Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрыжка ад растваральнікаў


12 сьнежня ў Маскве на пасяджэньні Савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы з удзелам прэм’ераў Беларусі і Расеі Міхаіла Мясьніковіча і Дзьмітрыя Мядзьведзева сярод іншых абмяркоўвалася пытаньне паставак нафты ў 2013 годзе.

Паводле Мядзьведзева, абмеркаваныя пытаньні дачыненьняў — «простыя і ня самыя простыя». Мясьніковіч адразу прапанаваў абмеркаваць некаторыя «праблемы ці абмежаваньні». Расейскі прэм’ер заявіў, што, маўляў, «нічога невырашальнага няма». Таксама ён прапанаваў у рамках саюзнай дзяржавы ажыцьцявіць пяць праектаў з удзелам расейскіх і беларускіх кампаніяў, «з прыватызацыяй — гэта несумненна».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў сувязі з гэтым выказвае меркаваньне, што за нафту беларускаму кіраўніцтву давядзецца расплочвацца ўласнасьцю:

«Мядзьведзеў выступае як гаваркая галава, ён агучвае інтарэсы расейскага бізнэсу і Пуціна. Першае, што можна зрабіць, — гэта прыватызацыя з дапамогай „Газпрома“. Іншая справа, што Мясьніковіч ня мае ніякага голасу ў гэтых пытаньнях. Проста камэндатура тэхнічнага дырэктара краіны. Сустрэча была даволі забаўная, бо ў аднаго не было грошай на прыватызацыю, на куплю, а другі нічога ня мог прадаць. Гаварыць на гэтую тэму яны маглі».

Падчас сёньняшняга пасяджэньня, аднак, не плянавалася падпісваць нафтавы балянс на 2013 год. Напярэдадні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яго падпішуць цягам бліжэйшых аднаго-двух тыдняў. Паводле расейскага экспэрта з Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргея Агібалава, пагадненьне яшчэ не гатовае для падпісаньня:

«Мы чакаем, што да канца году павінна адбыцца падпісаньне пагадненьня. І, вядома, у першую чаргу ў гэтым зацікаўленая менавіта Беларусь. Бо нейкая ж нафта патрэбная, каб у наступным годзе працавалі беларускія НПЗ».

У гэтым пытаньні ёсьць пэўная зразумелая лінія, каб энэргетычныя дачыненьні не ішлі на шкоду Расеі
Сяргей Агібалаў

Хто ж будзе ставіць апошнюю кропку ў гэтай нафтавай спрэчцы — Дзьмітрый Мядзьведзеў ці Ўладзімер Пуцін?

«Складана сказаць. Але ў нас у гэтым пытаньні ёсьць пэўная зразумелая лінія, каб энэргетычныя дачыненьні не ішлі на шкоду Расеі. І гэтай думкі трымаюцца абодва кіраўнікі. І тут я ня бачу ніякай супярэчнасьці».

Лукашэнка яшчэ раз заявіў, што Расея павінна паставіць Беларусі ў наступным годзе 23 мільёны тон нафты, хоць расейскі бок прапануе толькі 18,5 мільёна тон. Паводле Лукашэнкі, тэхнічныя магчымасьці дазваляюць паставіць па трубе каля 22 мільёнаў тон. Яшчэ адзін мільён афіцыйны Менск гатовы паставіць чыгункай, хоць прыбытковасьць там меншая. Але калі расейцы «пашкадуюць 3–4 мільёны тон дадаткова нафты», то Беларусь купіць яе ў Азэрбайджане, Вэнэсуэле ці ў іншым месцы. Ці падпіша Расея нафтавы балянс на ўмовах Лукашэнкі? Паводле Агібалава, пэўныя аб’ёмы на жаданьне Беларусі могуць быць пастаўленыя:

«Але цяпер важны момант абмеркаваньня — гэта вяртаньне часткі нафтапрадуктаў на расейскі рынак. І гэтая лічба — прадмет абмеркаваньня. Таму тут будуць фігураваць дзьве лічбы — колькі Беларусь хоча перапрацаваць і колькі паставіць на расейскі рынак».

Праблема бізнэсу на растваральніках застаецца фонам нафтавых перамоваў. Хоць Лукашэнка заявіў, што гэтыя пастаўкі спыненыя і ён тут нічога крыўднага ня бачыць, маўляў, проста «мы абышлі мазгамі». Сяргей Агібалаў адзначае, што прапановы, якія абмяркоўваюцца, так ці інакш зьвязаныя з растваральнікамі:

«Бо шкода, нанесеная расейскаму бюджэту, нікуды ня дзелася. Таму тут могуць быць розныя абмеркаваньні таго, якім чынам гэта можа быць кампэнсавана. Гэта могуць быць пэўныя ўмовы адносна вяртаньня нафтапрадуктаў і іншыя прапановы. І нават такая арыгінальная прапанова Лукашэнкі пра перавод грузаў у парты Калінінградзкай вобласьці. Такія розныя ідэі могуць закідвацца дзеля кампэнсацыі стратаў Расеі».

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што цяжка сказаць, ці падпішуць да канца году нафтавае пагадненьне:

«Тут ёсьць ня толькі эканамічныя ўмовы, тут ёсьць нейкія і палітычныя. Там цэлы клубок непаразуменьняў паміж абодвума бакамі. І што там атрымаецца, цяжка сказаць. Галоўнае, што было на паверхні — гэта зваротныя пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею. І Расея спрабуе вырубіць, каб не было гэтых паставак субліматаў, якія не абкладаюцца мытам пры экспарце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG