Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя музэі могуць зьнікнуць


Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут культуры Беларусі», што падпарадкоўваецца Мінкульту, разаслала ва ўсе раённыя і гарадзкія ўпраўленьні культуры лісты, у якіх просіць «правесьці аналіз дзейнасьці дзяржаўных музэяў зь нізкім колькасным паказьнікам па наведвальнасьці і ўнесьці прапановы па мэтазгоднасьці далейшага існаваньня музэяў».

Якім музэям пагражае закрыцьцё?

Ліст ва ўпраўленьні культуры падпісаў рэктар Інстытуту культуры Беларусі Іван Крук. Ён патлумачыў Радыё Свабода, як зьявіўся такі загад:

«На адной з апошніх калегіяў Міністэрства культуры Павал Латушка задаваў пытаньне перш за ўсё дырэктару музэю Петруся Глебкі: „Два чалавекі на месяц прыходзяць да вас. На сёньняшні дзень ставіцца пытаньне, што музэй павінен зарабляць грошы“. І там таксама разважалі пра тое, як быць і з гэтым музэем, і зь невялічкімі рэгіянальнымі музэямі. Там уздымаліся пытаньні адносна невялічкіх раённых музэяў, дзе каб ня школьнікі, то наўрад ці хто прыйшоў бы ў госьці. Нам было даручана правесьці маніторынг сытуацыі і паглядзець, ці мэтазгодна ўтрымліваць гэтыя музэі».

Ад Інстытуту культуры Беларусі патрабуюць пакуль толькі правесьці маніторынг, зрабіць арытмэтычныя разьлікі — колькі чалавек працуе ў музэі, які сацыяльны склад, узрост наведнікаў. А ўжо потым будуць рабіцца высновы.

Дырэктар Літаратурнага музэю Якуба Коласа Зінаіда Камароўская перакананая, што літаратурных музэяў — Якуба Коласа, Янкі Купалы ды іншых — гэты ліст ня тычыцца. Бо за кошт школьнікаў гэтыя музэі добра наведваюцца. Яна спадзяецца, што не павінна тычыцца гэта і філіяў, якіх музэй Янкі Купалы мае 4: у Акопах, Вязынцы, Ляўках, Яхімоўшчыне, а музэй Якуба Коласа — адну, у Мікалаеўшчыне:

«Хоць яны і раскіданыя па краіне. Тут, наадварот, у мяне такая думка зьявілася, каб умацаваць, даць яшчэ аднаго навуковага супрацоўніка (у нас па аднаму навуковаму супрацоўніку на аб’ект). Вось сёньня з загадчыцай філіялу размаўляла — кожны дзень па некалькі экскурсіяў ідзе. Гэта нармальна. Я ў выходныя сама заяжджала ў філіял — цэлыя сем’і на машынах прыяжджаюць, чаго раней не было, і гэта прыемна. Гэты ліст тычыцца толькі раённых музэяў».
На сёньняшні дзень ставіцца пытаньне, што музэй павінен зарабляць грошы
Павал Латушка

Амаль у кожным райцэнтры Беларусі ёсьць невялікі краязнаўчы музэй. У Чэрвеньскім, да прыкладу, працуе 10 чалавек (дырэктар, тры навуковыя супрацоўнікі, астатнія — тэхнічны пэрсанал). Дырэктар Чэрвеньскага краязнаўчага музэю Алена Забаронак кажа:

«У нас за мінулы год было каля 11 тысяч наведнікаў. Гэта нямала для такога гораду, як Чэрвень. У асноўным, вядома, гэта школьнікі (больш за 60%). Квіток для школьнікаў каштуе 1500 рублёў, для дарослых — 3 тысячы. Гораду з 10-тысячным насельніцтвам музэй, вядома, патрэбны. Нам жа і пляны па платных паслугах даводзяцца, якія мы выконваем, як бы нам ні было складана. Па многіх напрамках працуем, мяняем экспазыцыі, каб прыцягнуць наведнікаў».

Натуральна, такім музэям нялёгка выжыць. Рэктар Інстытуту культуры Беларусі Іван Крук кажа, што разумее гэта і гатовы абараняць іх. Але як ім дапамагчы выжыць — пытаньне складанае:

«Напрыклад, Уладзімер Пракапцоў ставіць пытаньне: дапамажыце выжыць музэю ў Раўбічах. Можа, там праводзіць круглыя сталы з наведнікамі. Можа, мы пры дапамозе сыстэмы павышэньня кваліфікацыі будзем дапамагаць выкручвацца музэям, што ў Менску ці пад Менскам.

Што тычыцца музэяў, якія на пэрыфэрыі, — я ня ведаю, як быць. Але пакуль пытаньне стаіць толькі пра маніторынг. Ніхто — прынамсі, я гавару пра сябе і пра наш інстытут — ня ставіць пытаньня аб скарачэньні колькасьці рэгіянальных музэяў. Хоць, вядома, гэта пытаньне эканамічнага характару. Ад той штуковіны, якая называецца эканамічным складнікам, таксама сёньня нікуды ня дзенесься».

20 лістапада скончыўся тэрмін, які ўпраўленьням культуры далі на падрыхтоўку дакумэнтаў па музэях. Цяпер Інстытут культуры Беларусі пачынае іх аналізаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG