Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці: «Напярэдадні спатканьня практычна ня сплю»


Згодна з Усясьветнай дэклярацыяй правоў чалавека зьняволены, за выключэньнем абмежаваньня волі, не павінен мець іншых абмежаваньняў — тых, якія тычацца грамадзянскіх і іншых правоў асобы. Кантакты арыштанта з вонкавым сьветам павінны разглядацца як нешта само сабой зразумелае, а не як узнагарода ці пакараньне. Сёньняшняя праграма прысьвечаная турэмным спатканьням.

Гэты сюжэт мы зьнялі ля папраўчай калёніі № 22 «Ваўчыныя норы», што непадалёк ад Івацэвічаў. Сюды на працяглае спатканьне з палітвязьнем Эдуардам Лобавым, акурат напярэдадні ягонага 24-годзьдзя, прыехалі маці і брат.

Паводле Марыны Лобавай, падрыхтоўка да гэтага спатканьня заняла ў яе самае малое тыдзень.

Лобава: «Закупы, дык увогуле пачынаеш рабіць за месяц. Апошнія два дні з кухні не вылазіш, шмат страў трэба прыгатаваць. Хочацца пасмачней накарміць за тры дні. Напярэдадні практычна ня сплю, увесь час думаю, ці ўсё купіла, ці ўсё паклала. У калёніі апошнюю ноч на спатканьні сьпім мала, ведаючы што гэта апошняя ноч і трэба нагаварыцца. Потым па дарозе назад увесь час, што шмат чаго не пасьпела спытаць. Пасьля сустрэчы сплю як забітая. А потым ізноў бяссоньне: як там мой сын?»

Спатканьні ў калёніях праходзяць у так званых турэмных гатэлях. Гатэль у «Ваўчыных норах» у цэлым робіць добрае ўражаньне, кажа Марына Лобава. На час сустрэчы асуджаны і яго госьці атрымліваюць пакойчык. Прыбіральня ды душ на калідоры. У турэмным гатэлі ёсьць таксама кухня, лядоўні, пакой для адпачынку з тэлевізарам… Праўда, у апошнім Марына ніколі не была. Заўсёды хочацца пабыць пабольш з сынам. Нават і трохдзённага спатканьня не хапае.
Марына Лобава прыехала на спатканьне да сына Эдуарда
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:03 0:00
Наўпроставы лінк

72 гадзіны, або час, які адвялі Эдуарду на сустрэчу з роднымі — максымальны для працяглага спатканьня. Але такі дазвол адміністрацыя калёніяў дае ўсё меншай колькасьці палітзьняволеных. На сустрэчу з палітвязьнем Ігарам Аліневічам яго родным адпускаюць толькі 24 гадзіны. Іншым палітвязьням, якіх трымаюць у «крытай» турме — напрыклад, Міколу Статкевічу, Мікалаю Аўтуховічу, Зьмітру Дашкевічу, Міколу Дзядку, Яўгену Васьковічу — дазволеныя толькі кароткатэрміновыя сустрэчы з блізкімі. Максымум пару гадзін праз шкло і тэлефон, у прысутнасьці аховы.


«Чаканьне спатканьня з жонкай было жахлівым»


У свой час былы палітвязень, экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў распавёў мне, што ягонае першае, 40-хвіліннае, спатканьне праз шкло з жонкай у СІЗА на «Валадарцы» было адным з самых цяжкіх выпрабаваньняў за час зьняволеньня.

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў
Лявонаў: «Паведамілі пра гэта загадзя. Гэтыя дні чаканьня былі для мяне самымі жахлівымі. Некалькі начэй перад гэтым я ня спаў. Я ўсё думаў — лепш бы яна не прыходзіла. Я ня ведаў, як сустрэну яе ў турме. Я ня мог дараваць сабе тыя хвіліны і гадзіны, якія перажыла мая жонка ў часе ператрусу. Я адчуваў і дагэтуль адчуваю сваю віну перад ёй і дзецьмі за тое, што ўцягнуў іх у сваю сытуацыю. У мяне не было праблемаў што да сувязі з воляй, бо турэмнае кіраўніцтва не лічыла мяне крымінальнікам. І сказаў жонцы перад спатканьнем: не прыходзь…

Жонка прыйшла на спатканьне. Прычым вельмі спакойная. Потым я даведаўся, што яна таксама шмат начэй ня спала і напярэдадні, дзеля таго каб трымацца, выпіла шмат розных мэдыкамэнтаў. Гэтая сустрэча працягвалася дзесьці 40 хвілін. Мы гаварылі, як і ўсе, праз шкло. Кожны з нас імкнуўся падбадзёрыць і падтрымаць адзін аднаго. Гэтае спатканьне, аднак, стала для мяне вырашальным. Я зрабіў для сябе першую вельмі важную выснову: ніхто не прымусіць мяне адмовіцца ад маіх прынцыпаў і зрабіць нейкае глупства».

Другі палітвязень, прафэсар-мэдык Юры Бандажэўскі ў сваёй кнізе, прысьвечанай выжываньню за кратамі, паспрабаваў перадаць псыхалягічны стан вязьня, які ідзе на спатканьне. З аднаго боку, лічыць ён, гэта велізарны маральны стымул, а зь іншага — ня менш велізарны стрэс для арганізму, як у маральным, так і ў фізычным пляне. Юры Бандажэўскі так апісвае сваё першае спатканьне з жонкай у калёніі:

Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі
«У першыя тыдні пасьля таго, як мяне этапавалі з Гомельскага СІЗА ў калёнію № 1 (была такая ПК у Менску на Кальварыйскай), я быў пазбаўлены ўсялякіх кантактаў з вонкавым сьветам. Натуральна, мне было вельмі цяжка ў маральным пляне, і я быў на мяжы псыхалягічнага зрыву. Усё ўнутры дрыжала ад напругі. Мне здавалася, што блізкія мяне згубілі. Калі я прыйшоў на першае спатканьне — на тэлефонную размову праз шкло, я меў вельмі прыгнечаны выгляд. Жонка Галіна, мая вучаніца ў навуцы, дзіцячы лекар па прафэсіі і выдатны псыхоляг па жыцьці, сказала мне словы, якіх я ніколі не забуду: „Не хвалюйся, я цябе знайду, дзе б ты ні быў!“»

Гэта адразу мяне супакоіла. Прыйшоўшы ў атрад, я расказаў пра гэта сваім таварышам па няшчасьці. І яны адразу адзначылі: «Вось гэта жонка, вось гэта сапраўдны сябар!»

Урыўкі зь кнігі Юрыя Бандажэўскага можна пачуць у аўдыёвэрсіі праграмы

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:47 0:00
Наўпроставы лінк



«Шмон перад спатканьнем»


Аніводнае з спатканьняў не абыходзіцца без такой працэдуры як вобшук або шмон. Абшукваюцца як зьняволеныя, так і тыя, хто да іх прыяжджае.

У адной з нашых мінулых перадач праваабаронца Алена Красоўская-Касьпяровіч з «Плятформы» разпавядала пра часам агрэсіўнае і хамскае стаўленьне жанчын-кантралёрак падчас падобных праверак.

Даволі падрабязна ў сваім лісьце апісала гэту працэдуру жонка зьняволенага А., якая цягам шасьці гадоў езьдзіла на спатканьні да свайго мужа ў розныя папраўчыя ўстановы краіны.+
Трусы ў некаторых зонах просяць прыспусьціць, уважліва зазіраюць у іх, і калі ёсьць пракладка, нават штодзённая — просяць даць агледзець


«Калі ты ўпершыню прыяжджаеш на доўгае спатканьне ў зону, дзе цябе ня ведаюць, то шманаюць па поўнай. Усе торбы абмацваюць, шукаюць другое дно, схованкі ў ручках і г.д., усе прадукты пратыкаюць або чыкрыжаць нажом — сала, каўбасу, мяса, сыры. Усе сокі і воды адкрываюць, могуць нават пакаштаваць. Усе пачкі цыгарэт расьпячатваюць, каб там не схавалі тэлефон, наркотыкі і г.д. Усё, што ў непразрыстых пакетах, — гарбата, кава, прыправы, пральны парашок, — раскрываецца. Бульбу, цыбулю, часнык аглядаюць паштучна. Зубныя пасты, шампуні, гелі, мыла — раскрываюць. У шампунь могуць засунуць нож, каб праверыць, ці няма там чаго лішняга; мыла аглядаюць, у мяне аднойчы цюкалі кожны кавалак аб край стала, бо калі яно зламанае, а потым зьлепленае, то развальваецца. Крэм адкрываюць і праглядаюць візуальна. Любыя бляшанкі (гарошак, тушаніна, згушчонка) раскрываюць, аднойчы прыйшлося зьесьці на спатканьні, бо несьці бляшанкі ў зону нельга — некалькі гадоў таму нейкі вельмі ўмелы працаўнік Глыбоцкага кансэрвавага камбінату наладзіў запайваньне ў гэтыя бляшанкі мабільнікаў. Асуджаныя пачалі гэтым хваліцца, а потым здаваць адзін аднаго.

Што да пэрсанальнага кантролю, то просяць зьняць вопратку, шапку, абутак — усё гэта абмацваюць, аглядаюць. З асаблівай пільнасьцю глядзяць абцасы і тоўстую падэшву, калі яны ёсьць у абутку. Потым здымаеш адзежу да пояса, станік, паварочваесься сьпінай. Могуць папрасіць распусьціць або падняць валасы, каб было відаць, што ў іх нічога не схавана. Потым здымаеш ніжнюю частку адзеньня. Трусы ў некаторых зонах просяць прыспусьціць, уважліва зазіраюць у іх, і калі ёсьць пракладка, нават штодзённая — просяць даць агледзець. У некаторых зонах просяць іх зьняць і абмацваюць. Здымаеш шкарпэткі, таксама абмацваюць. Потым жадаюць прыемнага спатканьня і сыходзяць, а ты застаесься пасярод разгрому і чакаеш свайго мужа».

«Ня трое сутак, а да трох сутак»


«Адно з важных адрозьненьняў зоны ад турмы — у тым, што тут зэку дазволена спатканьне з роднымі працягласьцю да трох сутак. На ўвесь гэты час вас зьмяшчаюць у асобны пакойчык з кухняй, робячы бачнасьць хатняга жыцьця. Вядома, за „дрэнныя паводзіны“ вязьня можна заўсёды пакараць пазбаўленьнем „спатканьня“, піша ў сваіх нататках адзін вядомы палітвязень.

Аднак… у адносінах да мяне ўлады вырашылі „праявіць гуманнасьць“, кіруючыся, зразумела, палітычнымі меркаваньнямі…Увечары дзяжурны афіцэр забірае мяне з сталоўкі і вядзе да памяшканьня для спатканьняў. Сэрца калоціцца: нарэшце ўбачу кагосьці з родных. Маму, брата.

— …Працягласьць спатканьня — дваццаць чатыры гадзіны, — паведамляе нам афіцэр.

— Як дваццаць чатыры?! Па законе ж — трое сутак! — абураюся я.

— Ня трое сутак, а да трох сутак. Пакуль незразумела, ці будзе вольнае памяшканьне.

…Стол у пакоі літаральна ломіцца ад прадуктаў, смак якіх я ўжо пасьпеў забыць: тут і курыца, і гародніна, і садавіна, і яйкі, і ікра… Сядаю за стол. Праблема — з чаго пачаць: хочацца паспытаць усяго. Соваю нешта ў рот і, жуючы, пачынаю распавядаць.

…Першыя гадзіны сустрэчы праходзяць бязладна: я кожную хвіліну перарываю сябе, пытаюся пра сваякоў, пра сяброў; мама кідаецца паміж плітой і сталом, увесь час узгадваючы нешта вельмі важнае, накіроўваючы гутарку ў іншае рэчышча… Становіцца страшна, што за суткі мы так і не пасьпеем пагаварыць пра ўсё…

— Давайце ня будзем спаць усю ноч, — прапаную я.

Чым менш у нас застаецца часу, тым больш мы нэрвуемся, тым мацнейшае адчуваньне цэйтноту. Мінаюць апошнія гадзіны сустрэчы. Калі яшчэ ўбачымся?.. Вяртаюся ў барак стомлены і разьбіты…»

Гэтыя нататкі напісаў больш за 30 гадоў таму вязень савецкага ГУЛАгу, а цяпер вядомы ізраільскі палітык Натан Шчаранскі


«Сын адразу запаліў сьвечку»


Валянціна Аліневіч пра спатканьне з сынам у турме
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00


Маці цяперашняга беларускага палітвязьня Ігара Аліневіча — Валянціна Аліневіч, якая ня так даўно разам з мужам была на спатканьні з сынам, кажа, што яны перажылі падобную сытуацыю. Таксама 24 гадзіны замест трох сутак. Быццам бы і СССР нікуды не зьнікаў.

Нічога за ўвесь гэты час не зьмянілася. Тое ж самае. Як тады, так і цяпер людзі застаюцца людзьмі, а нелюдзі — нелюдзямі.

«Запусьцілі нас а 12-й і выпусьцілі на наступны дзень а 12-й. Хоць пасьцельную бялізну там і даюць, але я ўзяла з сабой сваю бялізну каляровую, абрус прыгожы, таксама посуд…Каб было такое адчуваньне хатняга цяпла. Яшчэ сьвечкі… Муж перад ад’ездам запытаўся: навошта гэтыя сьвечкі?

А Ігар, калі ўвайшоў, адразу запаліў сьвечку…

І вось вечар, сядзіш, цямнее вельмі позна ў гэты час. Вось сьвечкі гараць, і адчуваньне, што ты на нейкі час апынуўся ў нейкай лясной хатцы. І вось сабака, які бегае і брэша, дадае такога адчуваньня. Ты ў вясковай хатцы побач з роднымі. Муж ужо даўно заснуў, мы зь ім размаўлялі ды размаўлялі. Так вось дома ня сьпіш — пра яго думаеш, а тут ён побач… І вось так, не жадаючы таго, непрыкметна я і заснула.

Увогуле, калі я дома яго сьню, у мяне такое адчуваньне, што я зь ім кантактавала. Пасьля гэтага я ўстаю такая бадзёрая, шчасьлівая. Жывеш у нейкім нерэальным сьвеце. Усё так перамяшалася. Калі раней паняцьце „дух“ было чымсьці далёкім, то цяпер для мяне відавочна, у каго гэта ёсьць, у каго няма. І якія сілы ўсё гэта дае… А розныя перадачы, ежа, матэрыяльны дабрабыт — такая драбяза».


«За тыдзень столькі падзей! Да чаго б гэта?


Праз пару тыдняў Валянціна атрымала ліст ад сына з наваполацкай калёніі.

«Дні тры пасьля спатканьня хадзіў як у тумане, нічым не займаўся. Усё ж моцна ўзьдзейнічае глыток паветра ад кантактаў з вольным сьветам. Часу, вядома, замала. Як мы раніцай зноў пачалі на ўсе тэмы гаварыць, так, адчуваю, да вечара маглі і не спыніцца. Карацей, адпачыў я клясна. Цяжэй за ўсё пастаянна супраціўляцца вашым спробам мяне ўвесь час карміць :) Як быццам я тут галадаю.

Ня змог утрымацца, адразу ж прачытаў Шаламава. Быў зьдзіўлены да глыбіні душы. Вельмі добра дапаўняе „Дзяцей Арбату“, паказвае тыя бакі таго жыцьця, празь якія галоўныя героі не праходзілі асабіста. А менавіта — на што асуджалі людзей. Нават быдлячым стаўленьнем гэта нельга назваць. Хутчэй гэта можна параўнаць з адпраўкай на ўранавы руднік, г.зн. у безвыходнасьць. Але асабліва зьдзівілі ўрыўкі зь „Левага Берага“ пра Бутырку. Як мала зьмянілася з тых часоў! І ўнутранае жыцьцё, і стаўленьне адміністрацыі, і штучкі сьледчага. Хаця вось зараз чытаю Копелева пра 1929–1930 гады, дык тады было значна лепш, чым цяпер. Нават ня верыцца, што ў СССР існаваў гэты нэпманаўскі пэрыяд. Праз параўнаньні можна выразна вызначыць усе працэсы і стадыі цэнтралізацыі, каб знайсьці наша цяперашняе месца… Чакаю газэт, каб даведацца якія-небудзь падрабязнасьці пра тое, што адбываецца ў краіне. За тыдзень столькі падзей! Вельмі дзіўна, да чаго б гэта?.. Дзякуй вялікі, што прыехалі, я так добра час правёў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG