Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская мова пашыраецца ва Ўкраіне


Сёньня Луганская гарадзкая рада надала расейскай мове статус рэгіянальнай. У сваім рашэньні рада спаслалася на зьвесткі перапісу насельніцтва ў 2001 годзе, калі ў Луганску, абласным цэнтры на ўсходзе Ўкраіны, расейскую мову прызналі роднай больш за 10% жыхароў гораду.

Паводле закону, прынятага Вярхоўнай Радай Украіны ў ліпені сёлета, на тэрыторыі Ўкраіны гарантуецца свабоднае выкарыстаньне рэгіянальных моваў, да якіх аднесеныя расейская, беларуская, баўгарская, армянская, гагауская, ідыш, крымскататарская, малдаўская, нямецкая, навагрэцкая, польская, ромская, румынская, славацкая, вугорская, русінская, караімская і крымчацкая. Дзеяньне гэтай устанокі распаўсюджваецца на тыя мовы, якія зьяўляюцца роднымі для ня менш чым 10% грамадзян, якія насяляюць пэўную тэрыторыю паводле зьвестак перапісу. У практыцы гэты закон, ініцыяваны дэпутатамі кіроўнай «Партыі рэгіёнаў», мае значэньне толькі для носьбітаў расейскай мовы. Супраць прыняцьця гэтага закону выступала і выступае ўкраінская апазыцыя.

Да гэтай пары расейская мова атрымала статус рэгіянальнай у Запароскай, Луганскай, Адэскай, Херсонскай абласьцях ды ў гарадах Запарожжа, Ізмаіл, Адэса, Севастопаль, Харкаў, Херсон і Мікалаеў.

Згодна са згаданым законам аб моўнай палітыцы, акты мясцовых органаў дзяржаўнай улады і органаў мясцовага самакіраваньня ў межах тэрыторыі, на якой распаўсюджаная рэгіянальная мова, могуць прымацца або на дзяржаўнай (украінскай) мове, або на рэгіянальнай, і афіцыйна публікуюцца на абедзьвюх мовах. Акрамя таго, пашпарт грамадзяніна Ўкраіны і зьвесткі пра яго ўладальніка, якiя ўносяцца ў дакумэнт, выконваюцца на дзяржаўнай мове і побач, на выбар грамадзяніна, на адной з рэгіянальных моваў.

Іншы артыкул закону аб моўнай палітыцы ўсталёўвае, што грамадзянам Украіны гарантуецца права атрыманьня адукацыі на дзяржаўнай мове і на рэгіянальных мовах (у межах тэрыторыі, на якой распаўсюджаная рэгіянальная мова). Гэта тычыцца дашкольных, агульнаадукацыйных, прафэсійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных устаноў. Дзяржаўныя і камунальныя навучальныя ўстановы ва ўстаноўленым парадку ствараюць асобныя клясы ці групы, у якіх навучаньне вядзецца на іншай мове, чым у навучальнай установе ў цэлым, пры наяўнасьці дастатковай колькасьці адпаведных заяваў аб мове навучаньня ад бацькоў вучняў ці студэнтаў.

Украінскі мова застаецца выключнай мовай Узброеных Сілаў Украіны і іншых вайсковых фармаваньняў; пасяджэньні Вярхоўнай Рады Ўкраіны, яе камітэтаў і камісій вядуцца на дзяржаўнай мове (хоць прамоўца можа выступаць на іншай мове); праекты законаў і іншых нарматыўных актаў уносяцца на разгляд Вярхоўнай Рады Ўкраіна таксама на ўкраінскай мове; мовай пагадненьняў і картаграфічных выданьняў зьяўляецца таксама ўкраінская мова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG