Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На безыменнай вышыні


Зь сьвятога Сымона Стоўпніка за апошнюю тысячу гадоў дастаткова пазьдзекаваліся розныя бязбожнікі. Асабліва ў апошняе стагодзьдзе. Люіс Бунюэль зьняў яго са слупа і выправіў па начных клюбах. Ільф і Пятроў зрабілі на яго пародыю ў вобразе айца Фёдара, які палез на гару, каб зьесьці скрадзеную ў Вараб'янінава каўбасу, ды так і застаўся на вяршыні, бо ня здолеў спусьціцца па стромым схіле —
і гутарыў там, у вышынях, з арламі і царыцай Тамарай (Іпаліта Стоўпніка неўзабаве зьнялі пажарныя). Аўтары ўсялякіх гнюсных «вясёлых эвангельляў» спрабавалі паказаць яго звычайным шызафрэнікам. Мала хто, нават сярод вернікаў, ацаніў паэзію гэтага самотнага подзьвігу... З заблукалым Сымонам Стоўпнікам выклікае асацыяцыі безыменны рабочы на будоўлі нью-ёркскага хмарачоса, засьпеты фатографам падчас перакуру — як на знакамітых здымках Льюіса Хайна. Бязбожны Ленін на менскай плошчы, які стаіць на сваім слупе ўжо 80 гадоў і не зьбіраецца злазіць. А мне пры думках пра сьвятога Сымона Стоўпніка ўяўляецца чалавек, які захрас у ліфце шматпавярховага дома. Вось ён сядзіць там, самотны, на вузкім лапіку цьвёрдай паверхні, паміж небам і зямлёй. Пра што ён думае, ужо гадзіну мэлянхалічна націскаючы кнопку «Аварыйны выклік»? З кім так бязгучна размаўляе? Дзе ён, хто ён — адзін у сьмярдзючай кабіне? Але вось лямпа загараецца, ліфт спускаецца долу. Чалавек выходзіць з дому — і не пазнае сваёй вуліцы. Дык і як ты яе пазнаеш, менскі Рып ван Вінкль? За паўстагодзьдзя тут штосьці ды зьмянілася.

Лезь ты ўжо лепей назад.

Сымон — мой улюбёны сьвяты, ягоная гісторыя заўжды ўражвала мяне ўтрапёным нонканфармізмам галоўнага героя. Гэта сьвяты, якога фактычна кананізавалі за ягоную гордасьць. Так, так: у свой час пабожнага аскета Сымона нават прагналі з манастыра за тую самую празьмерную добрасумленнасьць: замест таго, каб бавіць дні ў малітвах і працы, як усе астатнія нармальныя мніхі,
Калі б Сымон жыў цяпер, яму, напэўна, вельмі спадабаўся б помнік на плошчы Перамогі.

Сымон бяз продыху катаваў сябе, абвязаўшыся вяроўкай так, што кроў сачылася са скуры. Мне мроіцца ягоны высалаплены язык і зубы, што бялеюць у змроку кельлі, усё яшчэ моцныя зубы, якімі ён упарта спрабуе завязаць аслаблую вяроўку на марскі вузел... Бедная чалавечая плоць, якая ўжо рыхтавалася да перамогі над духам і іншых прыемных рэчаў, вельмі пакутуе і пачуваецца пакрыўджанай. Не для гэтага яе стваралі. Празь дзесяць дзён раны Сымона пачынаюць гнаіцца, у іх заводзяцца чарвякі. Браты-мніхі скардзяцца, што ад Сымона сьмярдзіць, як ад мёртвага асла, а чарвякі сыплюцца зь яго, быццам перхаць, і распаўзаюцца па ўсім кляштары. А Сымон толькі ўсьміхаецца ў бараду; часам ён гаворыць, але не з братамі, а з чарвякамі: «Ежце, што вам Бог паслаў». То бок, жадае ім смачна есьці. Ветлівы быў чалавек.

Ня дзіва, што Сымона пры жыцьці ня надта любілі. Сорамна было побач з такім героем. Пакуль ён не залез на васьмімэтровы слуп і ня стаў жыць на ім. Такі сабе
прыватны варыянт Бабілёнскай вежы, за які ніхто так і не паплаціўся, апрача хіба што Сымонавай плоці. Калі гэта ня ўчынак гордага чалавека і не прамы выклік богу, то што? Чарвякі падалі са слупа і разьбіваліся насьмерць. Смурод зносіўся ўдалеч залётным палестынскім ветрам. Апынуўшыся там, наверсе, Сымон перастаў быць праблемай. Тады ўжо, пазбавіўшыся нарэшце ад Сымона і паказваючы яго зьнізу старажытнарымскім турыстам, людзі задумаліся. Сонца высушыла раны, дух пачаў загадваць целу. А што, калі гэта — вычын, якога ня ведаў сьвет? А зусім ня тое, што ўсе спачатку падумалі... Так у Сымона зьявіліся пасьлядоўнікі. Некаторыя, праўда, ладзілі сабе слупы не ўгару, а ў глыбіню — пэўне, проста цярпелі ад акрафобіі.

Калі б Сымон жыў цяпер, яму, напэўна, вельмі спадабаўся б помнік на плошчы Перамогі: ён любіў гэткія вузкія і ўзьнесеныя ў вышыню збудаваньні, на вяршыні якіх так карысна для душы і цела сядзець год за годам і нястомна ўзносіць Усявышняму розныя модлы, якія, дарэчы, Сымон ведаў усе на памяць і заўжды чытаў без паперкі — ня тое што цяперашнія сьвятыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG