Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уітмар: Прэзыдэнта вызначаць 5-6% цэнтрыстаў


Браян Уітмар
Браян Уітмар

Галоўныя тэмы амэрыканскай выбарчай кампаніі, ўплыў зьездаў рэспубліканцаў і дэмакратаў на грамадзкую думку, арганізацыя падліку галасоў у ЗША камэнтуе аналітык Радыё Свабода Браян Уітмар.

РС: Як паўплывалі на электаральныя настроі амэрыканскіх выбаршчыкаў зьезды Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый?

Уітмар: Кароткі адказ – дэмакраты атрымалі большую перавагу. Паводле традыцыі пасьля зьезду рэйтынг кандыдата ад партыі падвышаецца прыкладна на 5%, праўда, потым часам зьніжаецца. Сёлета пасьля зьезду Рэспубліканскай партыі Ромні атрымаў дадатковыя 1-2% максымум. Колькі менавіта – залежыць ад апытаньня, але ёсьць кансэнсус аналітыкаў, што зьезд практычна нічога не дадаў Ромні. Пасьля зьезду дэмакратаў рэйтынг Абамы падвысіўся на 5%.

РС: Якія праблемы знаходзяцца ў цэнтры палітычных перадвыбарчых дэбатаў? Ці можна пазначыць стрыжнёвую тэму выбараў?

Уітмар: Цэнтральнае пытаньне гэтых выбараў – якую ролю павінна адыгрываць дзяржава ў эканоміцы. Рэспубліканцы хочуць, каб гэтая роля была мінімальнай, дэмакраты выступаюць за мадэрнізаваную дзяржаву Welfare. Гэта цэнтральная тэма. На мой погляд, такое пазыцыяваньне – таксама на карысьць дэмакратаў. Рэспубліканцы хацелі б, каб гэтыя выбары былі своеасаблівым рэфэрэндумам аб даверы Абаму: калі цябе не задавальняе Абама – галасуй за Ромні. А дэмакраты хацелі б, каб выбары факусаваліся вакол пытаньня аб ролі, «вазе» дзяржавы ў эканоміцы і грамадзкім жыцьці ў цэлым.

Калі гаварыць больш канкрэтна, то кандыдат ад рэспубліканцаў на пасаду віцэ-прэзыдэнта Пол Раян прапаноўвае істотна скараціць праграму мэдычнай дапамогі для пэнсіянэраў. Гэта вельмі папулярная праграма, якая існуе з 1964 году, з часоў прэзыдэнта Джонсана. Раян і Ромні хацелі б, каб пэнсіянэры ў межах гэтай праграмы атрымлівалі ваўчар і маглі купляць страхоўку на свабодным рынку. Гэта было б істотнай зьменай – цяпер кожнаму чалавеку, старэйшаму за 65 гадоў, гарантаваная бясплатная мэдычная дапамога.

Другое пытаньне – гэта, натуральна, дэфіцыт бюджэту. Рэспубліканцы хацелі б зьніжаць гэты дэфіцыт праз скарачэньне сацыяльных праграмаў, а дэмакраты – праз павялічэньне падатку на багатых.

РС: Наколькі важную ролю ў кампаніі адыгрывае рэха эканамічнага крызісу? У кастрычніку 2008 году, напярэдадні абраньня Абамы, узровень беспрацоўя складаў 6%. Гэта было вельмі шмат у параўнаньні з папярэднімі гадамі. Але зараз, нягледзячы на ўсе высілкі Абамы, гэты ўзровень складае 8%. І як гэта ацэньваецца? Ці так, што рэспубліканцы тады давялі сытуацыю да ручкі, ці так, што Абама меў 4 гады, каб палепшыць сытуацыю, і гэта ў яго не атрымалася?

Уітмар: Крызіс безумоўна адыгрывае істотную ролю. Гэта сапраўды залежыць ад пункту погляду, ад інтэрпрэтацыі, адны прыгадваюць, якая сытуацыя была тады, калі пад пытаньнем быў лёс амэрыканскай аўтапрамысловасьці, лёс многіх буйных банкаў, іншыя сапраўды адзначаюць, што ўзровень беспрацоўя надзвычай высокі. Калі Абама выйграе, ён будзе першым палітыкам з часоў Рузвэльта, які захаваў прэзыдэнцкую пасаду пры беспрацоўі на ўзроўні вышэй за 8%.
Погляды, інтэрпрэтацыі існуюць розныя, але я мяркую, што калі б наступстваў крызісу не было, Абама б выйграў лёгка.

РС: Многія назіральнікі кажуць пра нарастаньне палітычнай палярызацыі амэрыканскага грамадзтва, сьведчаньне чаму – зьяўленьне такіх радыкальных правых і левых грамадзкіх рухаў, як Tea Party і Occupy Wall Street. Для адных Абама – ледзь не камуніст, для іншых рэспубліканцы – ледзь не фашысты. Гэтая палярызацыя неяк адбіваецца на перадвыбарных баталіях?

Уітмар: Так, зразумела. Але гэтая палярызацыя ня новая, яна існуе з 1960-х гадоў. Але гэтая палярызацыя ахоплівае ў асноўным палітычную клясу, ці шырэй – частку грамадзтва, якая зьвяртае ўвагу на палітыку. Большасьць амэрыканцаў – палітычна цэнтрысты. Таму ў абедзьвюх партый ёсьць дзьве задачы на выбарах: актывізаваць гэтыя свае палярызаваныя базы, але пры гэтым не палохаць выбаршчыкаў у цэнтры палітычнага спэктру, якія вырашаюць лёс выбараў. Іх лёс заўсёды вызначае выбар 5-6% цэнтрыстаў.

РС: Хто праводзіць, арганізуе выбарчы працэс у ЗША? Ці ня могуць палітычныя перавагі гэтых людзей паўплываць на вынікі выбараў?

Уітмар: Выбары ў ЗША арганізуюць штаты, гэта адбываецца не на фэдэральным узроўні. Амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары – гэта насамрэч 51 асобныя выбары, у 50 штатах і ў сталіцы.

Я ня памятаю ніводнага выпадку, каб склад выбарчай камісіі на месцы ўплываў на вынікі выбараў. Ёсьць пэўныя праблемы, скажам, рэспубліканцы заяўляюць, што ёсьць выпадкі, калі ў выбарах удзельнічаюць людзі, якія ня маюць права голасу. У некаторых штатах – у Флярыдзе, у Агаё – былі прынятыя законы, якія забясьпечваюць жорсткі кантроль над тым, каб галасавалі толькі тыя, хто мае права галасаваць, але потым Вярхоўны суд скасаваў гэтае рашэньне.
Абедзьве партыі маюць дастаткова людзей у выбаркамах розных штатаў, каб кантраляваць адны адных, так што грубыя фальсыфікацыі амаль немагчымыя.

РС: Чым будзе адрозьнівацца зьнешняя палітыка прэзыдэнтаў Абамы і Ромні? Некаторыя назіральнікі адзначаюць, што калі кандыдат ад рэспубліканцаў на мінулых выбарах Джон Макейн меў калясальны ўласны вопыт у міжнародных справах і цьвёрдыя палітычныя погляды на гэты конт, то Міт Ромні проста паўтарае тэзісы зьнешнепалітычнага крэда рэспубліканцаў. І таму ў рэальнасьці можа праводзіць практычна любую палітыку. Як у свой час Ніксан, які пачынаў у камісіі Макарці, а на пасадзе прэзыдэнта вёў палітыку разрадкі з Брэжневым. Вы згодны?

Уітмар: Мы ведаем, чаго можна чакаць ад Абамы. Ромні сапраўды збольшага паўтарае традыцыйнае рэспубліканскае зьнешнепалітычнае крэда. Я зьдзівіўся, калі ён некалькі разоў паўтарыў, што Расея – галоўны зьнешнепалітычны супернік ЗША. Я ня ведаю, адкуль гэта зьявілася. Паводле тых сыгналаў, якія мы атрымалі, можна меркаваць, што Ромні будзе крыху больш жорсткім з Расеяй, чым Абама. А можа і не. Існуе стэрэатып, што рэспубліканцы праводзяць больш жорсткую зьнешнюю палітыку, асабліва з Расеяй. Але ў рэальнасьці гэта не зусім так. Хто казаў, што паглядзеў у вочы Пуціна і ўбачыў яго душу? Рэспубліканец Буш.

Вайна паміж Расеяй і Грузіяй таксама пачалася пры рэспубліканцах. Так што гэта збольшага міт, што рэспубліканцы вядуць больш жорсткую зьнешнюю палітыку. Я бачу хутчэй блізкасьць зьнешнепалітычных пазыцый дзьвюх партый. Калі Ромні пераможа, я не чакаю велізарных пераменаў у зьнешняй палітыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG