Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Функцыянэры непакояцца, што тактыка байкоту перакінецца на спорт


Стадыён «Дынама»
Стадыён «Дынама»
Кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу рэзка адрэагавала на заклікі фанацкай групоўкі «Б-12» праігнараваць адборачную гульню да Чэмпіянату сьвету-2014 Беларусь—Гішпанія, якая адбудзецца на менскім стадыёне «Дынама» 12 кастрычніка. Аматары футболу абураныя цэнамі, якія фэдэрацыя прызначыла на футбольны матч, неапраўдана жорсткай працэдурай агляду падчас допуску на стадыён, а таксама «хамскімі паводзінамі міліцыі».

Першы намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян у гэтым зьвязку заявіў: той, хто заклікае да байкоту матчаў нацыянальнай зборнай, «заклікае ісьці супраць краіны». Футбольны чыноўнік лічыць, што фанатам няма на што наракаць: кожны глядач бясплатна атрымае праграмку матча, на кожным крэсьле будзе поліэтыленавы пакет з эмблемай фэдэрацыі, а ў перапынку публіку будуць абслугоўваць два дзясяткі гандлёвых кропак.

Высокія цэны на квіткі, асабліва за варотамі, дзе звычайна і месьцяцца фанацкія групоўкі, па словах Сафар’яна, абумоўленыя жаданьнем «пазьбегнуць спэкуляцый на чорным рынку». Ён перакананы, што сапраўдны аматар зборнай гатовы выкласьці пару дзясяткаў даляраў, каб пабачыць гульню любімай каманды: «Цэны на квіткі зьніжаць не плянуецца», — падкрэсьлілі ў фэдэрацыі.

Аднак пры такой палітыцы стадыён можа аказацца пусты. На матчы з Гішпаніяй 12 кастрычніка і Грузіяй 16 кастрычніка прададзена ўсяго паўтары тысячы квіткоў. Цана «пакету» на дзьве сустрэчы вагаецца ад 280 тысяч да 480 тысяч рублёў.

У сваёй групе зборная Беларусі займае апошняе пятае месца, прайграўшы на старце камандам Грузіі і Францыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG