Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін прэзыдэнт — адна газэта


Шыльды на Доме прэсы ў Менску, архіўнае фота
Шыльды на Доме прэсы ў Менску, архіўнае фота
Згодна з супольным рашэньнем ураду і адміністрацыі прэзыдэнта, чатыры дзяржаўныя рэспубліканскія газэты — «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Знамя юности» і «Народная газета» — ужо сёлета далучацца да «Советской Белоруссии». Рашэньне канчатковае. З утварэньнем холдынгу на базе друкаванага органа адміністрацыі прэзыдэнта для гэтых выданьняў завяршаецца гісторыя, якая налічвае не адно дзесяцігодзьдзе.

Дзяржаўная прэса ў заняпадзе ня першы год. Каб не прымусовая падпіска, банкруцтва аднастайных газэтаў з артыкуламі-блізьнюкамі стала б рэальнасьцю ўжо даўно. Валявым рашэньнем прэзыдэнцкай адміністрацыі вырашана пакінуць адзін рупар, у які ўсе апошнія гады ўкладвалася найбольш рэсурсаў — прэзыдэнцкую «Советскую Белоруссию».

Бальшыня са згаданых выданьняў, якія дажываюць апошнія месяцы, маюць багатую гісторыю. Напрыклад, моладзевая газэта «Знамя юности» сёлета адзначае 75-гадовы юбілей. Ад сярэдзіны 1980-х выданьне было рэальным увасабленьнем станоўчых пераменаў у грамадзтве, пад дахам рэдакцыі працавалі лепшыя журналісцкія кадры. Наклады, якімі выходзіла газэта, так і не пабітыя — нават пры актыўным выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Цяперашнія 30 тысяч асобнікаў, калі верыць выходным дадзеным, — гэта разоў у 30 менш, чым было чвэрць стагодзьдзя таму.

Колішні намесьнік галоўнага рэдактара «Знамёнкі» Павал Уладзіміраў катэгарычны: для яго газэта не існуе ад 1995 году:

«Тое, што цяпер здарылася з газэтай, — гэта, вядома, жалю варты фінал. Але асабіста я лічу, што з красавіка 1995 году, калі разграмілі нашу рэдакцыю, газэты „Знамя юности“ ўжо не існавала. Проста ўжо было, як я яе называў, „зю“. Таму што гэта ўжо была не газэта, а невядома што. Газэта з тых часоў, безумоўна, дэградавала канчаткова, яна ўжо не была газэтай у наўпроставым сэнсе гэтага слова, а стала проста кавалкам паперы, на якім былі намаляваныя нейкія літары, якія, як кажуць, ня мелі ніякага сэнсу ў гэтым жыцьці.
Асабіста я лічу, што з красавіка 1995 году, калі разграмілі нашу рэдакцыю, газэты „Знамя юности“ ўжо не існавала

Бо нават яшчэ на пачатку 1990-х, да прэзыдэнцкіх выбараў, калі газэта была напалову органам Савету міністраў, а напалову заснавальнікам быў калектыў рэдакцыі, дык нашы хлопцы, у тым ліку і я, вельмі часта дазвалялі сабе крытыку нашых вышэйшых уладаў. Так было нават пастаянна, бо мы тады былі вельмі яршыстымі. Зрэшты, і пры савецкай уладзе таксама. І наш галоўны рэдактар Міша Кацюшэнка прыходзіў і гаварыў — у Саўміне сказалі: калі ўжо крытыкуеце, дык хоць не абражайце. Бо бывала, кагосьці з нашых аўтараў заносіла. То бок прасілі, каб хоць неяк лягчэй. Заўваж — яны прасілі! Тое, што потым стала з гэтай газэтай — ну, дык ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Гэта ўжо абсалютна не газэта была. Як кажуць, нават не прыдатная, каб выкарыстоўваць у прыбіральні».

Яшчэ даўнейшую гісторыю мае «Белоруская нива», некалі вядомая як «Сельская газета». Галоўная газэта беларускіх аграрыяў выходзіць з 1921 году і заўсёды мела сваю мэтавую аўдыторыю. Цяпер яе наклад вагаецца ў межах 25 тысяч асобнікаў. Але, як спадзяецца галоўны рэдактар Сяргей Міховіч, хаваць газэту яшчэ рана:

«Пакуль усё нармальна, працуем, падпіска была. Няма чаго нас хаваць. У народзе як яшчэ гавораць? Паміраць зьбірайся — а жыта сей. Мы сваё жыта пасеялі, цяпер будзем чакаць сэзон ураджаю. Перакананы, што ўсё ў нас будзе і нам, як кажуць, за гэта нічога ня будзе. Таму памятайце: мы жыта пасеялі, а значыць — не прападзём».

Наступныя дзьве газэты наўпрост зьвязаныя з працэсамі дэмакратызацыі ў Беларусі падчас здабыцьця незалежнасьці. «Народная газета», якая стала органам Вярхоўнага Савету, зьявілася ў кастрычніку 1990 году і надзвычай арганічна ўлілася ў постперабудовачную эпоху. Хутка сабрала паўмільённую армію прыхільнікаў і працягвала нарошчваць абароты, пакуль не спатыкнулася аб цэнзуру ў выглядзе новаабранага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. На хвалі патрэбы ў праўдзівым слове ўзьнікла і ўрадавая «Рэспубліка». Першы нумар выйшаў улетку 1991 году. Празь яе таксама прайшлі многія вядомыя журналісты. Цяпер наклад абодвух выданьняў не перавышае 30 тысяч асобнікаў, і яны нічым не выбіваюцца з шэрагу сабе падобных.

Згадвае былы галоўны рэдактар «Народнай газеты» Мікалай Галко:
Стварэньне такога інфармацыйнага монстра наносіць сур’ёзны ўдар па журналістыцы

«Так, бачыў, што зьбіраюцца зрабіць. Безумоўна, жаль ёсьць. Зрэшты, узьнік ён даўно, хоць да гэтага апошнім часам усё быццам і ішло. Бо нават калі зірнуць, якія зараз наклады ў газэт, то гэта пра многае гаворыць. Найперш, што яны страцілі папулярнасьць, страчваюць чытача, а значыць — страчваюць свой твар. На маё перакананьне, стварэньне такога інфармацыйнага монстра наносіць сур’ёзны ўдар па журналістыцы, хоць ён, зразумела, і ня першасны, а стаіць у шэрагу іншых зьяваў. Цяпер у „Народнай газеце“ наклад недзе 30 тысяч ці нават меней, ну, і іншыя недалёка адышлі — „Рэспубліка“, „Белорусская нива“.


І крэн адпаведны: анэкдоты, парады — як лячыцца, як шпалеры наклейваць, як цыкляваць падлогу, як памідоры засольваць. У асноўным такая вось тэматыка. Ну і, вядома ж, шмат славаслоўя, халуйства. Нядаўна вычытаў, аж засьмяяўся пра сябе. Прыводзіцца цытата Косінца: маўляў, такі ўжо год будзе выдатны — мадэрнізацыя, беражлівасьць. І рэдакцыйны камэнтар: наш паўночны рэгіён неўзабаве дасьць фору датчанам ды іншым швэдам. Красамоўны прыклад».

Стварэньню холдынгу на базе «Советской Белоруссии» папярэднічала заснаваньне выдавецкага дому «Звязда», які аб’яднаў старэйшую аднайменную газэту, якая больш за 90 гадоў выдаецца на беларускай мове, і літаратурна-мастацкія выданьні. Яшчэ раней да «Звязды» была далучаная некалі таксама папулярная моладзевая газэта «Чырвоная змена».


Журналіст «Народнай газеты»: «Прафэсіяналы застануцца, непрафэсіяналы сыдуць»


Што думаюць пра аб’яднаньне дзяржаўных СМІ чытачы і самі журналісты, якія там працуюць, высьвятляла Іна Студзінская, якая сёньня наведала менскі Дом прэсы.

Дом прэсы, дзе разьмяшчаюцца рэдакцыі амаль усіх дзяржаўных выданьняў, — зона, вольная ад курэньня. Таму каля ганку моладзь звычайна курыць і абмяркоўвае свае справы. Два кіроўцы галоўных рэдактараў сумна пажартавалі, што час шукаць новую працу. Цікава, што людзі сярэдняга веку размаўляць не жадалі, а маладыя даволі ахвотна дзяліліся праблемамі:

«Любое аб’яднаньне прадугледжвае скарачэньне працоўных месцаў. Хтосьці страціць працу. Гэта праблема. Плюс — скарачэньне пэўнага апарату, які кантралюе прэсу. З пункту гледжаньня скарачэньня апарату кантралюючага — гэта добра. Праблемы і з чытачамі: хтосьці прывык чытаць пэўных аўтараў, прывык да пэўных рубрык, і яны, вядома, страцяць. Але выйдзе новы прадукт, людзі прызвычаяцца».

«Калі прынялі — значыць, камусьці гэта патрэбна. Я сам працую ў Доме прэсы і чуў пра скарачэньне на 25%».

«Чулі пра аб’яднаньне, самі працуем у адной зь іх».

Карэспандэнтка: «І якая будучыня вам сьвеціць? Начальства нешта тлумачыць?»

«Пажывём — пабачым. Аб’яднаньне — гэта працэс дастаткова доўгі, мне падаецца. Нічога дрэннага ў гэтым ня бачу. Усё залежыць ад працаздольнасьці і прафэсіяналізму. Прафэсіяналы і працаздольныя застануцца, непрафэсіяналы сыдуць, як і паўсюль адбываецца».

«Спадзяемся на лепшае. Прафэсіянал бяз працы не застанецца».

Вось такія меркаваньні выказвае маладое пакаленьне журналістаў.

Ніводная прадавачка з чатырох шапікаў «Саюздруку» не пагадзілася адказаць на пытаньне, як прадаюцца выданьні, якія зьбіраюцца рэарганізаваць, які працэнт непрададзеных газэт сьпісваецца. Усе адсылалі ў гандлёвы аддзел.

А вось што кажуць чытачы, якія выходзяць з газэтамі з крамы «Белсаюздруку»:

«Вельмі дрэнна, таму што кожная з гэтых газэт мае сваю спэцыфіку. Я незадаволены».

«Я разумею, чаму гэта робіцца. Таму што не распаўсюджваюцца газэты, на іх не падпісваюцца — цяпер ёсьць інтэрнэт».

«Ня ведаю пра гэтую навіну. Хтосьці „напілуе“ грошай. Абавязкова пацікаўлюся, дзякуй, што зьвярнулі маю ўвагу».

«У мяне быў цесьць — загадчык аддзелу ў „Звяздзе“ ў свой час. Таму я яе заўсёды чытаю. Дрэнна, што аб’ядноўваюць…»

«Адна „бацькава“ газэта павінна быць».

«Не-не-не! Газэтаў павінна быць шмат. Няхай чалавек выбірае і чытае, што хоча».

«Стратэгічна, вядома, гэта дрэнна. Таму што ў грамадзянаў Беларусі „забіваецца“ культура чытаньня. Але мяне радуе тое, што, нарэшце, паміж гэтымі лукашэнкаўскімі прапагандыстамі сварка пачнецца, якія „кроў на гэтых прапагандысцкіх барыкадах пралівалі“. Няхай іх адтуль выкінуць. Вось такія нізкія чалавечыя пачуцьці мяне перапаўняюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG