Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ высяляюць


Сядзіба офісу БНФ
Сядзіба офісу БНФ

Партыя БНФ мусіць пакінуць сядзібу на Машэрава, 8 да 8 ліпеня 2009 году. Гэтак напісана ў лісьце, атрыманым з ЖЭСу Савецкага раёну Менску, паведамляе прэсавая служба Партыі БНФ.

Дырэктар ЖРЭА Хамянок піша: “Партыя БНФ сыстэматычна парушае ўмовы дамовы: аплата паступае несвоечасова і ня ў поўным аб’ёме, у выніку чаго ўтварылася запазычанасьць у памеры 6381396 рублёў”.

ЖЭС патрабуе ад Партыі БНФ заплаціць запазычанасьць да 17 красавіка 2009 году і вызваліць памяшканьне да 8 ліпеня 2009 году. Дамова на арэнду офісу, паводле ліста, працягвацца ня будзе.

У выпадку невысяленьня з офісу да 8 ліпеня ЖРЭА зьбіраецца зьвярнуцца ў Гаспадарчы суд.

Юрыдычную ацэнку дзеяньняў ЖРЭА выказаў сакратар управы Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч
“Патрабаваньне ЖРЭА юрыдычна неабгрунтаванае. Мы добрасумленна выконвалі ўмовы дамовы аб арэндзе, нягледзячы на астранамічны пад’ём сумы аплаты для ўсіх партыяў Беларусі. Такое патрабаваньне ёсьць выключна палітычным актам. Гэта ня толькі спроба зьнішчыць Партыю БНФ, але і спроба зьнішчыць культавае месца ў Менску, якое, як магніт, прыцягвае ўсіх, каму неабыякавая Беларусь. Вядома, што на Машэрава, 8 адбываюцца канцэрты, імпрэзы, прэзэнтацыі, прэс-канфэрэнцыі, зьезды, паседжаньні, дыскусійныя клюбы. Сядзіба БНФ гуртуе свабодную Беларусь.

Улады ідуць на такі адкрыты крок, не зважаючы на сваю лібэральную рыторыку. Яны паказалі, як далёка гатовыя пайсьці ў справе зьнішчэньня апазыцыі ў Беларусі”.

Паводле першага намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, высяленьне – гэта ня толькі страта офісу, гэта і страта юрыдычнага адрасу, а значыць – юрыдычнай рэгістрацыі:

Вінцук Вячорка
“Гэта спроба знішчыць найстарэйшую палітычную дэмакратычную сілу Беларусі. Гэта ёсьць выклік. Выклік і для нас, і для эўрапейскіх палітыкаў, які заяўляюць пра свае ідэалы дэмакратыі і свабоды. Як паставяцца яны да спробы зьнішчыць найстарэйшую ў Беларусі дэмакратычную партыю?“

Вінцук Вячорка не сумняваецца, што сапраўдная сутнасьць прэтэнзій — пазбавіць арганізацыю юрыдычнага адрасу:

“Гэта, безумоўна, палітычныя захады. Гэта не зьвязана ні зь якімі фінансавымі парушэньнямі. Пагатоў, што нават каб яны ў нас і былі, то напачатку, паводле Грамадзянскага кодэксу, павінна паступіць папярэджаньне пра тое, што мы нечага там не выконваем. Ніякага такога папярэджаньня не было. Адразу ўльтыматум, адразу дэкляруецца рашэньне, якое хтосьці дзесьці ўжо прыняў адносна нашага высяленьня. У сядзібе разьмешчаны юрыдычны адрас Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ „Адраджэньне“. І, такім чынам, робіцца замах на саму юрыдычную рэгістрацыю Беларускага Народнага Фронту. Гэта вельмі выразная ілюстрацыя стаўленьня ўладаў да Беларускага Народнага Фронту, іхнага страху перад намі, і гэта навочная ілюстрацыя — і для беларускага грамадзтва, і для эўрапейскіх назіральнікаў — так званай лібэралізацыі, якой так любяць цяпер хваліцца беларускія ўлады перад Эўропай”.

Карэспандэнт: “Дык фармальная запазычанасьць нейкая ўсё ж была?”

“На гэты момант ніякай запазычанасьці ў нас няма. Увогуле ўлады спадзяваліся задушыць нас фінансавай удаўкай год таму, падвысіўшы ў сем разоў арэнду. Але мы ўсё ж далі сабе рады, спрацавала чалавечая салідарнасьць. Цяпер яны вырашылі перайсьці да больш брутальных і нахабных мэтадаў — юрыдычнай расправы. Тон іхнай паперы ўльтыматыўны. І я не сумняваюся, што ніякі ЖЭС не адважыўся б без вышэйшай санкцыі такую паперу нам накіроўваць”.

Карэспандэнт: “Увогуле вы зьбіраецеся зьвярнуцца па тлумачэньні да кіраўніцтва ЖЭСу? Перамовы нейкія будуць?”

“Натуральна, спачатку мы прад’явім дакумэнты, якія сьведчаць, што іхныя абвінавачаньні непраўдзівыя. А таксама спашлемся на нормы Грамадзянскага кодэксу, якія прадугледжваюць напачатку дасыланьне папярэджаньня, чаго жыльлёва-камунальныя службы не зрабілі. І паводле вынікаў гэтых перамоваў будзем рабіць далейшыя захады. Але лёгка нас выкінуць у іх не атрымаецца”.

Сядзібу Партыі БНФ не выпускаюць з-пад увагі і арганізацыі антыдэмакратычнага кшталту. Дзьверы і вокны офісу то залепліваюцца ўлёткамі шавіністычнага зьместу, то расфарбоўваюцца антыбеларускімі лёзунгамі. Некалькі разоў паступалі зьвесткі пра тое, што сядзіба нібыта замініраваная.

Летась арганізацыя паўстала перад фактам шматразовага падвышэньня арэнднай платы: цяпер за памяшканьне даводзіцца плаціць блізу трох тысяч даляраў штомесяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG