Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: як «Будзьма» аб культуры дыскутавала


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
28 гадоў таму, калі сьнежаньскімі вечарамі і начамі я пісаў сваё першае гарадзенскае апавяданьне, ніяк ня мог бы ўявіць, што сёньня паўстане пытаньне: а ці маю я нейкае дачыненьне да беларускай культуры? А яно паўстала, прычым – рубам.

Але аб усім па парадку. Аднойчы атрымаў па электроннай пошце цікавае запрашэньне на дыскусію аб праблемах культуры. Мелі таксама «ўдзельнічаць пісьменьнікі». Што ж, я толькі «за». Пра культуру нашу думаю і пішу, перажываю. Трэба было толькі пацьвердзіць свой удзел. Набраў указаны нумар, назваўся, сказаў, што абавязкова буду. У мяне пацікавіліся – хто я? Яшчэ раз паўтарыў прозьвішча. Запанавала паўза. Я адчуў, што зараз давядзецца тлумачыць, хто я ўласна такі? І вырашыў абгрунтаваць сваю магчымую прысутнасьць тым, што магу паўдзельнічаць у дыскусіі наконт стану культуры, мне ёсьць што сказаць! Не-не-не, нічога ня трэба гаварыць! – запярэчылі мне. Хто будзе гаварыць – ужо вызначана, а пацьвердзіць удзел неабходна толькі таму, што пасьля дыскусіі чакае фуршэт. На тым і разьвіталіся.

У кавярні, дзе мела адбыцца дыскусія, было поўна, але знаёмых твараў амаль ня ўбачыў. Як ня ўбачыў і пісьменьнікаў, якія павінны былі выступаць. Праўда, пачалося нядрэнна: са сьпеваў невялікага гурту. Сапраўды файныя песьні на словы беларускіх паэтаў. Але гэта быў толькі пачатак. Нечакана першым выступаць быў пакліканы доктар, які паведаміў, што паняцьце «культура» шукаў у інтэрнэце. Больш зь яго выступу нічога не запомнілася.

Далей доўга ўяжджаў у тэму супрацоўнік ВНУ. Ад яго прысутныя даведаліся, што студэнцкія самадзейнікі хацелі цікавей жыць і зьвярнуліся да «губэрнатара» з прапановамі, а ён узяў ды паслаў іх выступаць на раён, хаця яны ад яго не таго чакалі. Гэты ўдзельнік «дыскусіі» яшчэ запомніўся рытарычнымі пытаньнямі, на якія не знаходзіў чамусь адказаў. Асноўнае: чаму студэнтаў заганяюць на мерапрыемствы прымусам? Але як прыўкрасна было б, калі б яны хадзілі туды добраахвотна! (Хто б спрачаўся, але савецкая ўлада ня можа без прымусу, у суседняй Польшчы ніхто студэнтаў не прымушае.)

Дарэчы, чалавеку гэтаму крытычна заўважалі, што пасада «губэрнатар» існуе, напрыклад, у ЗША і Расеі, а Беларусь Расеяй пакуль не зьяўляецца. Ён пагадзіўся. Але наступны прамоўца за культуру бяз гэтага слова абысьціся ніяк ня мог, яно яму страшэнна падабалася: ах, губэрнатар-губэрнатар! Чалавек гэты з задавальненьнем паведаміў, што актыўнічаў да нядаўняга часу ў БРСМ, спачатку ў ВНУ, затым «на гарадзкім узроўні».

У мяне сьвярбеў язык сказаць, што прыехаў у горад пасьля заканчэньня журфаку ў канцы 1984-га і маю пачуцьцё дэжавю цяпер, што быццам апынуўся на тагачаснай сходцы камсамольцаў з парадкам дня «як цікавей жыць саюзнай моладзі»? Хто ж у нас тады кіраваў? Андропаў? Не, той хіба загадаў ужо доўга жыць. Значыцца, падабенства жывой муміі, наступны генсек на кароткі час. Што ж, часы сапраўды чымсьці злавесна падобныя. Але праграма не прадугледжвала незаплянаваных выступаў.

Часта ўспаміналі фэст нацкультур, які бывае ў горадзе. Але апроч радасьці нічога выказаць не маглі. У мяне зноў сьвярбеў язык: арганізатарам фэсту сьняцца сны аб шчасьлівых народах, якія праходзяць міма крамлёўскай трыбуны-маўзалею. Нічога іншага прыдумаць ня могуць. Ня кажучы, што «дружба народаў» па-гарадзенску адбываецца цяпер у сьціснутых ланцугамі амону ўмовах. Але мая разгорнутая рэпліка экспромтам ня мела шанцаў прагучаць. Бо хуценька паявіўся наступны выступоўца. Пра яго было сказана, што мае дачыненьне да тэлепраектаў накшталт «За шклом» і падобных. Я ўстаў і пакінуў памяшканьне. Якія, ня ўцяміць, адносіны маюць да культуры гэтыя «За шклом»? Пагатоў да нашай, беларускай?

За дзьвярыма можна было б забыць: абы-што. Перашкаджала адно: праводзіла мерапрыемства Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»: у рамках не абы-чаго, а кампаніі «Будзьма беларусамі!» А яны, прамоўцы, нават беларускай мовай не карысталіся, між іншым. Навошта? Хай напружваюцца іншыя, хто мае «час і натхненьне».

Наважуся таксама запярэчыць: галоўная праблема ня семкі, пра якія ўспаміналі, а што культуру ўлада падзяліла барыкадай: з аднаго боку свае, добранадзейныя, чэсныя, з другога – «нацыяналісты». Але навошта аб гэтым размаўляць, калі можна жыць у ілюзорна-бесканфліктным сьвеце на экране БТ з выдуманымі губэрнатарамі, дзе па-ранейшаму – «любоў, камсамол і вясна»?

Пісаць я нічога ня стаў. Трэба было заўтра рана ўставаць, чакала няблізкая паездка. А калі вярнуўся, знаёмы сказаў, што яму тэлефанаваў адзін з арганізатараў «дыскусіі аб культуры», так і ня ўцяміўшы – чаму я прэтэндую, каб на ёй прысутнічаць? Знаёмы зрабіў мне «алібі»: што я ў Саюзе пісьменьнікаў і ў Пэн-цэнтры, словам, права маю. Паслухаўшы яго, я ўсё ж вырашыў напісаць. Успомнілася яшчэ вось міжволі, як дваццаць гадоў таму езьдзіў на сустрэчы землякоў з блізкага і далёкага замежжа, а на першы зьезд беларусаў сьвету ў Опэрным прывёз сьвежы нумар газэты «Пагоня», якую тады рэдагаваў. Меў, словам, нейкае дачыненьне некалі… Але гэта было даўно і, атрымліваецца, няпраўда.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG