Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі на мяжы дапаможа скараціць Эўразьвяз?


Сяргей Полудзень
Сяргей Полудзень

Эўрапейскі Зьвяз, Эўракамісія і праграмы «Ўсходняга партнэрства» дапамагаюць беларускім мытнікам мадэрнізаваць старыя і будаваць новыя пункты пропуску на мяжы.

З 26 верасьня ў Беларусі пачне працаваць сыстэма аўтаматычнай рэгістрацыі статыстычных дэклярацыяў, якая выключае ўдзел супрацоўніка мытні, распавёў намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Полудзень. Выпрабаваньні паказалі, што час афармленьня дэклярацыяў істотна скароціцца і будзе займаць ня больш за 1–2 хвіліны. Зараз гэты працэс з удзелам супрацоўніка мытні займае 10–15 хвілін.

Навацыя павінна скараціць чэргі. На дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь разьмешчана 25 аўтадарожных пунктаў пропуску (19 міжнародных і 6 міждзяржаўных), і гэтага недастаткова, кажа Сяргей Полудзень:

«Найбольш крытычны стан з прапускной здольнасьцю і загружанасьцю памежных пунктаў мытнага афармленьня і пропуску — на польскім, літоўскім і латвійскім кірунках. Таму патрабуецца першачарговае пераабсталяваньне дзейсных і будаўніцтва новых пунктаў пропуску менавіта на гэтых участках».

А мадэрнізаваць старыя і будаваць новыя пункты пропуску дапамагае Эўразьвяз. Зараз мабільнымі інспэкцыйна-надгляднымі комплексамі аснашчаныя толькі 5 пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай і Літвой. Такое абсталяваньне дазваляе праводзіць мытны кантроль кантэйнэраў, цыстэрнаў, прычэпаў, не ўскрываючы іх. За кошт прыцягненьня сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі плянуецца абсталяваць такімі комплексамі яшчэ 5 пунктаў пропуску.

Сяргей Полудзень: «У межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Эўрапейскага інструмэнту добрасуседзтва і партнэрства Польшча — Беларусь — Украіна рэалізуюцца праекты будаўніцтва і абсталяваньня аўтадарожных пунктаў пропуску «Пяшчатка», «Прывалка» і «Грыгароўшчына».

На мяжы з Украінай плянуецца таксама рэканструкцыя пункту пропуску «Махро» і будаўніцтва новага пункту пропуску «Камарын».

«Усходняе партнэрства» зараз разглядае пытаньне аб фінансаваньні ў 2012–13 гадах праекту стварэньня электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны.

У межах працаў па трансэўрапейскай транспартнай сетцы, якія праводзяцца Генэральным дырэктаратам Эўракамісіі па мабільнасьці і транспарце і краінамі Ўсходняга партнэрства, Мытны камітэт падаў на разгляд праект рэканструкцыі і мадэрнізацыі пункту пропуску «Каменны Лог».

На мяжы шмат кантрольных органаў, акрамя мытнікаў, — транспартны, вэтэрынарны, фітасанітарны кантроль. І зараз стаіць задача скараціць колькасьць кантрольных інстанцыяў,— апавёў начальнік упраўленьня арганізацыі мытнага кантролю Ўладзімер Арлоўскі:

Уладзімер Арлоўскі
Уладзімер Арлоўскі
«Калі ўсё пойдзе паводле пляну, то з 1 ліпеня 2013 году мытныя органы будуць выконваць функцыі аўтамабільнага кантролю ў поўным аб’ёме ў аўтадарожных пунктах пропуску. Я думаю, што цягам году функцыі транспартнага кантролю цалкам пяройдуць да мытных органаў».

Што тычыцца іншых відаў кантролю — вэтэрынарнага, фітасанітарнага, санітарна-эпідэміялягічнага, то тут праца ідзе ня так хутка. Плянуецца да 2015 году перадаць мытным органам функцыі дакумэнтальнага кантролю. Але ў пунктах пропуску застануцца спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя і Мінсельгаспраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG