Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек году» паводле Анціпенкі, Ліпковіча, Шалкевіча


Працягваем апытаньне Свабоды. Каго бачаць у шэрагу самых годных асобаў 2012 году іншыя вядомыя беларусы?

Апытаныя цягам папярэдняга тыдня вядомыя ў Беларусі асобы ў якасьці годных званьня «чалавека году» пералічвалі прадстаўнікоў самых розных сфэраў: гэта палітвязьні Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч і Алесь Бяляцкі, бізнэсовец Аркадзь Допкін, журналістка Сьвятлана Калінкіна, музыка Сяргей Міхалок, культуроляг Тацьцяна Матафонава, футбольны трэнэр Віктар Ганчарэнка і г.д. У гэтым шэрагу і тыя, хто дачасна адышоў з жыцьця — мастак Сяргей Цімохаў і лекар Генадзь Мураўёў.

Хто яшчэ варты быць «Чалавека году»? Свой варыянт агучвае кіраўнік Беларускага калегіюму, філёзаф Алесь Анціпенка:

Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка
«Тры прозьвішчы адразу прыйшлі ў галаву. Як на маё разуменьне, дык самыя годныя людзі 2012 году — гэта рэдактар часопісу „Arche“ Валерка Булгакаў, палітык і вязень Мікола Статкевіч, а таксама галоўны трэнэр футбольнай каманды БАТЭ Віктар Ганчарэнка.

Калі крыху падрабязьней, то, думаю, праз тую справу, якую распачалі супраць Валеркі Булгакава, сталася відавочным, што гэты чалавек надзвычай шмат зрабіў у галіне кнігавыданьня ды падрыхтоўкі самых розных тэкстаў — найперш, перакладных. Што тычыцца Міколы Статкевіча, то гэты чалавек, безумоўна, перадусім уражвае сваёй мужнасьцю і стойкасьцю. Нарэшце, калі гаварыць пра Віктара Ганчарэнку, то гэта, без перабольшаньня, адна з галоўных сэнсацый у эўрапейскім футболе. Я маю на ўвазе сёлетнія перамогі ў Лізе чэмпіёнаў над нямецкай „Баварыяй“ і французскім „Лілем“ і заваяванае права выступаць па вясьне ў Лізе Эўропы».

Вядомы блогер Яўген Ліпковіч сам быў адзначаны сярод вартых называцца чалавекам году — найперш, за праяўленую безкампраміснасьць у супраціве сыстэме. А каго ён сам лічыць найбольш годным такога званьня?

Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч
«Часопіс „Time“ калісьці зрабіў „Чалавекам году“ кампутар, вынесшы яго на вокладку. Быў такі прэцэдэнт. Для мяне „Чалавекам году“ ў беларускай сытуацыі — гэта абагулены вобраз плюшавага швэдзкага мядзьведзя, гэта калі браць па той жа аналёгіі з часопісам „Time “. Звычайна „Чалавекам году“ абіраюць асобу, якая зьдзейсьніла нейкі прарыў, нейкі ўчынак. Дык вось плюшавы швэдзкі мядзьведзь учыніў прарыў нашай нібыта „непрабівальнай“ супрацьпаветранай абароны. Ён зьдзейсьніў прарыў і паказаў, што намі кіруюць зусім не багі, а людзі. І нават не зусім разумныя. То бок, асабіста для мяне „Чалавек году“ — ён вось такі.

Што тычыцца падзеі году, то галоўным паказьнікам для мяне стала тое, што Юрый Зісер ня можа адэкватна весьці дыскусіі, таму баніць сваіх апанэнтаў. Гэта падзея ў ІТ-сфэры. То бок, чалавек, які нібыта дэкляруе адкрытасьць інтэрнэт-прасторы і г.д., на справе дэманструе зусім іншае. Падзея хоць і лякальная, але вельмі шмат значыць для таго, каб зразумець, як у нас выбудаваныя нашы эліты, што яны гавораць і што насамрэч робяць. Усё астатняе — зьяўленьне „дрэваапрацоўчых войскаў“ і г.д. — гэта праявы збольшага дурасьці. А вось тут вельмі паказальная тонкасьць, якая падае іншы бок „адкрытасьці“, на якой спрабуюць зарабляць грошы і, разам з тым, паказваюць усю непрымальнасьць таго, што адбываецца навокал».

Папулярны бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч гэтаксама згадвае пра «швэдзкі дэсант», але ў іншым кантэксьце: што і каго ў выніку дзёрзкага ўчынку швэдаў Беларусь страціла? Сапраўднай стратай году, на яго думку, можна лічыць фактычнае выгнаньне амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана:

Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч
«Для мяне падзеяй усё ж не сам швэдзкі дэсант, а тое, што ў выніку мы страцілі Стэфана Эрыксана. Вось гэта насамрэч самая непрыемная падзея, бо Эрыксан сапраўды быў вельмі адметнай фігурай на дыпляматычным небасхіле. Стэфан вельмі шмат рабіў для Беларусі, у яго была вялікая колькасьць праектаў. Ён быў вельмі па-добраму настроеным да Беларусі чалавекам. Прычым, абсалютна да ўсіх быў настроены па-добраму. І тое, што мы яго згубілі ў выніку, як вам сказаць... Ведаеце, нашы людзі вельмі хітрыя, яны ўвесь час жывуць у часах Каліноўскага, калі паны былі адукаваныя, а халопы былі дурныя, і вось паны павінны былі за халопаў галовы складаць.

Нешта падобнае і тут. Я ня ведаю, ці гэта чыясьці падстава, ці нешта іншае. Але мне вельмі шкада Стэфана. Таму што ён, яшчэ раз паўтару, вельмі многа рабіў дзеля ўмацаваньня сувязяў паміж Беларусьсю і Швэцыяй, і многае яшчэ мог бы зрабіць. І тое, што яго няма зараз, — ну, паглядзіце, шэранька ўсё неяк. Па-сутнасьці, усё стала так, як належыць быць. А ўсё з-за таго, што многія нашы людзі любяць заграбаць жар чужымі рукамі. Мне проста шчыра шкада, што Стэфана ў нас больш няма. Гэта страта году, самая вялікая, канечне, страта. Непрыемнае здарэньне і страта году».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG