Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпардзьё зрабіў тое самае...


Сусьветны друк працягвае абмяркоўваць экстравагантны крок Жэрара Дэпардзьё, жартуючы, што, прыняўшы расейскае грамадзянства, ён уцёк з дарагой дэмакратыі ў таньнейшую аўтакратыю. Цюменскі тэатар тым часам вырашыў прапанаваць францускаму актору працу.

Наданьне Жэрару Дэпардзьё расейскага грамадзянства выглядае як пасьмейваньне Ўладзімера Пуціна з францускага кіраўніцтва, піша Le Monde. На думку аўтара газэты, гэта дае падставы гаварыць, што Пуцін пераходзіць да «баярскіх мэтадаў» і хоча «вярнуцца ў дагарбачоўскую эпоху».

Спробу паглядзець шырэй на новы расейскі пашпарт славутага француза прапануе Ўладзімер Нікіцін у The New York Times. Рэагуючы на зьдзеклівыя камэнтары адносна гэтага кроку, аўтар заўважае, што чамусьці ніхто і вокам не міргнуў, калі ў сьнежні парыскія фінансісты масава перасеклі Ля-Манш разам са сваімі сем’ямі і банкаўскімі рахункамі. Уцёкшы ад бязладнай і дарагой дэмакратыі ў больш танную і простую аўтакратыю, Дэпардзьё зрабіў тое самае, што робяць тысячы заходніх карпарацый, калі пераводзяць свае прадпрыемствы ў Кітай, а кіраваньне імі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Францускі актор, акрамя таго, будзе мець выгаду з двайных стандартаў у Расеі, што існуюць для эліты: для пачатку ён імгненна атрымаў грамадзянства паводле прэзыдэнцкага ўказу, у той час як простыя людзі чакаюць гэтага гадамі.

Нікіцін таксама цытуе пасажы з кнігі філёзафа Майкла Сэндэла «Чаго нельга купіць за грошы». Сэндэл піша, што цяпер лёгіка куплі-продажу прымяняецца ня толькі да матэрыяльных тавараў, яна ўсё больш кіруе ўсім жыцьцём чалавека. Так што хутчэй рынкі, а не чалавечая хцівасьць і ненасытнае пуза Дэпардзьё перайшлі ўсе межы, іранічна падагульняе аўтар артыкулу.

Тым часам Цюменскі вялікі драматычны тэатар вырашыў афіцыйна запрасіць Дэпардзьё на працу ў сваю трупу. «Пакуль мы ня ведаем адрасу, па якім наша запрашэньне дайшло б да вялікага француза, але мы разьмесьцім яго ў інтэрнэце», — сказаў ІТАР-ТАСС дырэктар тэатру Сяргей Осінцаў. Дэпардзьё запрашаюць на працу ад сакавіка з акладам 16 тысяч расейскіх рублёў плюс мясцовыя каэфіцыенты. Кіраўніцтва цюменскага тэатру спадзяецца, што актору, які ўвасобіў Грыгор’я Распуціна, будзе цікава пабываць на яго радзіме, наведаць дом, дзе той жыў, і пасядзець у легендарным крэсьле, якое «дае мужчынам асаблівую сілу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG