Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Той самы ліцэй


Менск, вуліца Кірава, 21.
Менск, вуліца Кірава, 21.

16 студзеня 1992 году навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа правялі першыя заняткі ва ўласным будынку па менскім адрасе Кірава, 21.

Падчас падзелу партыйнай уласнасьці заснавальнікам навучальнай установы не бязь цяжкасьцяў, але ўдалося дамагчыся ад ураду Вячаслава Кебіча гэта памяшканьне, дзе ліцэісты пражылі наступныя 10 гадоў. Аднак новыя ўлады асяродак вальнадумства доўга трываць ня сталі: ліцэй быў зьліквідаваны, а ў экспрапрыяваны будынак заехаў суд Цэнтральнага раёну сталіцы. Цяпер у былых ліцэйскіх кабінэтах судзяць, сярод іншых, былых і цяперашніх ліцэістаў.

15 студзеня выкладчыкі і навучэнцы Коласаўскага ліцэю правялі імправізаваную лінейку ў двары суду Цэнтральнага раёну Менску, дзе колісь разьмяшчалася іх альма-матэр. Прасьпяваўшы ліцэйскі гімн, удзельнікі імпрэзы выказалі перакананасьць, што сюды яны яшчэ абавязкова вернуцца — і зусім ня ў якасьці падсудных.

Хоць ліцэй у выглядзе нядзельнай школы быў заснаваны яшчэ ў 1990 годзе, доўгі час пра асобны будынак яго адміністрацыя толькі марыла. Як згадвае намесьнік дырэктара Коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі, зьдзяйсьненьне жаданьняў прысьпешылі жнівеньскія падзеі 1991 году: сьледам за спробай няўдалага путчу ў Маскве па-за законам была абвешчаная камуністычная партыя разам са сваёй шматлікай маёмасьцю:

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
«Беларускі гуманітарны ліцэй, які быў створаны як Беларускі адукацыйна-культурны гуманітарны цэнтар яшчэ пры канцы 1990 году, ня меў свайго будынка, і як сваю асноўную дзейнасьць, так і заняткі ліцэю праводзілі ў розных будынках, у навучальных установах. Натуральна, такое становішча не магло працягвацца. Якраз здарыліся знакамітыя падзеі 1991 году, калі была прыпыненая дзейнасьць Камуністычнай партыі, і кіраўніцтва ліцэю адразу зрабіла захады, каб атрымаць пры разьмеркаваньні партыйнай маёмасьці будынак. У рэшце рэшт менавіта менскія ўлады падказалі будынак на Кірава, 21, які колькі існаваў ад ХІХ стагодзьдзя, заўсёды быў месцам адукацыйных установаў».

15 студзеня 1992 году навучальнай установе быў афіцыйна перададзены будынак па вуліцы Кірава, 21. Ужо на наступны дзень там адбыліся першыя заняткі. Аднак, як кажа Лявон Баршчэўскі, калі б не рашучасьць заснавальнікаў ліцэю і бацькоў ліцэістаў, невядома, ці ўдалося б уласны кут займець увогуле:

«Ішло доўгае змаганьне, у канцы сьнежня 1991-га прэм’ер Кебіч быццам падпісаў распараджэньне аб перадачы ліцэю і цэнтру гэтага будынка, але потым яно тармазнулася. Давялося бацькам рабіць, па сутнасьці, самавольны захоп будынка: 15 студзеня з раніцы, як толькі былі адчыненыя знутры замкі, група бацькоў зайшла ў будынак, заняла ўсе тры паверхі, і будынак, у якім сядзелі розныя сумнеўнага кшталту камсамольскія камэрцыйныя структуры, быў такім чынам узяты захопам. Але адначасна мы, як дэпутаты Вярхоўнага Савету — я і спадар Трусаў — былі ў віцэ-прэм’ера Дземчука, які пайшоў да Кебіча і ў выніку папера ўсё ж была падпісаная. І калі туды ўжо прыехала міліцыя спрабаваць вытурыць бацькоў, якраз я прывёз дырэктару Ўладзімеру Коласу паперу, што будынак перададзены нам. Міліцыя ад’ехала, і мы пачалі тэрмінова рыхтавацца да заняткаў, высяляць па магчымасьці хутчэй тыя нелегальныя структуры, якія там знаходзіліся, а 16 студзеня мы правялі першыя заняткі ў гэтым будынку. То бок — роўна 20 гадоў таму».

Праблемы ў коласаўцаў пачаліся з усталяваньнем новай улады. Міністэрства адукацыі з падачы прэзыдэнцкай адміністрацыі ўжо ад сярэдзіны 1990-х спрабавала зьліквідаваць ліцэй. І хоць канчаткова яго зачынілі ў 2003 годзе, ціск выкладчыкі і вучні адчулі значна раней:

«Правучыліся мы ў гэтым будынку да канца навучальнага году 2003-га. Выпускная вечарына адбылася 17 чэрвеня, а 25 чэрвеня было сумна вядомае распараджэньне Савету міністраў пра ліквідацыю ліцэю. Такім чынам, да пачатку верасьня 2003 году гэты будынак так ці інакш яшчэ заставаўся ў распараджэньні ліцэю. Але паміж гэтымі тэрмінамі былі і іншыя нападкі. Будынак забіралі яшчэ ў 1997-м, перадалі яго адміністрацыі прэзыдэнта, не паінфармаваўшы нават кіраўніцтва ліцэю. Было зроблена чыста бюракратычным мэтадам. Цэлае лета працягваліся акцыі пратэсту, і ў рэшце рэшт пагадзіліся: будынак пераходзіць да адміністрацыі, але ліцэй у ім захоўваецца. Потым 1998 год, калі хацелі далучыць да ліцэю БДУ і, адпаведна, будынак забраць. І таксама пратэсты прывялі да таго, што ўдалося са зьмененай назвай ліцэю яшчэ пяць гадоў праіснаваць».

Больш за восем гадоў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа працуе ў падпольлі. Але попыт на адукацыю, пазбаўленую празьмернай дзяржаўнай заідэалягізаванасьці і арыентаваную на вывучэньне гістарычнай спадчыны беларусаў, застаецца стабільна высокім. У ліцэй прыходзяць новыя вучні, якія спадзяюцца, што іх навучальная ўстанова раней ці пазьней зноў верне сабе легальны статус.

Лінейка каля былога будынку Коласаўскага ліцэю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG