Наш карэспандэнт Ягор Маёрчык прайшоў з маніфэстантамі ад пляцу Якуба
Коласа да пляцу Бангалёр. Вось ягоны рэпартаж.
Зранку ў дварах паўз праспэкт Скарыны ня было мейсца, каб прыпаркаваць
машыну. Паўсюль стаялі аўтобусы зь цёмным шклом. Такую ж карціну можна
было назіраць у двары цырку, па вуліцы Янкі Купалы й нават ў дзіцячым парку.
За цёмным шклом хаваліся сотні міліцыянтаў, супрацоўнікі спэцаддзелаў і
жаўнеры нутраных войскаў. Такім чынам улады рыхтаваліся да сёньняшняга
“Маршу Свабоды – 2”.
Не зважаючы на ўсе пагрозы й дэманстрацыю сілы, больш за 20 тысячаў
чалавек прыйшлі на пляц Якуба Коласа. Пляцоўка ля помніку не зьмяшчала
ўсіх, хто прыйшоў сюды. Таму людзі зьбіраліся таксама на прыступках Філярмоніі
й ЦУМу.
(Карэспандэнт: ) “Чаму вы ўдзельнічаеце ў сёньняшнім мітынгу і шэсьці?”
(Голас удзельніцы: ) “Таму што мы ня хочам, каб у нашай краіне была
дыктатура, за свабоду слова…”
(Голас удзельніцы: ) “Я тут, таму што мне не абыякавы лёс маёй Бацькаўшчыны.
Я ў будучым буду жыць тут. Я хачу каб ў мяне было нармальнае жыцьцё”.
(Голас удзельніцы: ) “І, галоўнае, незалежная краіна…”
(Карэспандэнт: ) “Вядома, што Марш Свабоды арганізоўваецца ў абарону
незалежнасьці Беларусі і падтрымку перамоўчага працэсу паміж урадам і апазыцыяй.
Скажыце, што для вас ёсьць незалежнасьць Беларусі?”
(Голас удзельніцы: ) “Незалежнасьць – гэта асобная краіна, калі мы ні
ад кога не залежым, калі ўсе людзі свабодныя”.
(Голас удзельніцы: ) “Гэта – свая мова, свая культура”.
(Карэспандэнт: ) “А вы не баіцёся наступстваў Маршу? Вядома, што пад
час першага Маршу адбыліся жорсткія бойкі, і для шмат каго з удзельнікаў
Маршу ўдзел у ім меў вельмі дрэнныя наступствы. Ці баіцёся вы?”
(Голас удзельніцы: ) “Не, наадварот. Мы былі на першым Маршы і з падвойнай
цікавасьцю і радасьцю мы прыйшлі сюды. Бо калі мы будзем сядзець дома,
мы нічога не дакажам для свайёй Бацькаўшчыны, і трэба ня словам, але справай
дамагацца незалежнасьці”.
(Голас удзельніцы: ) “Галоўнае не прыйсьці і ўлезьці ў бойку, галоўнае
– проста прыйсьці і падтрымаць”.
(Карэспандэнт: ) “Вось вы нязгодныя з тым, што адбываецца ў нашай краіне.
Ці ведае хто-небудзь з вас, як трэба кіраваць краінай?”
(Голас удзельніцы: ) “Па-пршае, трэба каб краіна бышла незалежная, па-другое,
трэба даць людзям свабоду слова, каб яны маглі выказваць свае погляды,
і трэба размаўляць на роднай мове”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі вам год?”
(Голас удзельніцы: ) “Трынаццаць”.
(Голас удзельніцы: ) “Трынаццаць”.
(Голас удзельніцы: ) “Пятнаццаць”.
(Голас удзельніцы: ) “Чатырнаццаць”.
(Голас удзельніцы: ) “Я ўдзельнічаю, таму што з гэтым рэжымам жыць больш
не магу. Пэнсія – мізэрная. Лекі – дарагія. Хопіць пакутаў!”
(Карэспандэнт: ) “Спадар Кійко, некалі Вы атрымалі хімію за ўдзел за
апазыцыйных мітынгаў, і сёньня прыйшлі на Марш Свабоды. Чаму? Ці не баіцёся
вы нейкіх наступстваў?”
(Кійко: ) “Не баюся. Мы калі сядзелі на хіміі, прыяжджалі заўсёды на
ўсе акцыі. Лыско Валодзя і я. Амаль ніводнай не прапусьцілі. А зараз нам
чаго баяцца?”
Малады хлопец хаваў свой твар за хусткай. Чаму?
(Голас: ) “Рэч у тым, што рознага кшталту непрыемнасьці могуць быць
у школе і гэтак далей. Я раней вучыўся ў адной вядомай беларускай гімназіі,
але на “Маршы”, былым, я быў затрыманы за налепкі, агітацыйную дзейнасьць
і пасьля гэтага я быў змушаны пакінуць тую школу…”
(Карэспандэнт: ) “А скажыце, чаму Вы сёньня прыйшлі на “Марш Свабоды”
і ці не баіцёся Вы наступстваў для сябе?”
(Голас: ) “Я лічу, што ўжо баяцца больш няма чаго. Трэба было баяцца
раней. А калі ўжо пачаў, трэба весьці гэтую справу да канца…”
(Карэспандэнт: ) “Вядома, што “Марш Свабоды” ладзіцца ў абарону незалежнасьці
Беларусі і падтрымкі перамоўных працэсаў. Што для Вас ёсьць незалежнасьць
Беларусі?”
(Голас: ) “Складанае вельмі пытаньне. Пытаньне вельмі складанае. Адразу
не магу адказаць…”
(Карэспандэнт: ) “Але Вы сёньня тут…”
(Голас: ) “Так. Я за нежалежнасьць”.
Пасьля ўчорашніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што арганізатары
і ўдзельнікі акцыі нібыта адпрацоўваюць бандыцкія грошы з Захаду, прысутным
на пляцы раздавалі стылізаваныя купюры ў сто амэрыканскіх даляраў. Толькі
замест партрэту Аляксандра Лукашэнкі на іх быў лягатып акцыі. На адваротным
баку – надпіс “удзельніку “Маршу Свабоды – 2”.
На пачатку шэсьця маніфэстанты выйшлі на праезную частку праспэкту Скарыны.
Само шэсьце выглядала досыць маляўніча. Шэрыя будынкі на праспэкце й
пахмурнае надвор’е. Сярод гэтага – шматтысячная бела-чырвона-белая рака
з удзельнікаў шэсьця. З пачаткам шэсьця неба нечакана пасьвятлела й стала
цёмна-блякітнага колеру.
На галовах некаторых з удзельнікаў былі карыкатурныя маскі Аляксандра
Лукашэнкі. У руках яны трымалі плякаты “Гульня скончана”.
Лёзунгі маніфэстантаў на беларускай і ангельскай мовах патрабавалі дэмакратычных
пераўтварэньняў, выкананьня правоў чалавека й спыненьня дэспатызму: “Не
дыктатуры!”, “Я люблю свабоду!”, а таксама: “Лукашэнка, вярні Ганчара й
Красоўскага”.
Вуліца Сурганава. Яшчэ ўчора тут рамантавалася праезная частка. А сёньня
па ёй бесьперашкодна крочаць маніфэстанты. Цяжкасьці пачаліся на рагу вуліцаў
Сурганава й Якуба Коласа. Там міліцыянты не спынілі сустрэчны рух грамадзкага
транспарту.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1