Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Работнікі сельскае гаспадаркі зьвяртаюцца да такіх формаў пратэсту як страйк. Учора мэханізатары калгасу “Дубровы” Сьветлагорскага раёну адмовіліся ехаць на нарыхтоўку кармоў.

Галоўнае патрабаваньне мэханізатараў – выплата заробку. Калгас завінаваціўся ім ня толькі за ўсе веснавыя месяцы, але нават і за люты.

Угаворвалі трактарыстаў распачаць працу і старшыня гаспадаркі Мікалай Дашкоўскі, і галоўны інжынэр Уладзімер Шорап. Сытуацыя крыху зьмянілася, калі з калгаснай бугальтэрыі паведамілі, што ў банк на рахунак гаспадаркі зь мясакамбінату паступілі сродкі за здадзеную жывёлу, і пасьля абеду бугальтэрыя пачне выдаваць заробак за люты.

Частка мэханізатараў адправілася перавозіць сена, астатнія чакалі абяцаных грошай. Іх сапраўды прывезьлі ў калгас і разьлічваліся ледзь не да цямна.

Сёньня ў “Дубровах” зноў загрузілі дзьве вялікагрузныя машыны жывёлаю і адправілі на мясакамбінат у Калінкавічы, каб мець грошы на выплату заробку за сакавік. На гэта патрэбна звыш 4 мільёнаў рублёў у новых цэнах. Яшчэ большы доўг – за красавік і травень.

Пажарныя захады са здачаю жывёлы на заробак прыводзяць, аднак, да значных фінансавых стратаў. Вось што распавёў з гэтае нагоды калгасны эканаміст Уладзімер Бусел:

“Справа ў тым, што звычайна падвышэньне цэнаў на мяса й мясныя прадукты адбываецца 4-га, 5-га, 6-га дня новага месяцу, а зараз – канец чэрвеня, жывёлу збываць няма сэнсу. Мы зноў з гэтай здачаю страцім значныя сумы”, – сказаў спадар Бусел.

Незважаючы на эканамічныя выгоды, калгасныя кіраўнікі мкнуцца ўсё ж такі любым чынам раздабыць грошы, бо сытуацыя ў вёсках сапраўды напружаная. Па 3-4 месяцы заробак ня плацяць ня толькі ў “Дубровах”, але і ў большасьці калгасаў і саўгасаў вобласьці. Агульная сума запазычанасьцяў вяскоўцам цяпер у сельскай гаспадарцы перавысіла 1,5 мільярды рублёў. Гэта болей, чым у прамысловасьці, будаўніцтве, іншых галінах, разам узятых.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG