Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Дранчук: «Падбіраюць золата, якое ім не належыць»


Сьледчы камітэт Беларусі закрыў крымінальную справу супроць грамадзяніна Расеі, які летась арганізаваў забойства трох зуброў у Налібоцкай пушчы.

За незаконную здабычу дзікіх жывёлаў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, расейцу пагражала 6 гадоў зьняволеньня. Днямі Сьледчы камітэт паведаміў, што расеец вызвалены ад крымінальнай адказнасьці, бо прызнаў сябе вінаватым, раскаяўся і пакрыў нанесеныя дзяржаве страты.

Разам з расейскім бізнэсоўцам за незаконнае паляваньне на зуброў былі прыцягнутыя да адказнасьці двое грамадзян Беларусі — егер і інжынэр лясгасу, на тэрыторыі якога гэта адбывалася. Як склаліся іх лёсы? Егера ад адказнасьці вызвалілі паводле амністыі як «чарнобыльца», справу супроць інжынэра лясгасу перадалі ў Генпракуратуру для вызначэньня адносна перадачы яе ў суд, паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Гісторыя з забойствам зуброў у Налібоцкай пушчы адбылася ў студзені 2012 году і ўскалыхнула ўсю краіну. У лесе знайшлі тры схаваныя галавы зуброў — дзікіх жывёл, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу і служаць для беларусаў прадметам нацыянальнага гонару. Сьледзтва хутка высьветліла, што зьвяры сталі ахвярай паляваньня, якое замовіў за валюту ў Налібоцкай пушчы расейскі бізнэсовец. Дапамагалі яму двое беларускіх грамадзян, працаўнікі лясгасу. Абвінавачаных неўзабаве затрымалі. Падчас сьледзтва расеец прызнаў сябе вінаватым, грамадзяне Беларусі настойвалі на сваёй невінаватасьці.

Беларускі эколяг Валер Дранчук шмат гадоў апякуецца Белавескай пушчай. Паводле Валера Дранчука, сытуацыя з аховай прыроды і дзікіх жывёлаў у Белавескай і Налібоцкай пушчах шмат у чым падобная: паўсюль ворагам прыроды выступае жаданьне людзей зарабіць на ёй грошы. Эколяг абураецца, што дзяржава стварыла эканамічныя ўмовы, якія спрыяюць зьнішчэньню рэдкіх відаў жывёл.

​«Разумееце, хутка Новы год, і самы галоўны ў нас Дзед Мароз прыйдзе ў дзіцячую аўдыторыю. І вось хай ён раскажа гэтую гісторыю, якая адбылася з тымі трыма зубрамі, у дзіцячай аўдыторыі. Перакананы, што ў дзяцей пацякуць сьлёзы. А што такое дзіцячыя сьлёзы? Гэта момант ісьціны. Гэта абуральна, што ў нас ідзе здабыча валюты любымі сродкамі, у тым ліку і паляваньнем на рэдкія віды жывёлаў. Згадваю, як больш за 10 гадоў таму Іван Ціцянкоў, калі быў начальнікам кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, сказаў, прыехаўшы ў Пушчу: „Браткі, да вы па золаце ходзіце“. І вось яны падбіраюць гэтае золата, дзе б ні было. У Налібоцкай пушчы, у Белавескай, на Браслаўскіх азёрах. Усюды падбіраецца гэтае золата, якое ім не належыць. У той жа Белавескай пушчы шмат гадоў існуе сыстэма завабліваньня на паляваньне расейскіх бізнэсоўцаў. Іх прывабліваюць таннай гарэлкай, рэдкімі жывёламі, унікальным прыродным асяродзьдзем. То бок ідзе гаворка не пра захаваньне прыродных рэсурсаў, а пра іх маштабную эксплюатацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG