Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» кіруецца сваімі ўласнымі тактычнымі інтарэсамі»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Сябры Рады кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якіх падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду», вырашылі працягваць удзел у выбарчай кампаніі. Як выглядае гэты крок «Гавары праўду» на фоне рашэньня іншых апазыцыйных партыяў зьняць сваіх кандыдатаў з выбараў? Ці можна сказаць, што «Гавары праўду» паставіла ўласныя інтарэсы вышэй за пытаньні агульнай дэмакратычнай салідарнасьці? Адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— Як можна ацаніць крок «Гавары праўду» на фоне рашэньня АГП і БНФ зьняць сваіх кандыдатаў з выбарчай гонкі? Ці не выклікае занепакоенасьць тое, што гэты крок моцна вылучаецца і адрозьніваецца ад пазыцыі большасьці дэмакратычных сілаў?

— Як і любы палітычны крок, рашэньне «Гавары праўду» не адклікаць сваіх кандыдатаў мае і плюсы і мінусы. З пункту гледжаньня інтарэсаў усёй дэмакратычнай супольнасьці тут, безумоўна, ёсьць пэўныя мінусы. У сытуацыі, калі пераважная большасьць апазыцыйных структураў абвясьціла аб няўдзеле ў фінальнай стадыі выбарчай кампаніі, «Гавары праўду» выглядае такім адваротных полюсам, які не падпарадкоўваецца агульнаму рашэньню. Таму зараз гэта дае магчымасьць ахвотным канстатаваць раскол беларускай апазыцыі.

Зь іншага боку, можна зразумець, чым абумоўленае такое рашэньне. Варта падкрэсьліць, што гэтае рашэньне прынятае нарадай кандыдатаў у дэпутаты. То бок, тымі асобамі, якія непасрэдна працуюць «у полі» ў гэтай выбарчай кампаніі. У адрозьненьні ад іншых арганізацыяў, «Гавары праўду» толькі стварае свае рэгіянальныя рэсурсы, і ў большай ступені зацікаўленае скарыстацца рэсурсам разьвіцьця праз удзел у гэтых парлямэнцкіх выбарах.

— Іншымі словамі, «Гавары праўду» паставіла інтарэсы разьвіцьця сваёй арганізацыі вышэй за інтарэсы агульнадэмакратычнай салідарнасьці?

— Так, але тое самае можна сказаць і пра тыя структуры, якія выступаюць за байкот. У гэтым і ёсьць праблема беларускай апазыцыі — існуюць добрыя тактыкі, але не стратэгіі. Напрыклад, тактыка байкоту даволі добра тлумачыць, што пасьля байкоту выбараў мусіць быць байкот іншых дзяржаўных мерапрыемстваў, байкот выплаты падаткаў і гэтак далей. За гэтымі тактыкамі не відаць стратэгіі. І яе адсутнасьць абумоўлівае тое, што палітычныя структуры ў парлямэнцкай кампаніі кіруецца перш за ўсё ўласнымі тактычнымі інтарэсамі. Таксама і «Гавары праўда» кіруецца тактычнымі інтарэсамі разьвіцьця ўласнай структуры замест інтарэсаў агульнай стратэгіі, якой няма.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG