Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва патрабуе, каб пракуратура ацаніла фільм БТ «Мэтро»


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага Ўладзіслава Кавалёва зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру.

Яна патрабуе, каб там далі ацэнку фільму «Мэтро», які лічыць паклёпніцкім.

Паводле Любові Кавалёвай, у фільме «Мэтро», паказаным па БТ да гадавіны выбуху на станцыі «Кастрычніцкая», ёсьць цэлы шэраг супярэчнасьцяў і «нестыковак», а таксама нават скажэньняў, што да матэрыялаў судовай справы абодвух пакараных сьмерцю віцебскіх хлопцаў, Дзьмітрыя Канавалава і яе сына Ўладзіслава.

Таму спадарыня Кавалёва патрабуе, каб пракурорскія работнікі далі ацэнку працы стваральнікаў фільму.

Раней яна зьвярталася і ў Белтэлерадыёкампанію, каб ёй назвалі прозьвішчы гэтых людзей, бо ў тытрах яна пазначаны не былі. Аднак кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька адмовіўся гэта зрабіць: напісаў Любові Кавалёвай, што Белтэлерадыёкампанія — уласьнік правоў на фільм «Мэтро», што гэта пазначана ў тытрах, і гэтага дастаткова. Абскардзіць свой адказ ён прапанаваў «у вышэйстаячы орган (Адміністрацыю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь)».

Генадзь Давыдзька ніякім чынам не адрэагаваў на аналіз фільма «Мэтро», які зрабілі сваякі расстралянага Ўладзіслава і віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Яны некалькі разоў паглядзелі фільм і пісьмова зафіксавалі дзесяткі недакладнасьцяў.

Даведка «Свабоды»
Выбух у менскім мэтро, справа Кавалёва-Канавалава


17 сакавіка стала вядома, што расстраляныя абодва меркаваныя выканаўцы выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела болей за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць сьмерцю Кавалёва і Канавалава, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG