Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК не задаволіла скаргі Кастусёва й Мілешчанкі


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Цэнтральная выбарчая камісія не задаволіла патрабаваньня вылучэнцаў на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва і партыі левых «Справядлівы сьвет» Зінаіды Мілешчанкі — зьняць з выбараў іх апанэнта, намесьніка старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандра Агеева. Як заяўляюць апазыцыйныя кандыдаты, Агееў выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс для прасоўваньня сваёй кандыдатуры.
Зінаіда Мілешчанка
Зінаіда Мілешчанка

Нагодай для скаргі апазыцыянэраў у ЦВК стала тое, што Агееў адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты правёў 23 жніўня як намесьнік старшыні Дзяржкантролю тэлефонную «прамую лінію» з жыхарамі Круглянскага раёну, а 24 жніўня ўдзельнічаў у настаўніцкай нарадзе ў Бялыніцкім раёне. Кастусёў і Мілешчанка ўгледзелі ва ўдзеле свайго апанэнта ў гэтых мерапрыемствах «раскрутку ягонай кандыдатуры». Апазыцыянэры зазначаюць, што Агееў, паводле выбарчага заканадаўства, пасьля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты меўся пайсьці ў адпачынак. Рэгістрацыя адбылася 22 жніўня.

Як паведаміў «Свабодзе» Рыгор Кастусёў, ЦВК у адказе на скаргу паведаміла, што ў ёй недастаткова абгрунтавана пададзеныя довады таго, што Аляксандар Агееў выкарыстоўваў службовае становішча ў перадвыбарчай кампаніі — таму скарга не падлягае разгляду. У лісьце за подпісам Лідзіі Ярмошынай гаворыцца, што Агееў у адпачынку ад 22 жніўня. Адпаведную заяву ён падаў у Шклоўскую выбарчую камісію.

Раней на аналягічную скаргу апазыцыянэраў у Шклоўскую выбарчую камісію ім адказалі, што ўдзел Аляксандра Агеева ў «прамой лініі» з жыхарамі Круглянскага раёну быў заплянаваны да абвяшчэньня даты выбараў — 17 жніўня. Апазыцыянэрам паведамілі, што Агееву датэлефанаваліся 4 чалавекі, якія задавалі пытаньні, не зьвязаныя з выбарчай тэматыкай. Што да настаўніцкай нарады, то, як заяўляе Рыгор Кастусёў, пра яе ў лісьце з Шклоўскай камісіі не гаворыцца наагул нічога.

17 верасьня Рыгор Кастусёў падаў у Шклоўскую выбарчую камісію заяву аб зьняцьці сваёй кандыдатуры з выбараў у Палату прадстаўнікоў. Зінаіда Мілешчанка працягвае ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG