Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таварыш Мэнсан» не апраўдаў давер таварыша Чаргінца


Адзіны канцэрт у Менску даў эпатажны амэрыканскі сьпявак Мэрлін Мэнсан. І хоць гук у Палацы спорту мала адпавядаў нават мінімальным стандартам, а само шоў атрымалася досыць сьціплым, выканаўца традыцыйна пакінуў нагоду для абмеркаваньняў. У прыватнасьці, гледачы гадаюць: так супала ці Мэнсан адмыслова нанёс на твар баявую расфарбоўку ў колер бел-чырвона-белага сьцягу?

Выступ Мэрліна Мэнсана выклікаў нежартоўны ажыятаж у беларускай публікі. Найперш, яшчэ задоўга да пачатку канцэрту лідэр каманды Браян Х’ю Ўорнэрн недвухсэнсоўна заяўляў, што заўсёды хацеў «выступіць у пекле», з чаго ягоныя прыхільнікі зрабілі выснову: Беларусь — самае адпаведнае для гэтага месца. Па-другое, 21 сьнежня мусіў здарыцца шырока разрэклямаваны «канец сьвету», і зьнікнуць у вечнасьці пад акорды амэрыканскіх рокераў зь іх магільнымі тэмамі — варыянт амаль ідэальны.

Аднак чаканьні нечага звышнатуральнага ня спраўдзіліся. Побытавыя праблемы для публікі пачаліся яшчэ да пачатку мерапрыемства. Роўна а 20-й гадзіне, калі канцэрт мусіў быў пачацца, на подступах да менскага Палацу спорту стаяла вялізная чарга з ахвотных трапіць на шоў. Пільны асабовы дагляд, учынены міліцыянтамі, зацягнуўся хвілінаў на 40. Такая ж праблема ўзьнікла ўнутры будынку — каб здаць рэчы ў гардэроб, трэба было выстаяць яшчэ паўгадзіны. А тых, хто прышоў з габарытнымі рэчамі, разварочвалі на вуліцу, дзе багаж трэба было здаць у пераабсталяваны пад камэру захоўваньня аўтобус.

Сам выступ пачаўся без усялякай уверцюры — амаль праз гадзіну пасьля азначанага часу Мэнсан выйшаў на сцэну і наступныя 60 хвілінаў качаўся па пляцоўцы, не асабліва пераймаючыся тым, каб трапляць у патрэбныя ноты. Пры гэтым гук з дынамікаў быў больш падобны да мона, чым да стэрэа. Наведнікі, якія заплацілі па 100 даляраў за квіток, наракалі, што якасьць мала адпавядае цэньніку:

«Для такога вялікага памяшканьня гук, канечне, абы-што. Магчыма, калі абмежавацца толькі танцавальнай падлогай, дык яшчэ нічога. Але на „галёрцы“ — суцэльнае рэха. Як на маё меркаваньне, дык кошты не зусім адпавядаюць забясьпечанай якасьці. Прынамсі на трыбунах гуку ўвогуле ніякага не адчуваецца».

Карэспандэнт: «А як само шоў?»

«Шоў „грандыёзнае“, але таксама ў двухкосьсі…».

Сцэнічны фон канцэрту ўжо традыцыйна быў аформлены пад могілкі, на якіх гаспадарнічаў 44-гадовы Мэнсан, ён жа Браян Х’ю Ўорнэрн. Раз-пораз сьпявак зьмяняў «прыкіды», але пры гэтым нязьменнай заставалася «баявая расфарбоўка» — традыцыйна выбелены твар сьпевака гэтым разам быў перакрэсьлены па гарызанталі чырвонай паласой. Складвалася ўражаньне, што такім чынам выканаўца выказаў сваю павагу да гаспадароў, упрыгожыўшы сябе бел-чырвона-белым сьцягам.

Праўда, высьветліць сапраўдныя матывы колеравай гамы не ўдалося — канцэрт скончыўся гэтак жа зьнянацку, як і пачаўся. Чаканьні выхаду «на біс» аказаліся марнымі. Народ такой хуткацечнасьці шчыра зьдзіўляўся:

«Я крыху спазьніўся: канцэрт роўна а восьмай пачаўся?».

«Ды не, амаль а дзявятай…».

«Пачакайце, гэта ўсяго толькі гадзіну канцэрт працягваўся?».

«Так, халтуршчыкі поўныя».

«А чаго ты хацеў — так мала заплаціў?».

" Яны, мабыць, проста разьлічвалі, што канец сьвету будзе, дык увогуле выступаць не давядзецца…«.

Тым часам публіцы, якая сабралася ў Палацы спорту, не давалі расслабляцца байцы спэцназу. Несанкцыянаваныя танцы ў праходах паміж шэрагамі крэслаў неадкладна спыняліся. Прычым, з элемэнтамі рукапрыкладзтва:

Глядач: «Яны хоць самі разумеюць, які канцэрт „абслугоўваюць“? Гэта ж не філярмонія, дзе ўсе мусяць ціха сядзець, каб не перашкодзіць артысту! Ён мне некалькі разоў паўтарыў: я цябе проста выганю, калі ты не супакоішся. Я яшчэ пацікавіўся — іншых таксама выганяць будзеш? Са словамі „я знайду на вас управу“ сышоў. Каму я перашкаджаў — не валяўся, не катаўся па падлозе? Маразм нейкі».

Супраць канцэрту Мэрліна Мэнсана рашуча выступаў старшыня грамадзкай Рады па маральнасьці Мікалай Чаргінец. Былы міліцэйскі генэрал запэўніваў, што «таварышу Мэнсану» будзе даведзена пра закон аб адказнасьці за такія рэчы, якія ён звычайна вырабляе на сцэне, і ён гэта павінен улічыць падчас канцэрту. Невядома, ці моцна прыслухаўся да падобных патрабаваньняў «таварыш Мэнсан», але распусты ў яго выкананьні менская публіка ня ўбачыла. Іншая справа, як расцэніць чаргінцоўская рада бел-чырвона-белую афарбоўку эпатажнага амэрыканца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG