Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зялёная карта як дадатак да амэрыканскага дыплёму


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў пятніцу прагаласавала за павелічэньне колькасьці дазволаў на побыт, выдаваных замежным выпускнікам амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Аднак пакуль малаверагодна, што гэтае рашэньне адменіць заведзеную сыстэму лятарэі «зялёных картаў».

Законапраект, падрыхтаваны рэспубліканцамі, называецца STEM Jobs Act і прадугледжвае штогадовую перадачу 55 тысяч дазволаў на сталы побыт (так званых «зялёных картаў») зь лятарэйнага розыгрышу непасрэдна выпускнікам амэрыканскіх унівэрсытэтаў са ступеньню магістра або доктара. «Мы павінны прыляпіць зялёную карту да іх дыплёмаў, кажа рэспубліканец Джэф Флэйк, адзін з прыхільнікаў зьмены іміграцыйнага заканадаўства. Паводле Флэйка, 65 працэнтаў дактарантаў амэрыканскіх унівэрсытэтаў у галіне тэхнічных і дакладных навук зьяўляюцца замежнікамі. Нашто ж іх пасылаць з амэрыканскім дыплёмам дамоў? — пытаецца ён. (Абрэвіятура STEM у загалоўку закону азначае science, technology, engineering, mathematics).

Дагэтуль іміграцыйныя візы ў ЗША можна выйграць праз сыстэму лятарэі «зялёных картаў». Сярод пададзеных заявак кампутар штогод выбірае 55 тысяч асобаў, якія мусяць адпавядаць шэрагу крытэраў — мець адукацыю або стаж працы. Візавая лятарэя выключае з розыгрышу грамадзян краінаў, якія і так маюць высокі ўзровень эміграцыі ў ЗША (у розныя гады гэта былі Мэксыка, Канада, Польшча, Паўдзённая Карэя і іншыя, Беларусь ніколі такім абмежаваньням не падлягала).

Рэспубліканцы даўно крытыкуюць лятарэю, заяўляючы, што яна дае глебу махлярству і нясе патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША. Замест выпадкова выбраных асобаў яны прапануюць зрабіць стаўку на адукаваных і таленавітых, што грае на руку і прадстаўнікам амэрыканскага тэхналягічнага бізнэсу. Аднак дэмакраты галасавалі супраць праекту рэспубліканцаў. Прадстаўнікі дэмакратаў называюць падыход палітычных апанэнтаў несправядлівым і кажуць, што іх варыянт робіць адных імігрантаў з пэўным тыпам адукацыі лепшымі за астатніх. Біль рэспубліканцаў мае малыя шанцы стаць законам, бо наступную заканадаўчую інстанцыю — Сэнат — кантралююць якраз дэмакраты. На думку камэнтатараў, кіруючая партыя краіны, дзе хочуць легальна жыць 11 мільёнаў замежнікаў, зацікаўленая ў больш шырокай зьмене іміграцыйнай сыстэмы. Факт прасоўваньня рэспубліканцамі свайго закону можа азначаць і тое, што яны гатовыя да перамоваў і супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG