Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь вяртаецца ў адмоўнае сальда замежнага гандлю»


Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у жніўні ўпершыню ў гэтым годзе сфармавалася адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі, якое склала 385 мільёнаў даляраў. Ці можна сказаць, што Беларусь зноў уступае ў доўгі пэрыяд адмоўнага гандлёвага балянсу? Як гэта будзе ўплываць на курс нацыянальнай валюты і на напаўняльнасьць бюджэту?

На гэтыя пытаньні адказвае Аляксандар Чубрык, дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту.

— Ці можна назваць гэтую жнівеньскую статыстыку пэўным выключэньнем ці, наадварот, з улікам таго, што бізнэс на растваральніках спыніўся, можна казаць пра тэндэнцыю, якая будзе працягвацца і далей? Ці можна ўжо зараз прагназаваць, што Беларусь зноў вяртаецца да добра вядомага пэрыяду адмоўнага сальда замежнага гандлю?

— Калі вы паглядзіце ў гісторыю беларускага замежнага гандлю, то ўбачыце, што за выняткам 2005 году сальда замежнага гандлю было адмоўным. Гэты год акурат быў выключэньнем, бо якраз спрацавалі схемы з растваральнікамі і разбавіцелямі, да таго ж наклаўся эфэкт ад дэвальвацыі. Тры эфэкты спрацавалі разам, і гэта стварыла станоўчае сальда ў гандлі. Але ж растваральнікі спыніліся, і эфэкт ад дэвальвацыі, я лічу, ужо вычарпаны. І мы вярнуліся да таго, з чаго пачыналі, уступілі (тут я з вамі пагаджуся) ў стадыю, калі вонкавы гандаль у нас з дэфіцытам.

— Наколькі гэтае нэгатыўнае сальда можа ўплываць на курс рубля і на напаўненьне бюджэту?

— У жніўні беларускі рубель трошкі абясцэніўся, і рэзэрвы трошкі зьменшыліся, але ня вельмі істотна. Аднак калі гэта ператворыцца ў тэндэнцыю, і калі імпарт будзе павялічвацца хутчэй, чым расьце экспарт (што мы назіраем цяпер), то гэта можа прывесьці да больш значных тратаў рэзэрваў і можа адбіцца на курсе рубля. Гэта будзе, вядома, дадатковым нэгатыўным чыньнікам, але ці ён спрацуе напоўніцу, будзе залежаць ад іншых дзеяньняў уладаў.

— Але ці ёсьць сэнс моцна трымаць курс? Гэта ж не ідзе на карысьць экспарцёрам, якія складаюць значную частку беларускай эканомікі?

— Нельга ж дамагацца канкурэнтаздольнасьці толькі праз дэвальвацыю. Канкурэнтаздольнасьць — гэта ня толькі цана, але і тэхналёгія, якасьць і гэтак далей. Дэвальвацыя — гэтая макраэканамічная нестабільнасьць, і гэта большая праблема, чым страты экспарцёраў. Трэба проста рэформы рабіць, а не займацца толькі макраэканамічным рэгуляваньнем і назапашваньнем даўгоў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG