Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды рухаецца беларуская эканоміка?

абноўлена

Куды рухаецца беларуская эканоміка?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:16:26 0:00
Наўпроставы лінк

Апошнім часам зьвесткі пра сытуацыю ў беларускай эканоміцы прыходзяць усё больш трывожныя. Якія наступствы можа мець скарачэньне экспарту нафтапрадуктаў? Чаму ня стала валюты, каб плаціць замежныя даўгі? Як ацаніць дзеяньні ўлады ў такой сытуацыі?

Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Сяргей Чалы.

Якія наступствы можа мець скарачэньне экспарту нафтапрадуктаў?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
: «На эканоміку краіны абрынуўся цэлы шквал непрыемнасьцяў. Расея зьменшыла пастаўкі нафты ў чацьвёртым квартале на 26% і заблякавала вытворчасьць і экспарт растваральнікаў. Узьнікаюць праблемы з экспартам нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. Як гэта ўплывае на эканамічную сытуацыю?»

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў: «Прамыя наступствы — гэта скарачэньне паступленьня валюты ў краіну. А гэта значыць, што на валютным рынку будзе менш валюты і абменны курс рубля будзе паніжацца. Гэта, у сваю чаргу, пацягне за сабой цэлы клубок праблем, якія можна доўга пералічваць».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Сяргей Чалы: «Цяперашняя сытуацыя з валютай больш нармальная для беларускай эканомікі, чым тая, якая была ў першай палове году. Бо гэты ўнікальны „інавацыйны“ бізнэс з растваральнікамі маскіраваў сапраўдны стан рэчаў. Таму дадатнае сальда гандлю таварамі ў першым паўгодзьдзі было дзіўным. Бо такога быць не павінна было пры нашай структуры эканомікі і плаваючым курсе. Тая сытуацыя, калі інфляцыя за восем месяцаў складае 16%, а абменны курс рубля пры плаваючым курсе стаіць, ненармальная. Цяпер мы вяртаемся ў сытуацыю невялікага адмоўнага сальда, калі ўлічваць гандаль ня толькі таварамі, але і паслугамі. Курс рубля будзе паніжацца, бо перайсьці да фіксаванага курсу нельга, няма рэсурсаў. Такім чынам, мы вярнуліся да таго, што „кароль голы“. Эканоміка сёньня здольная забясьпечваць рост ня больш як на 2%».

Чаму ня стала валюты, каб плаціць замежныя даўгі?


Карбалевіч: «Афіцыйныя асобы ўвесь час запэўніваюць насельніцтва, што сытуацыя стабільная, усё ў парадку, ня варта хвалявацца. Аднак вось міністар фінансаў Харкавец паведаміў, што наступным годам няма чым вяртаць даўгі, ёсьць толькі палова неабходнай валюты, астатнія пазыкі давядзецца рэфінансаваць. Ужо дамовіліся аб рэфінансаваньні доўгу Беларусі расейскаму „Сбербанку“. Сёньня зьявілася інфармацыя, што ўрад зьбіраецца браць пазыкі ў беларускіх юрыдычных і фізычных асоб. А яшчэ ж зусім нядаўна кіраўнікі эканамічнага блёку запэўнівалі, што ўсё нармальна. Што ж здарылася?»

Злотнікаў: «Праблема ня толькі ў дзяржаўным доўгу. Дарэчы, наступным годам вяртаць дзяржаўны доўг давядзецца ў суме 3 млрд даляраў. Гэта няшмат. Але ёсьць даўгі прадпрыемстваў і банкаў, яны большыя.

Дадатны паказчык бягучага рахунку гэтым годам складаў каля 200 млн даляраў. А страты ад спыненьня экспарту растваральнікаў, а таксама біядызэлю ва Ўкраіну складуць каля 3 млрд даляраў. І дэфіцыт бягучага рахунку напрыканцы году складзе каля 2 млрд даляраў.

А яшчэ валюта патрэбная, каб збалянсаваць павышаны попыт насельніцтва на яе, які зьявіўся ў выніку штучнага падвышэньня заробкаў. А гэта каля 5–6 млрд даляраў».
Ніякага абвалу, падобнага да мінулагодняга, не прадбачыцца

Чалы: «Я б не назваў сытуацыю такой ужо драматычнай. Ніякага абвалу, падобнага да мінулагодняга, не прадбачыцца. Бо за кошт таго, што існуе плаваючы абменны курс, карэкціроўка дысбалянсу будзе адбывацца плаўна. Так, як цяпер адбываецца аслабленьне абменнага курсу рубля.

Дарэчы, і наступным годам плянуецца дэфіцыт бягучага рахунку плацёжнага балянсу ў памеры больш як 5 млрд даляраў. Я бачыў тлумачальную запіску да эканамічнага пляну на 2013 год.

Увогуле, грошы ў доўг знайсьці ня цяжка. Пытаньне ў кошце гэтых грошай. Даўгі, якія мы цяпер павінны вяртаць, маюць працэнтную стаўку каля 3,5%. Гэта пазыкі МВФ і Расеі. А пасьля рэфінансаваньня стаўка ўзрасьце да 9%. Менавіта на такі ўзровень мы дамовіліся па доўгу са „Сбербанкам“. А рэфінансаваць давядзецца. Бо нават калі мы атрымаем крэдыт Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, усё роўна, каб вярнуць доўг, будзе не хапаць 1 млрд даляраў».

Карбалевіч: «То бок — будуем крэдытную піраміду?»

Чалы: «Так, несумненна».

Злотнікаў: «Гэта азначае, што наступнымі гадамі давядзецца плаціць усё больш».

Як ацаніць дзеяньні ўлады ў такой сытуацыі?


Карбалевіч: «Наколькі адэкватная эканамічная палітыка кіраўніцтва Беларусі тым пагрозам, якія ўзьнікаюць перад эканомікай? Вось на наступны год заплянаваны рост валавога ўнутранага прадукту на 8,5%, вяртаецца актыўнае фінансаваньне жыльлёвага будаўніцтва. Растуць заробкі, Лукашэнка паставіў задачу падвышэньня сярэдніх заробкаў да 600 даляраў Пра што ўсё гэта сьведчыць?»
Цяпер на 500 даляраў можна купіць столькі, колькі ў сьнежні мінулага году можна было купіць на 425

Злотнікаў: «Можна адказаць адным словам: неадэкватная. Абвалу няма, але ў апошнія месяцы мы маем падзеньне валавых паказчыкаў. Калі параўноўваць, напрыклад, паказчыкі за апошнія тры месяцы не з адпаведнымі месяцамі мінулага году, а зь першым кварталам гэтага году, то валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 14%, а аб’ём прамысловай вытворчасьці скараціўся на 20%».

Чалы: «Трэба аддзяляць пляны ўраду і патрабаваньні адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта мала сумяшчальныя рэчы. З аднаго боку, усе цудоўна разумеюць, што пляны эканамічнага росту, заплянаваныя на пяцігодку, не рэальныя. І ўжо ў афіцыйных дакумэнтах запісана, што сярэдні заробак да 2015 году будзе не 1000 даляраў, як плянавалася раней, а толькі 680 даляраў. Таксама плянуецца эканамічны рост замест 63–68% — толькі 40%. Аднак публічна гаворыцца, што мы павінны выйсьці на парамэтры, заплянаваныя на пяцігодку яшчэ ў 2010 годзе.

Пляны па росьце заробкаў абумоўленыя тым, што існуе вялікі разрыў у заробках у нас і ў суседзяў, найперш у Расеі. Мяркуецца, што гэты рост адбудзецца за кошт росту прадукцыйнасьці працы. Але адкуль возьмецца такая прадукцыйнасьць? Тут як у школе, задача разьвязваецца ад адказу. Каля няма ўнутраных крыніц росту, то зьявяцца вонкавыя. „Прилетит вдруг волшебник в голубом вертолете…“

Вось за пяць гадоў плянуецца прыцягнуць 17 млрд даляраў для будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Каля глядзець на статыстыку, то 90% прамых замежных інвэстыцый — гэта інвэстыцыі ва ўжо дзейныя прадпрыемствы, то бок новых прадпрыемстваў не ствараецца. І вось плянуецца, што будзе створана 200 тысяч высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Адкуль?»

Карбалевіч: «А раптам зноў зьявіцца цуд, чараўнік на блакітным верталёце ў выглядзе нейкіх новых растваральнікаў? Вось жа сёлета такі цуд здарыўся».

Чалы: «Я амаль упэўнены, што штосьці падобнае знойдзецца. Бо Расея не зацікаўленая ў эканамічным абвале Беларусі. Масква зацікаўленая ў беспраблемным разьвіцьці Эўразійскага зьвязу. Цана ляяльнасьці Беларусі ня вельмі вялікая для Расеі. Таму цуд можа і зьявіцца, толькі ён будзе не настолькі гучным і нахабным, як «растваральны бізнэс».

Злотнікаў: «Расея будзе падтрымліваць так, каб Беларусь была напалову галоднай, каб пагадзілася на прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам. Што тычыцца сярэдняга заробку — я падлічыў, што цяпер на 500 даляраў можна купіць столькі, колькі ў сьнежні мінулага году можна было купіць на 425 даляраў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG