Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак на «Барысаўдрэве» — 1,200,000 рублёў


Падчас візыту на ААТ «Барысаўдрэў» Аляксандар Лукашэнка даручыў падрыхтаваць праект дэкрэту, у адпаведнасьці зь якім работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца, з 1 сьнежня будзе забаронена звальняцца з працы.

Ля прахадной «Барысаўдрэва» з рабочымі пагутарыла нашая карэспандэнтка.

Ігар Сіроткін працаваў на «Барысаўдрэве» начальнікам управы капітальнага будаўніцтва. Напісаў заяву, і ўвосень кіраўніцтва прадпрыемства яго звольніла. Прычына сыходу — незадаволенасьць заробкам. Лічыць прэзыдэнцкую забарону звальняцца несправядлівай, бо цалкам мадэрнізаваць «Барысаўдрэў» цягам бліжэйшых гадоў немагчыма.

«Лукашэнка сказаў здаць ня толькі гэты цэх, але і фанэрны, і запалкавае прадпрыемства. Загадаў цалкам зрабіць мадэрнізацыю ўсяго прадпрыемства. Але я лічу, што гэта нерэальна. Занадта вялікія выдаткі для гэтага патрэбныя. Такіх грошай няма. Заробкі нізкія. У фанэрным цэху ў верасьні-кастрычніку гэтага году людзі атрымлівалі па 1 200 000 рублёў. Гэта вельмі мала. Лукашэнка сказаў, што да канца году зробяць заробак 500 даляраў. Паглядзім, калі так і будзе, то які сэнс звальняцца?» — сказаў Ігар Сіроткін.

Спадар Сіроткін перакананы, што цяпер на прадпрыемстве ёсьць людзі, якія хочуць звольніцца з-за нізкіх заробкаў. Разам з тым работнікі прадпрыемства могуць мець дадатковыя выгоды. Напрыклад, пуцёўку са значнай зьніжкай і мэдычную страхоўку:

«У жніўні гэтага году зрабілі мэдычныя страхоўкі для ўсіх работнікаў. Прыстойную суму заплаціла прадпрыемства, каб, калі чалавек трапіць у лякарню, лячэньне было бясплатным. Гэта вялікая справа», — сказаў сп. Сіроткін.

Супрацоўнікі «Барысаўдрэва» паведамілі, што цяпер звольніцца ім можна толькі пасьля ўзгадненьня са старшынём аблвыканкаму. Ставяцца да гэтага кепска, аднак вялікай колькасьці ахвотных звальняцца няма.

Рабочы запалкавага цэху Аляксандар кажа, што працаваў на «Барысаўдрэве» ўсё жыцьцё і звальняцца ня хоча. Такая ж сытуацыя ва ўсёй яго брыгадзе. Лічаць, што калі жаданьне звольніцца ўзьнікне, то змогуць дамовіцца з кіраўніцтвам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG