Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіёны — там, шпіёны — тут


Актор Дэніэл Крэйг у ролі Джэймса Бонда. Ілюстрацыйнае фота
Актор Дэніэл Крэйг у ролі Джэймса Бонда. Ілюстрацыйнае фота

За шпіянаж на карысьць замежных выведак дагэтуль сядзяць у турме чацьвёра разжалаваных беларускіх афіцэраў. 14 верасьня 2007 году Вайсковая калегія Вярхоўнага суду абвясьціла вырак па крымінальнай справе ў адносінах да грамадзянаў Беларусі, абвінавачаных у здрадзе дзяржаве. Яны прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы на карысьць суседняй Польшчы.

Пяць гадоў таму справа «польскіх шпіёнаў» была адной з самых гучных, хоць і разьбіралася за зачыненымі дзьвярыма. Як патлумачылі ў кампэтэнтных органах — у мэтах аховы дзяржаўных сакрэтаў, на якія якраз і замахнуліся абвінавачаныя. Па справе праходзілі былыя вайскоўцы Ўладзімер Рускін, Сяргей Карнілюк, Павал Пяткевіч, а таксама дзейны на той час афіцэр Віктар Богдан. Усіх прызналі вінаватымі ў цяжкім крымінальным злачынстве — «здрадзе дзяржаве ў форме шпіянажу, наўмысна зьдзейсьненага на шкоду зьнешняй бясьпецы і абароназдольнасьці Рэспублікі Беларусь».

Па выніках суду Пяткевічу і Карнілюку прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам 7 гадоў кожнаму, Богдану — 9 гадоў, Рускіну — 10 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адметна, што наўпроставых доказаў іх вінаватасьці так і не было прадстаўлена.

Тагачасны намесьнік старшыні КДБ Беларусі Віктар Вягера прызнаў: сваімі дзеяньнямі шпіёны не пасьпелі нанесьці шкоду абароназдольнасьці краіны, але падкрэсьліў, што яны зьбіралі для польскай выведкі дадзеныя, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Інфармацыя ў асноўным тычылася стану аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны так званай саюзнай дзяржавы.

У афіцыйных СМІ асабліва падкрэсьлівалася: злачынцаў схапілі на гарачым учынку яшчэ на пачатку 2007-га. Маўляў, усе дадзеныя спачатку здымаліся на стужку, затым пераводзіліся ў лічбавы фармат і запісваліся на флэшку. Пасьля гэтага ў адмысловым тайніку ў аўтамабільным вогнетушыцелі перавозіліся празь беларуска-польскую мяжу.

Назіральнікі яшчэ тады задаваліся пытаньнем: навошта ў эру кампутарных тэхналёгій настолькі ўскладняць працэс перадачы інфармацыі? Тое ж рытарычнае пытаньне ўзьнікае і ў выпадку з затрыманым днямі па тым жа артыкуле «здрада дзяржаве» Андрэем Гайдуковым, які нібыта «капаў схроны», у якія меўся хаваць замоўленыя заходнімі спэцслужбамі сакрэты. Гэта замест таго, каб проста скарыстаць электронную пошту. Гаворыць былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак:

«Памятаеце, калі ад сярэдзіны 2000-х на мяжы пачалі шманаць палітыкаў, праваабаронцаў — маўляў, мы можам правезьці нейкую сакрэтную інфармацыю — я ўжо тады казаў мытнікам: хлопцы, зараз тэхніка настолькі разьвітая, што ёсьць спэцыяльныя праграмы, дзякуючы якім можна паслаць любыя зьвесткі праз інтэрнэт, іх засакрэціўшы. Можна пакласьці інфармацыю на аддалены доступ, патрэбны чалавек яе адкрые, і рызыкаваць зусім ня трэба. Таму ўсе гэтыя страшылкі пра кантрабанду ў вогнетушыцелях, пра выкапаныя тайнікі — гэта нейкі прымітыўны спосаб адкінуць нас у 1960-я, у эпоху Джэймса Бонда, калі не было кампутараў, калі не было іншых крыніцаў перадачы інфармацыі. І нават калі асьцерагацца, што ўсё тут пад кантролем „Белтэлекаму“, то больш бясьпечна выехаць у Расею ці Ўкраіну і адтуль беспраблемна вырашыць свае справы. Таму нешта закопваць ці адкопваць — для разьведчыка ўсё гэта вельмі прымітыўна».

У шпіёнскай справе быў яшчэ адзін фігурант — маёр расейскай арміі Сяргей Юрэня. Ён удзельнічаў у працэсе ў якасьці сьведкі. Паведамлялася, што расейскі грамадзянін прыйшоў з павіннай у ФСБ Расеі, што стала падставай да перакваліфікацыі складу злачынства. Па некаторых зьвестках, менавіта пакаяньне Юрэні прымусіла беларускіх чэкістаў узяцца за распрацоўку шпіёнскай групы зь ліку сваіх жа афіцэраў.

Сваякі асуджаных па дапамогу да праваабаронцаў не зьвярталіся, таму месца адбыцьця пакараньня «польскіх шпіёнаў» да чарговага гучнага скандалу мала каго цікавіла. Між тым ёсьць зьвесткі, што яны ўтрымліваюцца ў адной з самых суровых беларускіх турмаў — калёніі № 14 у Навасадах пад Барысавам. Менавіта там у свой час 15 месяцаў у агульнай камэры адседзеў іншы «агент замежных выведак», грамадзянін Італіі Анжэла Антоніё Піў. У красавіку 2000-га Піў разам з грамадзянкай Беларусі Ірынай Ушак былі абвінавачаныя ў «дзяржаўнай здрадзе». Ім інкрымінавалася спроба завалодаць дакумэнтамі са зьвесткамі ваеннага характару. Піў атрымаў 4,5 года зьняволеньня, Ушак — на паўгода меней.

Прыблізна ў той жа час на 7 гадоў зьняволеньня быў асуджаны і грамадзянін Нямеччыны, супрацоўнік Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Маршала Крыстафэр Лец, якога таксама абвінавацілі ў антыбеларускай дзейнасьці. Дзякуючы заступніцтву высокіх чыноў сваёй краіны ён быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам і дэпартаваны на радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG