Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі тэставаньня ліцэістаў — вышэйшыя за сярэднія па Польшчы


Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

Новы навучальны сэзон распачынаюць выкладчыкі і вучні Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Гэты год для калектыву адметны — упершыню з таго часу, як у 2003 годзе на рашэньне ўладаў установа была зачыненая і апынулася ў падпольлі, калектыў здолеў легалізавацца праз рэгістрацыю ў Польшчы. Напярэдадні ў будынку, які здымае ліцэй, вучні, бацькі і настаўнікі зладзілі суботнік.

Нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас не хавае задаволенасьці ад таго, што і ў новым статусе навучэнцы пацьвердзілі прэстыж ліцэйскай адукацыі. Да зьдзіўленьня як беларускіх выкладчыкаў, так і іх польскіх калегаў, дзеці зь Беларусі прадэманстравалі вынікі вышэйшыя за мясцовых навучэнцаў:

І вось гэтая аўра, гэтая атмасфэра творчага спаборніцтва, салідарнасьці, таварыства, таксама спрыяе разьвіцьцю асобы і раскрыцьцю талентаў, здольнасьцяў, якія яны паказваюць у тым ліку і падчас тэставаньня

«Так, нашы ліцэісты паралельна зьяўляюцца навучэнцамі Міжнароднай гданьскай школы. Працэс быў запачаткаваны ў мінулым навучальным годзе, а ўжо сёлета мы ўпершыню атрымалі вынікі дзяржаўнай польскай атэстацыі. Трэба сказаць, вынікі гэтыя нас вельмі моцна парадавалі. Нягледзячы на тое, што нашы дзеці навучаліся па новых камбінаваных праграмах, якія былі дапасаваныя як да беларускай, так і да польскай сыстэмы (а гэта значыць — да эўрапейскай сыстэмы сярэдняй адукацыі), ня гледзячы на тое, што здавалі яны тэсты на польскай мове, хоць вучыліся па-беларуску, вынікі зьдзівілі ў добрым сэнсе. Найперш таму, што яны аказаліся вышэй за сярэднія па Польшчы. Нашы польскія калегі таксама былі зьдзіўленыя, яны нам адпачатку казалі: ну, калі будзе 10-15% — і тое добра. А нашы дзеці выдалі сярэдні вынік 63%. Тады як па Польшчы сярэдні паказьнік склаў 57%».

Ўдалы міжнародны дэбют дадаў маральнага імпэту, і ў новы навучальны сэзон калектыў уступае з добрым настроем — ня гледзячы на тое, што ў самой Беларусі некалі прэстыжная ўстанова на афіцыйным узроўні па-ранейшаму не прызнаецца. Гаворыць выкладчык польскай мовы Ягор Сурскі :

«Натуральна, што кожны дзень нясе для нас новыя выпрабаваньні — можна і так сказаць, і гэта ня будзе перабольшаньнем. Але гэта выпрабаваньні, як мне падаецца, збольшага творчага кшталту. Тыя ж іспыты ў Польшчы, калі фактычна палякі маюць тры гады на падрыхтоўку да іспытаў, а мы мелі толькі два. І тым ня меней, вынікі падобныя і нават лепшыя. Справа ў тым, што магчымасьці адукацыі, выхаваньня ўвогуле ў нашай дзяржаве напоўніцу практычна нідзе не выкарыстоўваюцца. І вось толькі такія альтэрнатыўныя мэтады могуць даць максымальны плён у адукацыі. Сапраўды, дзеці тыя ж самыя, дзеці ў пэўнай ступені ўсе аднолькавыя. Таму гэта, у першую чаргу, выпрабаваньне для самой сыстэмы адукацыі: ці можа адукацыя адкрыць здольнасьці, новыя магчымасьці ў дзяцей, у людзей увогуле?».

Вынікі тэставаньня ліцэістаў — вышэйшыя за сярэднія па Польшчы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00
Наўпроставы лінк

Цікаўлюся ў ліцэісткі Ганны: ці хацела б яна вярнуцца назад у дзяржаўную гімназію, зь якой пасьля восьмай клясы паступіла ў коласаўскі ліцэй? Пры тым, што яе мінулая школа прынамсі на паперы гэтаксама лічылася беларускай, уваходзіла ў лік самых папулярных і запатрабаваных у сталіцы:

«Ні ў якім разе, таму што ліцэй — гэта навучальная ўстанова, якая вельмі адрозьніваецца ад гімназіі (прынамсі маёй), дзе я дагэтуль вучылася. Дый, мабыць, ад усіх іншых школаў у Беларусі. Перадусім, у ліцэі да навучаньня
нам даюць веды пра забытыя старонкі нашай гісторыі, што ў звыклых школах папросту выключана

дзяцей выкладчыкі ставяцца творча. Тут індывідуальны падыход да кожнага і акцэнт робіцца не на адзнакі, а менавіта на веды, чаго, напрыклад, не было ў маёй гімназіі. Натуральна, у ліцэі няма ніякай навязьлівай прапаганды, ідэалёгіі, як у іншых дзяржаўных установах. Наадварот, нам даюць веды пра забытыя старонкі нашай гісторыі, што ў звыклых школах папросту выключана. А яшчэ мы шмат падарожнічаем: некалькі разоў на год выяжджаем у Польшчу, Літву, там таксама вучымся і езьдзім на экскурсіі. І, шчыра кажучы, мне тут проста вельмі падабаецца».

Уладзімер Колас згадвае, што яшчэ зь дзесятак гадоў таму конкурс у Беларускі гуманітарны ліцэй перавышаў колькасьць ахвотных трапіць на самыя прэстыжныя ўнівэрсытэцкія факультэты. Але і пры цяперашнім напаўпадпольным статусе, у які ўстанову загналі афіцыйныя чыноўнікі, ліцэйская адукацыя па-ранейшаму запатрабаваная:

«Безумоўна, ліцэйская адукацыя, адрозна ад школы савецкага ўзору, адметная тым, што гэта апошняя ступень сярэдняй адукацыі, на якую павінны пераходзіць тыя, хто хоча вучыцца і хто мае да гэтага здольнасьці — да інтэлектуальнай менавіта дзейнасьці. Раней, калі мы існавалі на вуліцы Кірава ў Менску, 21, калі мы былі ў структуры Міністэрства адукацыі і гэтае ведамства займалася сапраўды адукацыяй, а не ідэалёгіяй, конкурс у ліцэй быў да 20 чалавек на месца. Безумоўна, зараз конкурс крыху меншы (так мякка кажучы), тым ня меней, гэта не азначае, што хто заўгодна можа вучыцца ў ліцэі. Ёсьць адсеў на працягу навучаньня, прычым, цягам усіх гадоў, і застаюцца сапраўды тыя, хто хоча вучыцца. І вось гэтая аўра, гэтая атмасфэра творчага спаборніцтва, салідарнасьці, таварыства, таксама спрыяе разьвіцьцю асобы і раскрыцьцю талентаў, здольнасьцяў, якія яны паказваюць у тым ліку і падчас тэставаньня».

Дырэктар усьцешаны, што цягам 20 гадоў існаваньня ўстановы не зьмяняецца формула супрацы ў калектыве. Выкладчыкі, бацькі і дзеці тут маюць аднолькавы статус, і ўсе надзённыя пытаньні вырашаюцца калегіяльна. Чарговым разам гэта засьведчыў і суботнік, у якім не было начальнікаў і выканаўцаў, а ўсе працавалі дзеля добраўпарадкаваньня агульнай альма-матэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG