Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прысуд экс-прэм’еру Міхалу Чыгіру будзе абвешчаны, хутчэй за ўсё, 10 траўня. На гэты дзень перанес сёньня паседжаньне судзьдзя Аляксандар Васілевіч пасьля таго, як завершылі свае прамовы абаронцы былога старшыні ўраду Беларусі.

Сёньня фактычна завершыліся судовыя спрэчкі на працэсе ў Менскім гарадзкім судзе, дзе слухаецца справа былога прэм’ера Міхала Чыгіра, абвінавачванага ў службовых злоўжываньнях. Засталося выступіць з апошнім словам самому падсуднаму, пасьля гэтага прагучыць вэрдыкт судзьдзяў. Якім ён будзе, мы даведаемся, хутчэй за ўсё, 10 траўня. Чаму судзьдзі ўзялі такую працяглую паўзу?

Паводле працэсуальнае нормы, судзьдзі да абвяшчэньня прысуду не павінны выходзіць з пакоя, дзе прымаецца рашэньне. І звычайна прамежак паміж апошнім словам падсуднага й прысудам ня большы за некалькі гадзінаў. Але найноўшая судовая практыка ў Беларусі ўжо ведае выключэньні з гэтага правілу. Больш за тыдзень раіліся судзьдзі наконт прысуду Васілю Старавойтаву. Гэтак жа тыдзень думалі судзьдзі дэпутата Андрэя Клімава, што дало потым падставу незалежнаму друку й міжнародным назіральнікам выказваць дадатковыя сумневы наконт незалежнасьці судзьдзяў.

Магчыма, цяпер у выпадку з Чыгіром вырашана фармальна захаваць чысьціню судовае нарады. За будучы тыдзень рашэньне падрыхтуюць і канчаткова аформяць, а агалосяць неўзабаве пасьля таго, як выступіць Міхал Чыгір.

Сам экс-прэм’ер лічыць, што рашэньне будзе агалошанае менавіта 10-га, бо, на ягоную думку, улады не зацікаўленыя ў тым, каб падтрымліваўся інтарэс да працэсу.

Пра што сёньня казалі абаронцы Барыс Гюнтар, які прадстаўляе праваабарончы цэнтар “Вясна”, і пасланец Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла?

Абодва грунтоўна прааналізавалі эпізоды абвінавачваньня, даказвалі невінаватасьць Чыгіра, аспрэчвалі высновы сьледзтва з дапамогаю фактаў, на грунце юрыдычных паняцьцяў. Барыс Гюнтар, у прыватнасьці, дэталёва прааналізаваў базу доказаў, сабраных сьледчымі, і абвінаваціў іх у фальсыфікацыі. Потым ён патлумачыў для “Радыё Свабода”…

(Гюнтар: ) “Сьледзтва прадставіла фальсыфікаваны сьпіс складу валютна-крэдытнай камісіі, і на гэтай падставе, што ён быў неправамоцны, што не было на паседжаньні дьве траціны ягоных сяброў, Чыгір, маўляў, прыняў незаконнае рашэньне. А на самой справе ўсё стала на свае месцы – было 11 сяброў, 8 прысутнічалі, пайменна яны ўсе названыя. Практычна яны ўсе апытаныя, акрамя Пісарэвіча, усе ў бок чыгіра не сказалі ніводнага кепскага слова, і не прагучала ніводнага абвінавачваньня”,

– гэта быў грамадзкі абаронца Барыс Гюнтар.

Ягоны калега Гары Паганяйла асаблівую ўвагу надаў палітычным матывам перасьледу Міхала Чыгіра. Паганяйла казаў, што гэта справа ня толькі супраць кандытата ў прэзыдэнты, але й спроба схаваць сьляды карумпаванасьці многіх асобаў з вышэйшага эшалёну ўлады.

Сьледзтва, на думку адваката, наўмысна не спрабавала расьледваць тыя моманты, якія выводзяць на гэтую карумпаванасьць, у прыватнасьці, на сьляды фінансаваньня перадвыбарчае кампаніі Лукашэнкі праз рахункі “Белаграпрамбанку” з дапамогаю былога кіраўніка банку Застаўнюка і ягонага намесьніка Бародзіча, які абвешчаны ў вышук, але жыве спакойна ў Маскве й ніхто яго не турбуе.

Адвакат казаў: “Знайсьці яго сьледчым невыгодна, таму што да яго шмат пытаньняў. А вось калі б паднялі дакумэнты фірмы “Бісеркер”, якую заснаваў Бародзіч, ды дакумэнты фірмы “Каруна”, у офісе якой месьціўся перадвыбарчы штаб Лукашэнкі, то стала б шмат чаго вядома…

(Паганяйла: ) “Я мяркую, што такім вось чынам былі замытыя, закрытыя фінансаваньні выбарчай кампаніі Лукашэнкі”.

Паганяйла лічыць, што абвінавачваньне супраць Чыгіра мае на мэце схаваць і гэтыя сакрэты.

“Мы чакаем ад судзьдзяў толькі апраўдальнага прысуду, хаця й пераканаліся ужо ў перадузятасьці нашае феміды”, – сказаў напрыканцы Гары Паганяйла. Ён заявіў, што калі прысуд будзе абвінавальным, гэта будзе прысуд ад імя Лукашэнкі, а не ад імя беларускага народу.

Пасьля прамоваў адвакатаў пракурору Віктару Жынгелю была дадзеная магчымасьць выступіць з рэплікаю, але ён устрымаўся. Што Гары Паганяла, жартуючы, абвесьціў потым згодаю пракурора з аргумэнтамі абароны. На што пракурор патлумачыў адмыслова для нашага радыё…

“…У мяне ёсьць што запярэчыць адвакатам, аніводны з фактаў, пра якія яны кажуць, фактамі не зьяўляюцца, у іх усё перакулена з ног на галаву. Гэта такая лінія абароны. Яны тлумачаць гэта палітыкаю, але для мяне ў справе Чыгіра аніякае палітыкі няма”, – заявіў пракурор Віктар Жынгель.

Магчыма, што ўжо праз тыдзень мы даведаемся, хто мае рацыю на думку судзьдзяў – пракурор ці адвакаты.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG