Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: «Валютныя аблігацыі — гэта пазыка ва ўласнага насельніцтва»


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

8 сьнежня беларускі ўрад надрукаваў пастанову аб продажы валютных аблігацыяў для насельніцтва. Аблігацыі маюць статус каштоўных папераў на прад’яўніка. Іх уладальнікі будуць атрымліваць працэнтны прыбытак. А набыць аблігацыі можна ў некаторых банках-агентах.

Дзяржава плянуе прапанаваць валютныя аблігацыі да канца сёлетняга году. А аб’ём эмісіі складзе да 50 мільёнаў даляраў.

У камэнтары для «Свабоды» экс-старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч назваў гэту акцыю «спробай валютнай пазыкі ва ўласнага насельніцтва». А на пытаньне, ці ёсьць сэнс жыхарам набываць такія аблігацыі, прафэсар адказаў так:

«Трэба ведаць пад якія працэнты іх будуць прадаваць. Улічваючы, што гэта ўнутраная пазыка, то для людзей павінен быць нейкі прыбытак. Нашы банкі апошнім часам па волі ўладаў даволі значна зьнізілі прыбытак па валютных укладах. І таму тут працэнтная стаўка па ідэі павінна быць крышачку большай, чым пры звычайных укладах у банк. Лягічна, што калі банк дае 5% гадавых, то тут можна разьлічваць на пару працэнтаў болей.

Улады падлічылі, што зьнешнія пазыкі для іх вельмі цяжкія. Наколькі я ведаю, тыя, хто могуць пазычыць грошы, просяць за гэта аж за 9% з гакам. А гэта вельмі цяжка для нашай эканомікі. А тут можна ўзяць крэдыт у сваіх жа людзей крыху таней, напрыклад за 7%. Дык чаму не скарыстацца гэтым?».

Ацэньваючы суму эмісіі ў 50 мільёнаў даляраў, былы старшыня праўленьня Нацбанку сказаў: «Гэта лічба адлюстроўвае няўпэўненасьць ураду ў тым, што ў Беларусі знойдзецца шмат ахвотных набыць фінансавыя абавязацельствы Мінфіну».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG