Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Чарнякевіч адмовіўся ад прэміі Юзафа Ядкоўскага


Андрэй Чарнякевіч
Андрэй Чарнякевіч

Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч адмовіўся ад прэміі Юзафа Ядкоўскага, заснаванай гарадзенскім Гістарычным таварыствам і Таварыствам беларускай школы.

Юзаф Ядкоўскі — дасьледчык гісторыі Горадні, заснавальнік Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю, які распачаў навуковае вывучэньне гісторыі гораду ў 20-гадах мінулага стагодзьдзя. Заснавальнікі прэміі імя Юзафа Ядкоўскага плянуюць ушаноўваць ёй аўтараў-навукоўцаў, чые працы спрыяюць разьвіцьцю гісторыі і культуры Горадні, але ня маюць падтрымкі і шанаваньня з боку дзяржавы. Дацэнт гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэй Чарнякевіч быў вылучаны на атрымальніка прэміі як адзін з сааўтараў кнігі «Гродназнаўства», за якую быў звольнены з працы. Аднак Андрэй Чарнякевіч паведаміў, што адмаўляецца ад прэміі з прычыны яе палітызаванасьці.

Адным з заснавальнікаў прэміі зьяўляецца гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук, які пракамэнтаваў Свабодзе цяперашнюю сытуацыю:

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук
«Алесь Чарнякевіч паведаміў, што адмаўляецца ад прэміі, бо ня лічыць сябе годным яе. У нас было некалькі размоў, ён некаторы час вагаўся і ўрэшце прыняў такое рашэньне. Я лічу, што кожны чалавек мае права прымаць прэмію ці адмаўляцца ад яе. Хачу сказаць, што ён мае свае пэўныя рэзоны. Андрэй Чарнякевіч у нашай сытуацыі — такой пэўнай гарадзенскай вайне за помнікі, за мінулае Горадні, за памяць — ён спрабаваў быць зьвяном у кантактах з апазыцыйнай — у культурным сэнсе — грамадзкасьцю і кіраўніцтвам гораду. У нашай сытуацыі гэта, безумоўна, станоўчая рыса, бо вельмі складана быць і там, і там, але ў яго гэта неяк атрымоўвалася. Самае дзіўнае, што за гэта ён найбольш і пацярпеў. Ня думаю, што на яго мог нехта паўплываць, проста ён ня хоча зразумець, што незалежна ад таго, што мы робім ці іншыя робяць, гісторыя — гэта ўсё ж такі палітыка. Чалавек хоча займацца проста гісторыяй, але я ня ведаю, як гэта можна ў сёньняшніх умовах — хіба што, калі займацца гісторыяй інкаў і старажытнага Эгіпту. Ну, а калі займацца гісторыяй, тым больш XX стагодзьдзя Беларусі і гісторыяй Горадні, то без палітыкі тут не абысьціся пры ўсім жаданьні. Ніхто з нас таксама ні ў якія партыі не ўваходзіць, але нас туды ўсё роўна залічваюць, бо мы маем пэўную навуковую і грамадзкую пазыцыю.

Прэмію Юзафа Ядкоўскага атрымае іншы ляўрэат. Імя гэтай асобы мы назавём у суботу, калі будзем уручаць прэмію. Я магу толькі сказаць, што мы разглядалі шмат кандыдатур, у тым ліку Алеся Госьцьева, Вячаслава Шведа, Віталя Карнелюка і такога гарадзенскага гісторыка як Валера Чарапіцу, які выдае на год па дзьве-тры кнігі па гісторыі праваслаўнага гораду. Мы будзем уручаць два дыплёмы з улікам таго, што ў нас два крытэры гэтай прэміі: за навуковы ўнёсак і за актыўную грамадзкую пазыцыю. Гэтая прэмія застанецца і надалей, адзінае — магчыма, яна будзе ўручацца ня кожны год».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG