Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: Першыя дэбаты без дыскусіі


Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
4 верасьня на Магілёўшчыне пачаліся дэбаты кандыдатаў на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. Першымі пачалі дэбатаваць ў эфіры дзяржаўнага радыё й на тэлеканале «Беларусь-2» вылучэнцы па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Зінаіда Мілешчанка і партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Зінаіда Мілешчанка
Зінаіда Мілешчанка
Апанэнт Мілешчанкі й Кастусёва намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандар Агееў удзельнічаць у дыскусіі адмовіўся. У перадвыбарчым радыёвыступе 30 жніўня чыноўнік заявіў, што ня бачыць сэнсу дыскутаваць зь людзьмі, якія толькі беспадстаўна крытыкуюць і не зважаюць на дасягненьні ў краіне. Акрамя таго зьвінаваціў прадстаўнікоў «некаторых палітычных партый» у тым, што «яны абмяркоўваюць з чальцамі кангрэсу ЗША магчымасьці ўплыву Амэрыкі на сытуацыю ў краіне».

Дэбаты доўжылася 15 хвілінаў. Каля дзьвюх хвілінаў заняла прэзэнтацыя выбарчай акругі. Акцэнт рабіўся на эканамічных дасягненьнях трох раёнаў, якія ўваходзяць у акругу. Яшчэ па адной хвіліне далі ўдзельнікам на ўступнае слова.

Спрэчак на дэбатах не было. Апанэнты дапаўнялі пытаньнямі й адказамі адзін аднаго, крытыкуючы існы стан спраў у эканоміцы, палітыцы, адукацыі. Вінавацілі ўладу ў хібах.

Рыгор Кастусёў заявіў ў тэлевізійнай вэрсіі дэбатаў, што дэпутатам, хутчэй за ўсе, стане прадстаўнік уладнай вэртыкалі, але ж дазволіў сабе «ўявіць», што ён зрабіў бы найперш, калі б стаў дэпутатам. Пачаў бы, зазначыў партыец, дэпутацкую дзейнасьць з правядзеньня шматлікіх сустрэчаў зь людзьмі й высьветліў, што іх клапоціць.

Зінаіда Мілішчанка заявіла, што верыць у тое, што стане дэпутаткай, і яна пастараецца выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні.

Зінаіда Мілешчанка й Рыгор Кастусёў скарысталіся з магчымасьці, каб выказацца ў эфіры адносна адмовы Аляксандра Агеева ўдзельнічаць зь імі у дэбатах. На пытаньне ад Мілешчанкі адказаў Кастусёў:

«Спадар Агееў не прыйшоў на гэтыя дэбаты не таму, што нам ён хацеў выказаць нейкі недавер і што мы ня любім свой народ — гэтаму чалавеку няма чаго сказаць. Няма чаго сказаць, бо ён шмат гадоў знаходзіцца пры ўладзе, цяпер ён намесьнік старшыні Дзяржкантролю. Але ж што адбываецца ў краіне — як кралі гэтак і крадуць. Эканоміка развальваецца, узровень жыцьця насельніцтва падае, абваліўся курс рубля. Проста яму няма чаго сказаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG