Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра нафту Дварковіч і Сямашка будуць гаварыць у чацьвер


Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч і першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка 25 кастрычніка абмяркуюць пастаўкі нафты ў Беларусь.

Пра гэта сёньня паведаміў журналістам кіраўнік расейскага Мінэнэрга Аляксандар Новак. Паводле ягоных словаў, размова пойдзе пра колькасьць нафты для Беларусі на чацьвёрты квартал гэтага і першы квартал наступнага году.

Днямі пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што Менск і Масква маюць розныя погляды на аб’ёмы імпарту. Спадар Сурыкаў сказаў, што Беларусь настойвае, каб Расея паставіла ў наступным годзе 23 мільёны тон нафты. Аднак Расея мае «некалькі іншы погляд». Балянсы паставак нафты і нафтапрадуктаў плянуецца зацьвердзіць у сьнежні на пасяджэньні саюзнага ўраду. Паводле дыплямата, расейская кампанія «Транснефть» заявіла, што яе тэхнічныя магчымасьці дазваляюць у наступным годзе паставіць у Беларусь толькі 18 мільёнаў тон нафты.

Тым часам пастаўкі расейскай нафты скараціліся ўжо ў чацьвёртым квартале. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прагназуюць зьніжэньне аб’ёмаў перапрацоўкі на 20%. Якія страты чакаюць беларускую эканоміку, калі пастаўкі нафты скароцяцца, разважае эканаміст Леанід Злотнікаў:
Калі пастаўкі нафты зьменшацца на тры-чатыры мільёны тон, то страты ВУП могуць быць каля паўтара мільярда даляраў

«Калі пастаўкі нафты зьменшацца на тры-чатыры мільёны тон, то страты ВУП могуць быць каля паўтара мільярда даляраў. Гэта дзесьці адна дванаццатая частка ВУП. Недзе 6-7% ВУП — гэта нашы страты, калі на такую велічыню зьменшацца пастаўкі нафты».

Таксама пасол Сурыкаў адзначыў, што сёлета Беларусь практычна не пастаўляла нафтапрадуктаў у Расею. У выніку «паліўны рынак Расеі агаліўся». Да канца гэтага году Беларусь павінна была паставіць Расеі 2,1 мільёна тон бэнзіну і 3,5 мільёна тон дызпаліва, вырабленых з расейскай нафты на беларускіх НПЗ. Паводле расейскага Міністэрства энэргетыкі, Беларусь выканала абавязкі толькі на 2%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG