Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатні гвалт: у 86% выпадкаў агрэсар – мужчына, у 14% – жанчына


З 25 лістапада да 10 сьнежня праводзіцца «Інфармацыйная кампанія супраць хатняга гвалту».

Сацыялягічныя дасьледаваньні ў Беларусі сьведчаць, што псыхалягічны гвалт у сям’і зазнаюць 4 з 5 жанчын, фізычны гвалт — кожная чацьвёртая, эканамічны — 22,4%, сэксуальны — 13%.

У жніўні 2012 году ў Беларусі Міжнародным грамадзкім аб’яднаньнем «Гендэрныя пэрспэктывы» адкрыта «гарачая лінія» для пацярпелых ад хатняга гвалту. За няпоўныя 4 месяцы працы паступіла больш за 500 тэлефанаваньняў: 93% — гэта жанчыны, і 7% — мужчыны, апавяла кіраўніца «гарачай лініі» Анастасія Фалейчык:

«Аналіз зваротаў паказвае, што ў 86% выпадкаў агрэсарам зьяўляецца мужчына, і ў 14% — жанчына. У бальшыні выпадкаў тэрарызуе жанчыну муж (37%), альбо былы муж (19%). У 13% пажылыя бацькі скардзяцца на гвалт з боку сваіх дарослых дзяцей. Калі па зьвестках праваахоўных органаў агрэсарамі зьяўляюцца ў асноўным людзі з алькагольнай залежнасьцю, то аналіз нашых званкоў паказвае, што многія агрэсары маюць пэўны сацыяльны статус: гэта дзяржаўныя службоўцы, спэцыялісты сярэдняга зьвяна, вайскоўцы, прадпрымальнікі.
Многія агрэсары маюць пэўны сацыяльны статус: гэта дзяржаўныя службоўцы, спэцыялісты сярэдняга зьвяна, вайскоўцы, прадпрымальнікі


Практычна ўсе, хто абмяркоўваў з спэцыялістамі гарачай лініі сваю сытуацыю, казалі, што вымушаны цярпець псыхалягічны гвалт. Эканамічны гвалт адзначалі 70%, ад фізычнага гвалту пацярпелі 72%, ад сэксуальнага гвалту — 7%. Бальшыня пацярпелых зазнае адначасова некалькі відаў гвалту. У трох чвэрцях выпадкаў гвалт чыніцца ў сем’ях, дзе ёсьць непаўналетнія дзеці, якія альбо таксама церпяць гвалт, альбо зьяўляюцца сьведкамі, што аднолькава небясьпечна для псыхікі дзіцяці. Таму мы бачым неабходнасьць супрацоўнічаць з арганізацыямі і структурамі, якія дапамагаюць непасрэдна дзецям.

Шмат пытаньняў і зваротаў — да юрыстаў. Пытаньні даволі складаныя: напрыклад, пра разьдзел маёмасьці, якая набытая ў крэдыт, пра апеку над дзіцем, алімэнты. Да псыхолягаў часьцей зьвяртаюцца пацярпелыя, якія знаходзяцца на стадыі прыняцьця важнага рашэньня».

«Гендэрныя пэрспэктывы» зараз супрацоўнічаюць з двума прытулкамі: з Магілёўскім крызісным цэнтрам і Лідзкім прытулкам пры праваслаўным сястрыцтве. І калі жанчына зьвяртаецца з просьбай часовага прытулку, іх накіроўваюць альбо ў Магілёў, альбо ў Ліду. А паколькі 57% тэлефанаваньняў на «гарачую лінію» — зь Менску і сталічнай вобласьці, гэта нязручна, не заўсёды жанчына гатова зьехаць далёка ад дому, забраць туды дзяцей, каб перачакаць некалькі дзён. Таму ёсьць вострая неабходнасьць адкрыць крызісны цэнтар з часовым прытулкам у сталіцы.

Тэлефон «гарачай лініі» для пацярпелых ад хатняга гвалту — 8-801-100-801.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG