Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Менск падобны да Нэапалю


"Экспэрымэнтальнае" сьмецьце пасярод менскіх двароў
"Экспэрымэнтальнае" сьмецьце пасярод менскіх двароў

У шэрагу менскіх мікрараёнаў, задзейнічаных у шырока разрэклямаваным дзяржаўным праекце з разьдзельным зборам сьмецьця, сыравіну на перапрацоўку не вывозяць ад мінулага году.

Тым часам за працяглыя калядна-навагоднія сьвяты ў дварах вырасьлі цэлыя горы адкідаў, якія ганяе ветрам па навакольлі. Такую карцінку звычайна паказваюць беларускія тэлеканалы, калі расказваюць пра пэрманэнтныя страйкі кіроўцаў сьмецьцявозаў у італьянскім Нэапалі.

Тыповая пасьлясьвяточная карціна ў сталічным мікрараёне Сухарава: перапоўненыя кантэйнэры з адкідамі, вакол якіх за пару тыдняў утварыліся аналягічных памераў горы сьмецьця. З аднаго боку, вялізная колькасьць шклатары, папяровых скрынак, плястыкавых пакункаў сьведчыць пра актыўнасьць грамадзянаў, якія зацікаўленыя даць другое жыцьцё адпрацаваным рэсурсам. Зь іншага боку, маруднасьць у вывазе другаснай сыравіны дае нагоду засумнявацца: ці так гэта патрэбна, як рэклямуе дзяржава?

Тым часам міжволі задзейнічаныя ў экспэрымэнце жыхары сухараўскіх дамоў пакуль яўна не ў захапленьні ад суседзтва са сьметнікам пад адкрытым небам:

«Сьмецьце не вывозяць ужо больш за два тыдні, хутка ўжо немагчыма будзе побач з гэтымі кантэйнэрамі прайсьці. Не зьдзіўлюся, што пацукі там сабе гнёзды ўжо парабілі. Ясна, што гэта не бытавыя адкіды, але, мякка кажучы, пэйзаж яно ані не ўпрыгожвае. І ўсё гэта літаральна за некалькі мэтраў ад дзіцячай пляцоўкі».

Да экспэрымэнту па разьдзельным зборы сьмецьця дзеля далейшай яго перапрацоўкі далучаныя тры менскія раёны — Фрунзэнскі, Кастрычніцкі і Маскоўскі. Арганізаванае пад гэтыя мэты сумеснае прадпрыемства «Рэмондзіс-Мінск» (нямецкая фірма REMONDIS AG & Co. KG — найбуйнейшая ў сьвеце кампанія, якая займаецца перапрацоўкай адкідаў) усталявала на згаданых тэрыторыях блізу 2,5 тысячы плястыкавых і жалезных кантэйнэраў, у якія, паводле задумы, грамадзяне мусяць выкідаць тры віды сьмецьця — шкло, паперу і плястык. Пра гэта кажуць і надпісы на ёмістасьцях.



Зрэшты, пакуль паразуменьня паміж зацікаўленымі бакамі няшмат. Нават сталічныя чыноўнікі скардзяцца на несьвядомых гараджанаў, якія ўсе адкіды звальваюць у адну кучу. У сваю чаргу, у офісе СП «Рэмондзіс-Мінск» наракаюць, што часта з-за абы-як прыпаркаваных у дварах прыватных машынаў да кантэйнэраў ня можа даехаць сьмецьцявоз. Таму і выходзіць, што даступныя ёмістасьці апаражняюцца, а іншыя мусяць чакаць наступнай спробы: спэцыяльна абсталяваныя аўтамабілі на базе шасі MAN — досыць габарытныя і патрабуюць немалой вольнай прасторы:

«Так, па некаторых адрасах, дзе застаецца нявывезенае сьмецьце, вывозіць наша прадпрыемства. Але калі доўгі час не забіраем, то, хутчэй за ўсё, немагчыма проста туды пад’ехаць. Бо рэгулярнасьць вывазу — раз на тыдзень. А раз машына ня здолела праехаць, то ўсё адкладаецца да наступнага разу».

Праваабаронца Тацяна Гацура жыве ў Сухараве, яна прапагандыстка разьдзельнага збору сьмецьця. І перакананая: палітыка ашчаднага стаўленьня да сыравіны, якую можна накіраваць у паўторны абарот, пры разумным падыходзе прынесла б дзяржаве адчувальную эканомію. Але ці дасьпелі беларусы да падобнага экспэрымэнту?

Тацяна Гацура
Тацяна Гацура
«На жаль, пасьля сьвятаў выглядала — прынамсі, у нашым пад’езьдзе — што агульная культура пакуль не на вышыні: сьмецьця было навалена шмат і вельмі часта ўперамешку. Да тых сьметніцаў, што асобна стаяць у двары, даходзілі перадусім людзі сьвядомыя. І, гледзячы па тым, як гэтыя сьметніцы хутка напаўняюцца, мяркую, што такіх сьвядомых грамадзянаў дастаткова, каб гэты экспэрымэнт можна было распаўсюджваць на іншыя раёны гораду. Вядома, немагчыма нешта пэўна адсачыць, бо трэба ведаць, як часта ўвогуле гэтыя сьметніцы прыбіраюць. Таму цяжка сказаць, за які канкрэтна тэрмін яны напаўняюцца — за дзень, за два ці за тыдзень. Але калі кожны чалавек сам правядзе ўласны экспэрымэнт, паспрабаваўшы асобна зьбіраць плястык і паперу, ён убачыць, што нічога складанага ў гэтым няма і як хутка гэтая колькасьць зьбіраецца нават з адной сям’і».

Для бальшыні цывілізаваных краінаў разьдзельны збор сьмецьця і яго ўтылізацыя — зьява звыклая і абавязковая для кожнага грамадзяніна. Тона сабранай асобна сыравіны ратуе паўтара дзясятка дрэваў, беражэ больш за 30 літраў чыстай вады, эканоміць 4100 кіляват-гадзін электраэнэргіі, захоўвае 2,5 барэля нафты.

Aле гаворка ня толькі пра эканомію дзеля эканоміі. Каб цьвёрдыя адкіды расклаліся ў прыродзе натуральным чынам, неабходныя сотні гадоў. Піўныя бляшанкі самі сабой раскладуцца за 100 гадоў, плястыкавыя бутэлькі — за 200–250, поліэтыленавыя пакеты — за 400, шкляныя бутэлькі і асобныя віды плястмасы — ня менш як за 1000 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG