Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Лукашэнкі. Пакуль толькі – Горадня


Ня верце тым, хто ўжывае выраз «белая зайздрасьць» як антыпод «чорнай». Зайздрасьць бывае толькі аднаго колеру.

Зайздрасьць у мяне як у віцябляніна – да гарадзенцаў, з нагоды «Гродназнаўства». Бо я таксама хацеў бы мець кнігу – дзе гісторыя Віцебска была б паказана не праз міты пра «княгіню Вольгу» як яго заснавальніцу ды пра «исконно русский город», а ў апошніх разьдзелах былі б згадкі ня толькі пра аднаўленьне разбуранай вайной прамысловасьці, алімпійскіх чэмпіёнаў ды вайскоўцаў-аўганцаў, але і пра пастаноўскі Мазынскага і Масьлюка ў коласаўскім тэатры, пра барацьбу Давіда Сімановіча за вяртаньне Шагала, пра клюб «Узгор'е» (віцебскі аналяг «Талакі»), пра барацьбу віцяблянаў супраць АЭС, і пра легендарнага Мірона, і пра ня менш легендарнага Барыса Хамайду ля «Сіняга дому» (перафарбаванага па капрызе мясцовага князька), і пра іншых актывістаў супраціву аўтарытарызму...

Стоп.

Пра супраціў аўтарытарызму ў «Гродназнаўстве» нічога няма. Аповед завяршаецца 1991 годам – абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі 25 жніўня, «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам.

Тут жа, на апошніх старонках, скан з кнігі Пазьняка «Сэсія Незалежнасьці» вынікаў пайменнага галасаваньня за наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону, зь якога вынікае, што ні па якіх лёсавызначальных для нацыі пытаньнях дэпутат Лукашэнка А.Р. не галасаваў.

Куратар сэрыі «Гарадзенская бібліятэка» Павал Мажэйка выказаў меркаваньне, што, магчыма, у гэтым і палягае прычына рэпрэсіяў і супраць кнігі, і супраць яе аўтараў.

Думаю, Павал памыляецца. Папрок у непрыманьні незалежнасьці ў вачах Лукашэнкі – найлепшы камплімэнт. І калі б аўтарам удалося знайсьці вынік галасаваньня па ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў, дзе адзін дэпутат прагаласаваў супраць, і было б бачна, што гэта – дэпутат па 310 шклоўскай выбарчай акрузе (насамрэч такога дакумэнту няма, бо галасаваньне не было пайменным, а тым дэпутатам быў мой сусед па Авальнай залі Валер Ціхіня) – дык у такім выпадку Паўла чакала б Дзяржаўная прэмія, а аўтараў – не звальненьні, а новыя навуковыя тытулы.

Мае рацыю Міхась Скобла, калі бачыць прычыну рэпрэсіяў у тым, што ў кнізе выкладзеная праўдзівая гісторыя Горадні – якую ўлада імкнецца замаўчаць.

Але гэта, падаецца, толькі палова прычыны.

Другая палова – у кнізе нічога ня сказана пра Лукашэнку ў кантэксьце «сацыяльна арыентаванай эканомікі», «моцнай, эфэктыўнай дзяржаўнай улады», «паэтапнага падвышэньня жыцьцёвага ўзроўню» ды «беларускай мадэлі эканамічна-сацыяльнага разьвіцьця, якая спалучае перавагі рынкавай гаспадаркі з эфэктыўнай сацыяльнай абаронай» (цытаты – з афіцыйнга сайту Лукашэнкі).

У савецкі час ніякая манаграфія не выдавалася, ніякая дысэртацыя (у тым ліку і ў галіне дакладных навукаў) не прымалася, калі не было спасылак на поўны збор твораў У. І. Леніна альбо, у крайнім выпадку, ролю і праграмныя дакумэнты КПСС.

Сучасная беларуская навука, наколькі мне вядома, пазбаўленая такіх падыходаў, але выданьні гістарычнага ці грамадзкага характару ўсё больш нагадваюць кнігі савецкіх часоў.

Мне даводзілася гартаць некалькі добра напісаных гістарычных ды краязнаўчых кніг, якія не магу назваць цудоўнымі толькі таму, што апошнія старонкі – суцэльны панэгірык Лукашэнку. Хоць ты выдзірай гэтыя старонкі.

У «Гродназнаўстве» нічога выдзіраць ня трэба. Лукашэнка там ня згадваецца зусім. Кніжка канчаецца найвышэйшым бясспрэчным нацыянальным дасягненьнем – незалежнасьцю, да прыняцьця якой Лукашэнка і сапраўды ня меў ніякага дачыненьня.

Ну а пра наступны пэрыяд будзе сказана ў іншых выданьнях і ў іншыя часы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG