Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест таго, каб тушыць пажары, будавалі начальніку катэдж


У Сьледчым камітэце расьсьледуецца крымінальная справа былога адказнага чыноўніка МНС, які, паводле падазрэньняў, выкарыстоўваў службовае становішча, каб будаваць дом за горадам.

У Менскай абласной управе Сьледчага камітэту расьсьледуюць крымінальную справу былога начальніка аднаго з дэпартамэнтаў Міністэрства надзвычайных сытуацый. Віктара Б. падазраюць у злоўжываньні ўладай ці службовым становішчам. Паводле сьледзтва, чыноўнік, які працаваў начальнікам дэпартамэнту з 2005 па 2011 год, выкарыстоўваў падначаленых і службовы транспарт дзеля пабудовы ўласнага дома ў Смалявіцкім раёне. Страты, нанесеныя чыноўнікам, сьледчыя ацэньваюць сама менш у 9 мільёнаў рублёў.

Атрымаць камэнтар наконт справы былога супрацоўніка ў міністэрстве не ўдалося. А вось тое, што кажуць пра Віктара Б. ягоныя былыя калегі па Міністэрстве надзвычайных сытуацый.

«Па жыцьці мужык добры, нічога кепскага сказаць не магу. Неяк кантактаваў зь ім, спытаў, чым заняты, дык ён якраз казаў пра тое, што заняты тым, што цэлымі днямі будуе з сынам свой загарадны дом», — сказаў адзін з супрацоўнікаў міністэрства, які прасіў не называць ягонага імя. Другі супрацоўнік МНС таксама адгукаўся пра Віктара Б. як пра чалавека, «не заўважанага ў схільнасьці да карупцыі».

Між тым, паводле сьледзтва, «сыгналаў» пра тое, што чыноўнік прыцягвае для будоўлі ўласнага дома падначаленых і службовы транспарт, было шмат. Але справе далі «зялёны ход» пасьля таго, як гэта пацьвердзілі пэўныя асобы. Віктар Б. зараз не арыштаваны, але зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.

Паводле назіраньняў журналіста Сяргея Сацука зь «Ежедневника», такі від карупцыі робіцца ў Беларусі ўсё больш папулярным. Ён займае пяты радок пасьля крадзяжу, хабару, атрыманьня «адкатаў» і лабіраваньня інтарэсаў камэрцыйных структураў:

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук
«Браць хабар стала складана, боязна, могуць здаць. А тут загадаў падначаленым — і ўсё, выканаюць. А створаная ў нас сыстэма адзінаначальля, жорсткая вэртыкаль улады гэтаму вельмі спрыяе. Бо дзейнічае прынцып „я — начальнік, ты — дурань“. Адзін сказаў — другія пайшлі рабіць. Гэтая практыка, дарэчы, ідзе з савецкіх часоў. У тыя часы вельмі шырока ўжывалі працу падначаленых. Сам працаваў на будоўлях і магу пацьвердзіць, што гэта было ўвесь час. Прычым ня тое што начальнікі будаўнічых упраў, а нават начальнік участку, просты інжынэр здымае трох чалавек з будоўлі — і паехалі на лецішча, перакопваць ягоны гарод».

Тым часам стала вядома, што 20 сьнежня ў Менскім абласным судзе пачнецца працэс былога першага намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Васільева. Судзіць былога чыноўніка будзе судзьдзя Натальля Аляхновіч. Прэсавы сакратар суду Тацяна Цецяратнік паведаміла карэспандэнту «Свабоды»:

«Працэс адкрыты, прыходзьце. Але калі пажадаеце рабіць фота і відэа, але ён не захоча, то будзе нельга, бо парушаюцца правы абвінавачанага».

Ігара Васільева абвінавачваюць у хабарніцтве ў асабліва буйным памеры. Паводле некаторых крыніц, памер хабару — да 500 тысяч даляраў.

Чыноўніка затрымалі сёлета 6 ліпеня супрацоўнікі КДБ пры атрыманьні хабару за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю. Ігара Васільева ўтрымліваюць пад вартай.

У Вярхоўным судзе паведамілі, што дзень пачатку працэсу над былым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Яўгенам Полуднем яшчэ не прызначаны. Паводле ранейшай інфармацыі, былога міліцыянта, якога абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях, будзе судзіць вайсковая калегія. Працэс пачнецца ў студзені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG