору калёны ўдзельнікаў вайны па вуліцы Суворава, абмяркоўвалі, як працаўнікі ваенкамату адмывалі бюст расейскага палкавадца, які быў ноччу кімсьці абліты рудай фарбай.

Прадстаўнікі суполак дэмакратычных партыяў і арганізацыяў вырашылі ўшанаваць загінуўшых у вайне ня толькі каля афіцыёзнага помніку з трох штыхоў, а ў тых месцах, дзе пахаваныя ахвяры фашызму. Яны ўсклалі вянкі з чырвонымі надпісамі на белых стужках “Ахвярам вайны ад Рады дэмакратычных сіл” ля Ратушы — там былі закатаваныя ў вайну многія зь віцяблянаў, а пасьля вайны павешаныя некаторыя з палонных немцаў.

Ускладаньні адбыліся ў парку Камсамолу, дзе ў кургане пахаваныя тысячы мірных месьцічаў, ля помніка дзесяткам тысячаў вязьняў канцлягеру, каля стэлы загінуўшым маладым падпольшчыкам і на вайсковых могілках у Лучосе. Рэйд Памяці завяршыўся на тым жа пляцы Перамогі. Пасьля хвіліны смутку старшыня абласной арганізацыі БСДП (Народная грамада) спадар Анатоль Гнеўка выступіў з жорсткай прамовай супраць фашызму, сталінізму і ўсялякай дыктатуры, чым крыху напалохаў некаторых зь ветэранаў.

Дарэчы, на фоне пампезнага абеліску балюча было бачыць, у якім стане знаходзяцца месцы некаторых сапраўдных пахаваньняў. Пустэча, два-тры вянкі па разнарадцы ад прадпрыемстваў і установаў, нявысаджаныя нават кветкі. І ўся пампезнасьць афіцыйных мерапрыемстваў пачынае выглядаць ня больш, чым добра падрыхтаваным спэктаклем. Ці зразумеюць яго тыя старыя, якія перажылі ваеннае ліхалецьце і зараз ідуць не ў сьвяточны натоўп, а, як і патрэбна на Радаўніцу, да закінутых брацкіх могілак, каб пакласьці чырвонае яйка, некалькі цукерак ці дзьве сьціплыя штучныя кветкі?

Алег Жукоўскі, Віцебск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG