Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва працягвае скардзіцца на старшыню КДБ


Год таму ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым, якога абвінавацілі ва ўчыненьні выбуху ў мэтро, і Ўладзіславам Кавалёвым, якому выставілі абвінавачаньне ў садзеяньні гэтаму злачынству. Абодвух у выніку прызналі вінаватымі і сёлета ў сакавіку расстралялі.

Маці Ўладзіслава Кавалёва дагэтуль дамагаецца, каб ёй вярнулі запісы, якія вёў сын падчас таго працэсу.

Чарговым разам Любоў Кавалёва напісала скаргу на старшыню КДБ Вадзіма Зайцава ў Генэральную пракуратуру на пачатку верасьня. Ранейшыя звароты наўпрост да Вадзіма Зайцава ня дзейнічалі. Маці расстралянага за саўдзел у тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва дамагаецца, каб ёй вярнулі запісы сына. Любові Кавалёвай вядома, што сын вёў запісы падчас працэсу. Потым ён напісаў на яе імя даверанасьці, каб яна мела права імі распараджацца, але і гэтыя дакумэнты ёй з КДБ не перадалі:

«Ніводнай даверанасьці мне не перадалі, хоць ён іх пісаў у сьнежні, у студзені і ў лютым. Калі я пытаюся, чаму, увогуле не адказваюць. Гэтак разумею, што зьверху быў загад не аддаваць, у тым ліку і ягоныя запісы. Хоць яны ня ўтрымліваюць сакрэтных матэрыялаў. Яны ўсе агалошваліся ў судзе, і я не разумею, чаму не аддаюць».

Год таму, 15 верасьня, у Вярхоўным судзе пачаўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым. Праз 2,5 месяца працэс завяршыўся сьмяротным прысудам абодвум. Праваабаронца Людміла Гразнова, якая прысутнічала на большасьці судовых пасяджэньняў, дагэтуль мяркуе, што віна гэтых людзей не была ў судзе даказаная і пакаралі іх несправядліва:

«Зьвесткі здабывалі ад абвінавачаных праз пагрозы і гвалт, і гэта пацьвердзілася ў судзе. Далей, відэа — як асноўны доказ — было падроблена, і адвакаты гэта выдатна даказалі. Трэцяе — няма сьлядоў выбуху на адзеньні Канавалава і Кавалёва, што сьведчыць пра іх адсутнасьць на месцы выбуху ў мэтро. Калі ня так, то хай бы сьледчыя зрабілі экспэртызу адзеньня іншых прысутных у мэтро, але гэта не было зроблена. Суду так і не паказалі вагон № 2 — бо па ім можна было зрабіць высновы, што гэта была за выбухоўка. Лаўку не паказалі, хоць гэта надзвычай важны доказ. Па ім можна было зрабіць выснову пра выбуховае прыстасаваньне, дзе яно знаходзілася: знутры, з бакоў, якім быў склад выбухоўкі? І шмат іншых пунктаў, але і гэтых дастаткова, каб сумнявацца ў высновах сьледзтва і рашэньні суду».

Уладзіслаў Кавалёў падаваў на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, але яно не было задаволенае. Паводле афіцыйных крыніцаў, Дзьмітрый Канавалаў не прасіў яго памілаваць, але спраўдзіць гэта пакуль не ўдалося — сваякі Канавалава і пасьля ягонай сьмерці на сувязь з журналістамі ня выйшлі. На пачатку 2012 году ў Камітэт правоў чалавека ААН трапіла скарга Ўладзіслава Кавалёва на прысуд, пра што быў праінфармаваны беларускі ўрад. Паводле міжнародных нормаў на час праверкі скаргі павінны былі прыпыніць выкананьне прысуду, але ў сярэдзіне сакавіка асуджаных расстралялі. Гэтая сьпешка, мяркуе праваабаронца Людміла Гразнова, таксама дае падставы сумнявацца ў прысудзе.

Журналіст Вячаслаў Буткевіч, які стала асьвятляў працэс аб тэракце, пералічыў сумнеўныя, на яго думку, і «жалезныя» доказы, прадстаўленыя ў судзе. Да першых ён далучыў, сярод іншага, вынікі сьледчага экспэрымэнту, на якім Канавалаў на замову зьбіраў бомбу. Паводле Буткевіча, гэта Канавалаву пераканаўча зрабіць не ўдалося. А якія доказы, на думку журналіста, можна лічыць «жалезнымі»?

«Відэа ў мэтро. І Канавалава з Кавалёвым напярэдадні тэракту, і Канавалава падчас тэракту. Мяркую, гэтае відэа. Збольшага на гэтым і будавала доказную базу сьледзтва, ня ўлічваючы гэтак званую лябараторыю тэрарыста ў Віцебску. Хоць на гэтым відэа таксама былі нестыкоўкі, на якіх спрабаваў засяродзіць увагу адвакат Абразей, але суд іх не прыняў да ўвагі».

Пракуратура Беларусі пакуль не адказала на скаргу Любові Кавалёвай на старшыню КДБ Вадзіма Зайцава. «Яшчэ ёсьць два тыдні, пачакаем», — кажа Любоў Кавалёва пра лёс скаргі. Зьвестак пра тое, на які час прызначаны разгляд скаргі ў Камітэце правоў чалавека ААН, Любоў Кавалёва пакуль ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG