Разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў пікету ў абарону правоў
чалавека, што адбыўся ўчора, перанесены на 27 чэрвеня. Сёньня стала вядома:
Маскоўскі суд адмовіўся ўзбудзіць грамадзянскую справу паводле скаргі сябраў
АГП супраць Менскага гарадзкога выканкаму.
Сёньня ў Маскоўскі РАУС завіталі сябры Аб’яднанае Грамадзянскае партыі
Ўладзімер Раманоўскі, Людміла Бажок і Галіна Ганчарык. Людміла Бажок распавяла
“Радыё Свабода” пра нагоду свайго наведваньня Маскоўскага РАУСу:
“У аўторак прыехалі ўвечары два міліцыянты з Маскоўскага РАЎСу дахаты
і папрасілі падпісаць пратакол, які яны напісалі ў аўторак удзень. Паводле
іхных расказаў, іх прымусілі гэта зрабіць. І калі я спытала, чаму мне яшчэ
трэба прыйсьці ў РАУС, яны сказалі, што справа будзе перададзеная ў суд.”,
– паведаміла Людміла Бажок.
Судзьдзя па адміністрацыйных справах спадарыня Тройніч (кабінэт якой,
між іншым, знаходзіцца ў міліцэйскім будынку) пачала разгляд адміністрацыйных
справаў са справы намесьніка старшыні менскай гарадзкой арганізацыі АГП
Ўладзімера Раманоўскага. Ён абвінавачваецца паводле артыкулу 167 часткі
2 Адміністрацыйнага кодэксу ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету.
Уладзімер Раманоўскі заявіў хадайніцтва пра ўдзел у судовым працэсе
грамадзкага прадстаўніка і адваката, пры гэтым ён заўважыў, што і астатнія
ўдзельнікі пікету, на якіх склалі пратаколы, таксама будуць заяўляць аналягічныя
хадайніцтвы.
Судзьдзя Тройніч у сувязі з гэтым перанесла разгляд справаў на 27 ліпеня.
На пытаньне: “Чаму людзі прыйшлі без абаронцаў?” адказвае Людміла Бажок:
(Бажок: ) “Мы нічога не пасьпелі зрабіць – ні адвакатаў азнаёміць… Таму
сёньня перанесана на 27 ліпеня.”
Сёньня у Маскоўскім судзе Менску сябраў АГП чакала яшчэ адная навіна.
Судзьдзя Гусакова дала адмоўны адказ на заяву сябраў АГП узбудзіць грамадзянскую
справу супраць Менскага гарадзкога выканкаму. У сваёй заяве яны спасылаліся
на тую абставіну, што Менскі гарадзкі выканкам увесь час або забараняе
праводзіць пікет, або месца пікетаваньня пераносіць на пляцоўку для выгулу
сабак у парк ля пляцу Бангалор.
У сваім адказе судзьдзя Гусакова спаслалася на артыкул 8 Закону Рэспублікі
Беларусь “Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях”,
у адпаведнасьці зь якім рашэньне кіраўніка мясцовага выканаўчага воргану
ці яго намесьніка пра забарону акцыі можа быць абскарджана ў суд. А, паколькі
ў заяве сябраў АГП ідзе размова ў асноўным пра перанос месца пікетаваньня,
а не пра забарону самой акцыі, дык на гэтай падставе ў разглядзе зыску
адмоўлена.
Судзьдзя нават не зьвярнула ўвагі на тую акалічнасьць, на якую спасылаліся
сябры АГП, што перанос акцыі ў бязьлюднае месца супярэчыць вызначэньню
пікета як публічнай акцыі і таму, па-сутнасьці, азначае ягоную забарону.
Юрыст Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Яўген Лабановіч распавёў для “Радыё
Свабода” пра меркаваныя дзеяньні ў сувязі з судовым рашэньнем:
(Лабановіч: ) “Мы лічым гэтае рашэньне незаконным, і будзем абскарджваць
яго ў Менскім гарадзкім судзе. У нас для гэтага ёсьць 10 дзён. Зараз мы
рыхтуем скаргу, і яна будзе пададзеная на пачатку наступнага тыдня.”
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1