Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня камісіі: «Я не казаў 317! Прагаласавала 565!»


Радыё Свабода датэлефанавалася да старшыні выбарчай камісіі, які на відэазапісу агучвае праўдзівую лічбу прагаласаваўшых на ягоным участку. Менавіта гэты чалавек, калі ўзначальваў ЖРЭА Савецкага раёну, выселіў партыю БНФ зь легендарнага офісу па праспэкце Машэрава, 8 і прымушаў іх прыбраць бел-чырвона-белы сьцяг з фасаду будынку.

Гэтая неверагодная выбарчая гісторыя адбылася на ўчастку № 594 Менскай-Усходняй выбарчай акругі № 107. На відэа, якое зьняла назіральніца ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, выразна бачна і чутна, як старшыня выбарчай камісіі Хамянок Мікалай Мікалаевіч агучвае агульную лічбу прагаласаваўшых:

«Лічба апошняя — 317 чалавек. Гэта датэрміновае, на даму і дзень выбараў».

Усяго выбаршчыкаў на ўчастку 1109. Такім чынам, на ўчастку № 107 прагаласавала 28,8% выбарцаў. Адпаведна выбары тут не адбыліся.

Але ў акруговай камісіі ў пратаколе з гэтага ўчастку зьявілася лічба 565. А гэта ўжо 50,9%. І выбары тут прызнаныя адбыўшыміся.

Больш за тое, Хамянок Мікалай Мікалаевіч, які цяпер працуе ў прафсаюзнай арганізацыі ў ЖРЭА Савецкага раёну Менску, катэгарычна адмаўляе свае словы:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:00 0:00
Наўпроставы лінк



— Мікалай Мікалаевіч?

— Так.

— Тут вы проста герой інтэрнэту. Уся Беларусь відэа глядзіць, як вы лічыце галасы на ўчастку…

— Што?

— Уся Беларусь, кажу, відэа глядзіць, як вы лічыце галасы. Распавядзіце, калі ласка, што там у вас адбылося?

— А што там паказваюць?

— Паказваюць, як вы лічыце галасы на ўчастку. Абвяшчаеце лічбу прагаласаваўшых.

— Дык я па кніжцы ўсё рабіў. Нам выдалі кніжку, я па ёй і рабіў.

— А тут вось назіральнікі паскардзіліся, што вы там сказалі лічбу 317, а ў пратаколе 565 напісана.

— Хай скардзяцца, давайце глядзець-разьбірацца.

— А як атрымалася, што вы кажаце адну лічбу, а ў пратаколе іншая напісаная?

— Такога ня можа быць.

— А што за дзяўчына ў вас там пратакол выхапіла?

— У мяне?!! Я павесіў пратакол. Ніхто ў мяне нічога не выхопліваў. Павесіў пратакол і пайшоў. А далей я ня ведаю, што там было.

— А назіральнікі кажуць, што пратакол вы ім не давалі.

— Ну як я не даваў ім пратакол? Я пратакол павесіў у пакоі, дзе мы лічылі пратакол. І сышоў разам зь міліцыяй у адміністрацыю. А што там далей было, я ж ня ведаю.

— Дык колькі ж прагаласавала ў вас?

— Пяцьсот шэсьдзесят адзін ці тры… Зараз скажу вам…. Пяцьсот шэсьцьдзесят пяць.

— 565 па вашым пратаколе?

— Дык што там паказваюць? Хто там паказвае? Я нешта не магу зразумець…

— Ёсць відэа, дзе вы лічыце … паказваеце назіральнікам бюлецені, кажаце лічбу 317…

— Ня можа такога быць!

— А зараз кажаце 565

— Ня можа такога быць! Калі ласка, ідзіце ў камісію, будзем разьбірацца.

— Дык назіральнікі ўжо падалі на вас скаргу.

— Дык няхай скардзяцца. Яны на мяне ўжо пяты дзень скардзяцца.

— А за што скардзяцца?

— Ды я ня ведаю. То нататнік у іх прапаў, то калпачок ад фотаапарата прапаў, то яшчэ што… Міліцыю выклікаюць…"

Вользе Кавальковай, якая і зьняла гэтае відэа, 28 гадоў. Размаўляем зь ёю мы у яе аўтамабілі, прыпаркаваным каля Адміністрацыі Савецкага раёну. Сюды Вольга прывезла адну з сваіх скаргаў. Далей паедзе «скардзіцца» ў Выбарчы камітэт і Пракуратуру.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова: «Камэра ўвесь час знаходзілася на стале назіральнікаў, была ўключаная. Не было ніякай складанасьці зьняць. Але яны ня думалі, што яна працуе. Таму такое відэа зьявілася. Я думаю, што гэта сэнсацыя сёньняшніх выбараў».

«Той цырк, які наладзілі на гэтым участку Савецкага раёну, варты прэміі. Калі яны падлічылі галасы, усё сказалі назіральнікам. Мы зафіксавалі. АБСЭ зафіксавала. Ад Хельсынскага камітэту назіральнік зафіскаваў. Потым АБСЭ просіць прадставіць пратакол, ён (старшыня — рэд.) кажа: „Зараз-зараз“. Яны тры разы ў яго прасілі».

Замест таго, каб паказаць пратакол, старшыня Хамянок апячатаў бюлетэні і разам з супрацоўнікамі міліцыі накіраваўся да выхаду. Далей здарылася наступнае. Распавядае Вольга Кавалькова: «Да яго прыстройваецца жанчына-„назіральніца“. Ён аднекуль дастае пратакол, і гэтая жанчына ў яго выхоплівае і проста зьбягае!»

Назіральніца (зьлева з краю), якая выхапіла пратакол з рук старшыні камісіі і зьбегла
Назіральніца (зьлева з краю), якая выхапіла пратакол з рук старшыні камісіі і зьбегла


Вольга кінулася за «назіральніцай», але кажа, што супрацоўнікі міліцыі перакрылі ёй дарогу. Калі яна выбегла на вуліцу, «назіральніцы» з пратаколам ужо не было.

«Было відавочна, што гэта было сплянавана! Я крычала: „Затрымайце яе!“ А яны ніяк не адрэгавалі», — амаль крычыць Вольга.

Іншая назіральніца ад БХД на гэтым участку Валерыя Чарнаморцава кажа, што гэтая ж жанчына была ў групе выбарчай камісіі, якая хадзіла па «хатнім» галасаваньні. Прычым саму Валерыю адправілі зь іншай групай, і ім удалося сабраць літаральна адзінкі бюлетэняў. А вось група, у якой была тая «назіральніца», прынесла на выбарчы ўчастак у дзясяткі разоў больш адзначаных бюлетэняў.

Дзяўчаты моцна шкадуюць, што не сфатаграфавалі гэтую «назіральніцу» раней. У выніку на фота яе можна пабачыць толькі збоку. Хто яна і адкуль, дзяўчаты ня ведаюць.

Валерыя Чарнаморцава
Валерыя Чарнаморцава
Валерыя Чарнаморцава: «Выбарчая камісія складалася з супрацоўнікаў ЖЭСаў Савецкага раёну. І гэтая жанчына, відавочна, была зьвязаная зь імі».

Праўда, некалькі дзён таму ў Чарнаморцавай на гэтым жа ўчастку скралі нататнік, у якім яна пазначала колькасьць прагаласаваўшых. Валерыя выклікала міліцыю і напісала заяву пра выкраданьне. Міліцыя была вымушаная рэагаваць, і перапісала дадзеныя ўсіх, хто знаходзіўся на гэтым участку. У тым ліку і нашую «назіральніцу». Валерыя Чарнаморцава спадзяецца, што, магчыма, так можна будзе вылічыць, хто яна.

Вольга патрабавала ад старшыні копію пратаколу, якую яны мусілі выдаць замест скрадзенай. Але ім нічога не далі.

Вольга Кавалькова: «Мы адразу ж паехалі за імі ў акруговую камісію. Там нам кажуць: дык вы едзьце на ўчастковую, там усё вісіць. А куды ехаць? Зараз гэтая ўчастковая камісія не існуе! На каго скардзіцца?! Гэтыя людзі, якія ўсё гэта рабілі, яны ўжо пасадаў сваіх ня маюць! У акруговай мне агучваюць лічбы: 565 прагаласавала! Я ажно засьмяялася!»

Вольга раней працавала ў Адміністрацыі Савецкага раёну. На апошніх парлямэнцкіх выбарах назірала ад улады. Кажа, што цяпер ёй за гэта сорамна:

«Нас не пыталіся, хочаш ты ісьці „на выбары“ ці ня хочаш. Ідзеш і ўсё. Я адсядзела на гэтых выбарах разам з усімі. Але кім я там была, дагэтуль ня ведаю. Нічога не падпісвала, ніякіх пратаколаў».

«Фальсыфікацыі былі заўжды, — распавядае Вольга. — Але яўку каб фальсыфікавалі — гэта ўпершыню! Ня хочуць людзі ісьці. Ня вераць. Дый я сама ня так, каб за апазыцыю — я проста супраць вось гэтай усёй маны, падману гэтага».
Скарга назіральніц
Скарга назіральніц

І Вольга, і Валерыя вельмі зьдзяўляюцца, чаму назіральнікі не здымалі на відэа тое, што адбывалася на ўчастках:

Вольга Кавалькова: «Калі б такое відэа рабіў кожны, то такіх пацьверджаньняў фальсыфікацый было б нашмат болей. Чым далей — тым горш прымаць удзел у гэтым фарсе. Я лічу, што тыя людзі, якія сёньня прымалі ў гэтым удзел — гэта здрада радзіме, здрада свайму народу, сваім сябрам, якія побач з табой».

Валерыя Чарнаморцава: «Дый самім сабе проста!»

Вольга Кавалькова: «Мне сорамна за гэтых людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG