Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні ліцэнзій на забойства


Міністэрства лясной гаспадаркі рапартуе пра перавыкананьне пляну ў справе прыцягненьня замежных «інвэстыцый».

Прэсавая служба ведамства паведамляе: за студзень-кастрычнік паляўнічымі гаспадаркамі арганізаваныя 372 туры для замежнікаў, што прынесла бюджэту больш за 6 мільярдаў рублёў прыбытку. Рост — 217% да аналягічнага пэрыяду 2011 году.

З улікам таго, што большая частка паляўнічых выездаў прыпадае на восеньскі пэрыяд, які працягваецца і цяпер, ёсьць падставы прагназаваць, што колькасьць ліцэнзій на адстрэл дзічыны па выніках 2012-га дасягне паўтысячы.

У ведамстве спадзяюцца, што ад вядзеньня паляўнічай гаспадаркі будзе зароблена 20 мільярдаў рублёў, у тым ліку ад продажу дазволаў замежнікам — больш за 7 мільярдаў, ад эксплюатацыі паляўнічых домікаў — 5 мільярдаў. Летась лесапаляўнічыя гаспадаркі атрымалі прыбытку больш як на 13 мільярдаў рублёў.

Паведамляецца, што асабліва папулярнае ў іншаземцаў паляваньне на дзіка, высакароднага аленя і лася. Паляўнічыя перадусім зацікаўленыя ў трафэях — рагах і клыках забітай імі жывёлы.

Найбольш «шчыруюць» госьці з Расеі, Нямеччыны, Польшчы, Італіі, Францыі. Па тамтэйшых мерках паляваньне ў Беларусі амаль дармавое, а дзічыны апошнім часам распладзілася шмат. Варта нагадаць, што летась адзін такі расейскі «турыст» забіў у Валожынскім раёне трох зуброў, хоць меў дазвол на адстрэл толькі дзіка і аленя. Ад турмы заможнаму паляўнічаму ўдалося адкупіцца буйной сумай у якасьці «кампэнсацыі ўрону».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG