Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бухвостаў: людзей ператвараюць у рабоў


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, згодна зь якім работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца, забараняецца звальняцца. Іх пераводзяць на кантрактную сыстэму, а датэрміновае скасаваньне кантрактаў магчымае толькі са згоды наймальніка. Дэкрэт выклікаў вялікі розгалас у грамадзтве.

Паводле дэкрэту, калі наймальнік адмовіцца скасаваць кантракт, то гэта можна абскардзіць у старшыні абласнога ці гарадзкога выканкаму. У выпадку звальненьня работнікі павінны вярнуць за ўвесь пэрыяд працы штомесячныя даплаты. Прэсавы сакратар афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вольга Зуёнак сказала карэспандэнту «Свабоды», што ў яе арганізацыі пакуль «няма камэнтароў».

Паводле намесьніцы старшыні Менскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў Ксеніі Шадзько, у кіраўніцтве «Барысаўдрэва» казалі, што калі прадпрыемства будзе мадэрнізавана, то заробкі стануць вышэйшымі.

«Яны казалі, што нічога страшнага: мы мадэрнізуем прадпрыемства, гэтых выганім, новых набяром. Значыць, што — гэтыя рабы, яны за капейкі адпрацуюць, потым іх выкінуць як кацянят на вуліцу, а іншых набяруць, калі заробкі будуць высокія. А з гэтымі што рабіць? Таму, калі кіраўнік краіны сказаў, што людзі будуць замацаваныя, — то, можа, гэта і да лепшага, бо ня выкінуць людзей, чыімі рукамі будзе зроблена мадэрнізацыя».

Сытуацыя тычыцца дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у Беларусі. Старшыня менскага абласнога камітэту прафсаюзу работнікаў лесу Аляксандар Кузьнітовіч сказаў, што пакуль ніхто з работнікаў не зьвяртаўся са скаргамі:

«Час пакажа, як гэты дэкрэт будзе дзейнічаць. Кантракты ў нас былі з 1999 году. Кантракт не прадугледжвае звальненьня па ўласным жаданьні».

Былы старшыня ФПБ Уладзімер Ганчарык кажа. што афіцыйныя прафсаюзы падтрымліваюць тое, што кажа кіраўніцтва краіны. А каб стаць на абарону працоўных, патрэбная мужнасьць. Да дэкрэту ён ставіцца адмоўна:


Уладзімер Ганчарык
Уладзімер Ганчарык
«Гэта неправавое рашэньне. Гэта нармальна з пункту гледжаньня аўтарытарнай сыстэмы, арганізацыі вытворчасьці і кіраваньня ёю. Пацьверджаны кантракты ў больш жорсткай форме.Там наагул ёсьць неправавыя падыходы. Гэта ня нормы прававой дзяржавы, як запісана ў Канстытуцыі. Але пусьцілі пугу, няхай людзі думаюць, якія адносіны да іх. Гэта неправавыя, недэмакратычныя адносіны. Я згодны, што гэта парушае канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы».

Лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі працоўных Аляксандар Бухвостаў мяркуе, што дэкрэт парушае ня толькі беларускі Працоўны кодэкс, Канстытуцыю, але і ўсе нормы міжнароднага права. Ён не выключае,што МАП можа прыняць рашэньне пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў:


Аляксандар Бухвостаў
Аляксандар Бухвостаў
«Лукашэнка паводзіць сябе даволі нахабна, што да міжнароднага права. Гэта характэрна для гэтага палітычнага рэжыму. Таму мы разьлічваем, што людзі неяк адрэагуюць. Мы адназначна гэта ўспрымаем як парушэньне правоў чалавека, правоў працоўных. Людзі, гэта ж ужо нельга жыць так, калі вас заганяюць у кабалу, вас ператвараюць у рабоў, а вы маўчыце. Мы бачым далейшае нагнятаньне адміністратыўнага свавольля з боку рэжыму. Спроба на гэтым утрымаць эканамічныя парамэтры. То бок ідзе ўзмацненьне эскплюатацыі работнікаў».

Адносна палажэньня дэкрэту, што пасьля звальненьня трэба вяртаць заробак, спадар Бухвостаў сказаў:

«Гэта наагул у сьвеце ўпершыню зроблена, каб забіралі заработную плату».

Старшыня прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч асьцерагаецца, што пасьля дрэваапрацоўчай прамысловасьці рэжым можа скарыстаць гэта ў іншых галінах:

«А гэта найперш тычыцца будаўнікоў, лекараў, якія цяпер зьяжджаюць у Расею. Не пушчаць нікога вось такім чынам. Гэта можа быць такая забарона, якая існуе ў дэкрэце. Відавочна, што кантрактаў уладзе не хапае, каб неяк стрымліваць людзей і нэгатыў у сувязі зь нізкімі заробкамі. Тое, што зараз атрымалася на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах, — гэта першая ластаўка. Безумоўна, гэта найгрубейшае парушэньне правоў працоўных. Гэта супярэчыць Канстытуцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG