Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыць, не спадзеючыся на бязглуздую дзяржаву…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Як выжыць, калі заробку альбо пэнсіі не хапае на самае неабходнае? Месяц таму, 21 лістапада, у аглядзе пошты прагучаў ліст Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна. Як і ў многіх іншых вясковых жыхароў сталага веку, пэнсія ў спадара Паўла зусім невялікая — калі б ён разьлічваў толькі на яе, то наўрад ці выжыў бы. Але Павал Сац даўно ўжо ня надта спадзяецца на дзяржаву, а больш разьлічвае на ўласныя сілы. Сее грэчку, сачавіцу. На агародзе ў яго нядрэнна ўрадзілі буракі і капуста. Свае морква, цыбуля, часнок. Нядобразычліўцы крывяцца: «апазыцыянэр» Сац не прападзе, голад яму не пагражае…

Мяркуючы па пошце Свабоды, у Паўла Саца шмат аднадумцаў. Адзін зь іх — наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Разважаючы пра агародніцкія посьпехі спадара Паўла, слухач піша:

«І жыве Павал Сац, і будзе жыць, ня надта спадзеючыся на бязглуздую дзяржаву і на сваю невялікую, відаць, пэнсію. Вось такіх людзей я паважаю, з такімі я — аднаго поля ягада. Каб сярэднія сталічныя пэнсіянэры даведаліся, колькі ў нас з жонкай і яе 86-гадовай маці (якая жыве з намі) выдаткоўваецца на харчаваньне на траіх, асабліва ўлетку і восеньню, яны не паверылі б. Сказалі б, што за такія грошы нават памерці немагчыма, ня тое што жыць.

А вось Павал Сац паверыў бы. І будзьце пэўныя — харчуемся мы куды лепш, чым сярэдні сталічны пэнсіянэр.

Каб ня быць галаслоўным, дасылаю вам некалькі здымкаў, на якіх — тое, чым шчодра нас адорваюць навакольныя лясы, балоты і наш гарод.
Дарункі лесу, саду ды гароду
Дарункі лесу, саду ды гароду

Калі дакладней, то невялікая частка гэтых дароў. Трэба ўлічыць, што на здымках няма, напрыклад, дзясяткаў відаў лекавых расьлін, якія мы нарыхтоўваем як на сваім лецішчы, так і на навакольных лугах, балотах і ў лясох. Такія самыя травы, пупышкі, сушаныя ягады і карэньні, толькі намнога менш якасныя, у нашых аптэках каштуюць немалых грошай.

Нямала ў нас зёлак, якія мы выкарыстоўваем для гарбаты і якія, як я лічу, нічым ня горшыя за ўсякія там індыйскія ды кітайскія «чаі», безь якіх беларусы жылі тысячагодзьдзі. Успомніце, што як беларускае слова «гарбата», так і польскае «herbata», так і падобныя ў іншых мовах, паходзяць ад лацінскага «herba», што значыць — трава (адсюль жа і гербарый). Ну, у мяне ёсьць гэтыя падсмаленыя «індыйскія прысмакі»: для «глямурных» гасьцей і правінцыйнага «бамонду» трымаю — хай цешацца. Сам я іх няшмат ўжываю.

Няма на гэтых здымках, напрыклад, і рыбы, якая ў нас на стале заўсёды самая сьвежая і не пераводзіцца круглы год. Я лаўлю яе на нашым возеры вудамі, сьпінінгам і жэрліцамі; возера месьціцца за 70 мэтраў ад майго лецішча.

Шмат чаго няма на гэтых здымках.

Калі дазволіце, адна заўвага ў сувязі з гэтымі фота. Мяркую, чытачам «Паштовай скрынкі 111» было б цікава ня толькі пачытаць лісты, але і паглядзець фотаздымкі. «Падарожжы Свабоды», напрыклад, суправаджаюцца здымкамі. Канечне, я не магу нешта раіць, ня ведаючы ўсіх акалічнасьцяў: можа, на сайце аб’ём для «Паштовай скрынкі» абмежаваны, можа, фотаздымкаў ніхто не дасылае. Во, раблю, так бы мовіць, пачын — дасылаю разам зь лістом фота таго, пра што паведамляю ў лісьце».

Выдатная ідэя, спадар Кастусь. Тыя нашы слухачы, якія, пачуўшы гэты ліст у эфіры, здолеюць знайсьці перадачу на сайце, убачаць і сабраныя Вамі ва ўшацкіх лясох крамяныя баравічкі, і падобныя на агністыя каралі балотныя журавіны, і вырашчаныя Вамі ўласнаручна апэтытныя памідоры, бульбу, цыбулю, гарбузы, і клапатліва нарыхтаваную для накіраваньня ў кладоўку батарэю слоікаў з хатнімі кансэрвамі — усё, што ёсьць прадметам заслужанага гонару для любога гаспадарлівага чалавека і робіць яго ў значнай ступені незалежным ад ласкі дзяржавы і розных нечаканых паваротаў эканамічнай палітыкі непрадказальных уладаў.

На жаль, спадар Кастусь, сярод Вашых равесьнікаў у Беларусі ня надта шмат тых, хто авалодаў кампутарам ды інтэрнэтам і самастойна здольны дасылаць фотаздымкі электроннай поштай. Тым ня менш, спадзяюся, што Вашымі сьлядамі пойдуць і іншыя нашы слухачы, калі пераканаюцца, наколькі больш яркімі, доказнымі робяцца лісты, праілюстраваныя фотаздымкамі.

✉ ✉ ✉

Наша слухачка Ганна Шэрснман зь Вялейкі свой кароткі ліст на Свабоду напісала пасьля таго, як сутыкнулася з працай мясцовых адвакатаў. Спадарыня Ганна піша:

«Дзякуй, што не абдзяляеце ўвагай людзей, якія зьвяртаюцца па параду ці проста імкнуцца распавесьці пра набалелае. Я сама, пакуль не сутыкнулася з нашымі так званымі „праваахоўнымі органамі“ — ня ведала, наколькі гэта гнілое балота. Даводзіцца зьвяртацца па дапамогу да адвакатаў. Але і тут усё зусім ня проста. Слухаю перадачы Свабоды. Уражаньне такое, што сярод адвакатаў шмат разумных, сумленных, прыстойных людзей. І чалавечую бяду яны імкнуцца зразумець, і працаваць пагаджаюцца за разумныя грошы….Але дзе такія адмыслоўцы ў рэчаіснасьці? Калі мы зьвярнуліся па дапамогу да аднаго нашага адваката, дык ён за свае паслугі загнуў такую суму, што хоць дом прадавай, каб зь ім разьлічыцца. Пасьля гэтага ў ніякіх добранькіх і сардэчных з гэтай сыстэмы ня веру. Хаця і раней вялікага даверу да іх не было. Шкада, што пра такую праблему вы ў перадачах Свабоды не распавядаеце».

Паслугі адвакатаў, спадарыня Ганна, сапраўды, нятанныя. Але сярод гэтых адмыслоўцаў (як, зрэшты, і сярод любых іншых) — розныя людзі. Адзін гатовы адабраць у кліента апошняе, а другі, спачуваючы небагатаму чалавеку, што трапіў у бяду, увогуле адмаўляецца ад любой платы і працуе за «дзякуй»…

✉ ✉ ✉

У аглядзе пошты 5 сьнежня прагучаў ліст Андрэя Ката зь Менску, які лічыць, што ніякай моўнай праблемы ў Беларусі не існуе. Маўляў, «дыскусіі, якія вядуцца вакол моў, нічога карыснага не прыносяць. Больш шырокае прымяненьне беларускай мовы не палепшыць работу эканомікі і не падвысіць дабрабыт. А моўная праблема штучна ствараецца ды існуе толькі ў сьвядомасьці нейкай часткі насельніцтва». На гэты допіс адклікнуўся іншы наш слухач — Валеры Грыцук зь Менску. Ён піша:

«Дзякуй Вам, спадар Валянцін, за разумныя развагі. Вы зрабілі добры камэнтар да ліста лукашыста. Зьвярну ўвагу на тое, што зусім нядаўна адзінага беларускамоўнага міністра дыктатар выслаў зь Беларусі.

Так склалася, што я, як абаронца правоў чалавека, вымушаны змагацца супраць дыскрымінацыі беларусаў, у тым ліку і за права карыстаньня беларускай мовай. Вось таму і дасылаю гэты ліст.

Хачу падтрымаць ваш камэнтар фактамі з жыцьця Эўразьвязу.

Вось многія насельнікі Беларусі (у тым ліку і мой брат з Кобрыня) любяць гаварыць: „Трэба жыць як усе“. Але пад „усе“ найчасьцей разумеюць суседзяў па працы, вуліцы, гораду.. Уся краіна — то далёка не заўсёды. Я ім прапаную пашырыць гэтае „як усе“ на краіны Эўропы. А таму даю прыклады, зьвязаныя з мовай.

Дык вось — возьмем Славакію. За карыстанньне неславацкай мовай у публічным месцы там — штраф!

Далей — Нямеччына. Фэдэральны суд вырашыў прымусіць грамадзянку (якой 61 год), вывучыць нямецкую мову. Яна прыехала ў Нямеччыну 30 гадоў таму з Турцыі.

Францыя. У дзяржаўных дакумэнтах запісана. „Француская мова зьяўляецца часткай падмурку нацыянальнага адзінства. Веданьне францускай мовы жыцьцёва неабходна для пасьпяховай інтэграцыі“.

За выкарыстаньне нефранцузскіх словаў у СМІ можа быць накладзены штраф.

Англія. Тут дзяржава можа даваць грошы ісламскім тэрарыстам (вядомы нядаўні прыклад), але веданьне ангельскай мовы абавязковае для ўсіх без выключэньня.

ЗША. Вядома, што ёсьць некалькі штатаў, дзе каля 90% насельніцтва карыстаюцца гішпанскай мовай, але веданьне ангельскай — абавязковае.

Расея. Два гады таму жонка тагачаснага прэзыдэнта Мядзьведзева сказала тое, што ў галовах мужа, Пуціна ды іншых „крамлёўскіх“: „Там где русский язык — там территория России“ .

Бадай, дастаткова прыкладаў для разумных людзей».

Так, спадар Валер, нацыянальная мова для такіх краін, як Беларусь — адзін з найважнейшых чыньнікаў у справе адстойваньня свайго сувэрэнітэту, незалежнасьці. Не будзе нацыянальнай адметнасьці, зьнікне сьвядомасьць беларусаў як нацыі — што будзе аб’ядноўваць і згуртоўваць народ? Што ўсьцеражэ яго ад размываньня і растварэньня ў безаблічнай расейскамоўнай стыхіі?

✉ ✉ ✉
На гэту ж тэму выказваецца ў сваім лісьце на Свабоду Пятро Лубоўскі зь Менску, які таксама пачуў у эфіры ліст Андрэя Ката і быў абураны ягонай пазыцыяй. Спадар Пятро піша:

«Хачу падзякаваць Валянціну Жданко за годны адказ абаронцу татальнай русыфікацыі ў Беларусі Кату. Хацелася б, каб у новым годзе Свабода надавала моўнай тэме болей увагі, бо, як слушна заўважыў спадар Жданко, бяз мовы ня будзе ніякай незалежнасьці. А ўрэшце і ад самой Беларусі можа застацца адна толькі геаграфічная назва. Праблема гэта зусім не такая бяскрыўдная, як многім здаецца. Таму хацелася б, каб пра яе выказваліся самыя аўтарытэтныя асобы. Напрыклад, было б цікава паслухаць па Свабодзе Ніла Гілевіча. Гэта вельмі мудры, разумны чалавек. Але, на жаль, ужо немалады, і трэба сьпяшацца, каб пачуць ягонае важкае слова.

…Надыходзяць Каляды, Новы год. У гэтыя перадсьвяточныя дні жадаю ўсім працаўнікам Свабоды добрага здароўя, плённай працы і новых цікавых праектаў».

Дзякуй, спадар Пятро і за Вашы меркаваньні, і за слушную параду, і за добрыя словы. Віншуем і Вас, і ўсіх слухачоў Свабоды з блізкімі сьвятамі. Хочацца спадзявацца, што ў новым годзе ў вас будзе больш падстаў дзеля таго, каб дзяліцца з намі сьветлымі і радаснымі думкамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG