Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавыя канфэрэнцыі Лукашэнкі. Тэатар аднаго актора?

абноўлена

Прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі — гэта тэатар аднаго ці некалькіх актораў? Монаспэктакль, м'юзыкал ці тэлешоў? Калі кіраўнік краіны прагаворваецца? Ці гаворыць ён нешта новае? Ці магчымая роўная дыскусія паміж Лукашэнкам і журналістам? Як ня трапіць пад энэргетычную аўру? Ці варта незалежным мэдыям штогод дэталёва асьвятляць і камэнтаваць шматгадзінныя прэсавыя канфэрэнцыі кіраўніка Беларусі? ‎

Гэта ды іншае ў «Свабодзе бяз гальштукаў» абмяркоўвалі Алесь Дашчынскі, Юры Дракахруст, Вячаслаў Ракіцкі і Ганна Соўсь.


Ганна Соўсь: Калі прааналізаваць папярэднія прэс-канфэрэнцыі кіраўніка дзяржавы, то сапраўды, згадваюцца не праграмныя палітычныя заявы, а нешта прыватнае, што характарызуе Аляксандра Лукашэнку як асобу. Напрыклад, менавіта на прэсавай канфэрэнцыі ўсе ўпершыню даведаліся пра трэцяга сына Міколу. Скарына ў Піцеры, вершы Быкава, крытычныя заявы пра Бабруйск і бруд у Адэсе, якія выклікалі скандал у Ізраілі, гэта таксама з прэс-канфэрэнцый. Сёлета было пра пнэўматычную вінтоўку для Колі, які марыць стаць спэцназаўцам... Леташнюю прэс-канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі запомнілі па дыялёгу з Марынай Коктыш, нядаўнюю прэс-канфэрэнцыю расейскага лідэра памятаюць па адказу журналісткі, якая назвала Пуціна Вовай ў адказ на Машу. Многія памятаюць пытаньне пра карупцыю, якім украінскі журналіст засмуціў Віктара Януковіча. Так будуць прэс-канфэрэнцыі кіраўнікоў краінаў тэатрам аднаго ці некалькіх актораў, вырашаць і журналістам.

Вячаслаў Ракіцкі: Гэтым разам я назваў бы гэта тэатральным бэнэфісам. Юбілейны бэнэфіс у тэатры ў форме капусьніка. Выходзіць на сцэну юбіляр, усе яму падыгрываюць, заля апладзіруе. Гэта, безумоўна, штогадовы рытуал гульні ў дэмакратыю — я раюся з вамі, я вас выслухоўваю, я вам адкажу... Але я ўчора назіраў крызіс жанру, гэта мы бачым з году ў год адно і тое ж тэлевізійнае шоў, адныя і тыя ж адпрацаваныя прыёмы ў галоўнага героя. Адныя і ты я ж і прыстасаваньні. Ніякіх новых калізіяў, сюжэтных паваротаў.

Алесь Дашчынскі: Я мяркую. што роўная дыскусія паміж журналістам і Аляксандрам Лукашэнкам ўсё ж магчымая, да гэтага трэба імкнуцца ва ўсякім разе, трэба толькі не здавацца. Як вынікае з прэс-канфэрэнцыі, Лукашэнка рыхтуецца да яе, ён не такі ўжо геніяльны, запрашае ў залю шэраг міністраў і памочнікаў. Мне здаецца, выйгрышна, калі нечаканае пытаньне, якое гучыць ад журналіста. Ён, відаць, чакаў, што я яму задам пытаньне пра палітвязьняў, і ён быў гатовы паўтарыць гэты штамп, які выкарыстоўвае ў адказе на гэтае пытаньне. Лукашэнка прапаноўвае дыялёг з журналістам, але робіць захады, каб адразу сьцерці ў парашок свайго суразмоўцу. Маўляў, хто тты такі, я прэзыдэнт, я ад Бога...

Юры Дракахруст: З пункту гледжаньня рамяства журналіста, Лукашэнку можна пасадзіць, задаўшы пытаньне, якое само выкліча сьмех, сьмех над Лукашэнкам. З большага, рыхтуюцца адказы на пытаньні, якіх ён чакае. З большага, ён задае канву, стыль. У яго на гэтай прэс-канфэрэнцыі была ідэя паказаць новага прэзыдэнта, шчырага прэзыдэнта, які і з ворагамі размаўляе, такое вяртаньне ў 1994 год, калі ён і з незалежнымі журналістамі размаўляў, бо яны таксама частка народу, і вас слухаю. Тое, што ён гаварыў, праз тры дні ўсе забудуць, а новы стыль можа і захавацца. хтосьці яго і запомніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG