Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч згодны зь Ярмошынай: інтрыгі на выбарах ня будзе


Стэфановіч згодны зь Ярмошынай, што інтрыгі на выбарах ня будзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:51 0:00
Наўпроставы лінк
Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сабралі журналістаў, каб распавесьці пра вынікі назіраньня за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Гэта, магчыма, апошняя прэс-канфэрэнцыя ў памяшканьні «Вясны», — так пачаў сустрэчу з журналістамі Валянцін Стэфановіч, намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру.

Паводле прысуду Алесю Бяляцкаму офіс, у якім шмат гадоў прапрацавала найбуйнейшая праваабарончая арганізацыя, канфіскаваны. Кіраўнік «Вясны» асуджаны на 4,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці за нібыта ўтойваньне прыбыткаў і адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі.

На прэс-канфэрэнцыі выступілі намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

У 2010 годзе ў Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя зьмены, і гэта спрасьціла працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў, — адзначылі праваабаронцы. Але старшыня БХК Алег Гулак лічыць, што ў параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году праца назіральнікаў стала больш складанай. Былі факты непасрэднага ціску:

Алег Гулак: «Перш за ўсё трэба згадаць справу спадара Гоўшы з Баранавічаў, які за сваю дзейнасьць назіральніка быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці па сфальсыфікаваным абвінавачаньні. Хаця ён проста сумленна рабіў сваю справу. Таксама на этапе праверкі подпісаў і рэгістрацыі большасьць нашых назіральнікаў сутыкнулася з тым, што гэтая працэдура для нашых назіральнікаў недаступная».

Такім чынам, праваабаронцы ня могуць сьцьвердзіць, наколькі працэдуры праверкі подпісаў выбарцаў былі аб’ектыўнымі і адпавядалі патрабаваньням выбарчага заканадаўства.

Згодна з дадзенымі Цэнтральнай выбарчай камісіі, па ўсёй краіне было вылучана 494 асобы. 122-м зь іх (а гэта 26,4%) камісія не дазволіла далей змагацца за месца ў парлямэнце. Што тычыцца апазыцыйных партыяў, то працэнт адмовы ў рэгістрацыі склаў 19,5%.

Самымі распаўсюджанымі падставамі для адмовы ў рэгістрацыі сталі недакладнасьць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і памылкі ў дэклярацыі аб даходах.

Нібыта з-за памылкі ў дэклярацыі ня быў зарэгістраваны кандыдатам Аляксандар Мілінкевіч. Ён не задэкляраваў як прыватную ўласнасьць зямлю, на якой стаіць ягоны прыватны дом. Стэфановіч зазначыў, што зямля не зьяўляецца прыватнай уласнасьцю, але камісія палічыла гэта падставай, каб адмовіць Мілінкевічу ў рэгістрацыі. Апроч гэтага, больш як 15% сабраных за яго подпісаў прызналі несапраўднымі.

Алег Гулак: «Звычайна камісія ня кажа, што чалавек рэальна не падпісваўся за таго ці іншага кандыдата. Гаворка ідзе пра тое, што дата пастаўленая не ягонай рукой. Але ніхто не аспрэчвае самога факту подпісу, таго, што гэты выбаршчык падтрымаў таго ці іншага кандыдата. І, на маю думку, такія тэхнічныя перашкоды — гэта інструмэнт маніпуляцыі. Такі караценькі запіс — некалькі лічбаў — складана прызнаць, чыёй рукой ён пастаўлены».

Стопрацэнтна зарэгістраваныя тыя, хто вылучаўся адразу і шляхам збору подпісаў, і ад працоўных калектываў. Як правіла, гэта «праўладныя» кандыдаты. Цікава, што працягнуць сваю парлямэнцкую кар’еру пажадаў 21 дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Агулам у гэтую кампанію вылучалася 60 асобаў, якія ў розныя гады былі дэпутатамі.

Аналізуючы ў інтэрвію Радыё Свабода, чым адметная гэтая выбарчая кампанія, Валянцін Стэфановіч сказаў: «Калі параўноўваць з ранейшымі парлямэнцкімі выбарамі, то адрозьненьняў няшмат. Хоць і зьмененае заканадаўства ў 2010 годзе. Трэба зазначыць, што паводле аднаго з патрабаваньняў АБСЭ была спрошчаная працэдура рэгістрацыі кандыдатаў ад палітычных партый. І нашыя апазыцыйныя партыі гэтым скарысталіся. Агулам колькасьць вылучэнцаў ад палітычных партый на гэтых выбараў павялічылася ў разы — больш за 40 працэнтаў ад усіх вылучэнцаў».

Сапраўды, прадстаўнікі палітычных партыяў вылучылі 204 кандыдатаў. Гэта 41% ад агульнай колькасьці вылучаных.


Назва палітычнай партыі Колькасьць вылучаных Колькасьць зарэгістраваных Колькім адмоўлена ў рэгістрацыі
Партыя БНФ 33 30 3 (9%)
Аб’яднаная грамадзянская партыя 48 35 13 (27%)
Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» 32 26 5 (15%)
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) 23 21 2 (8,6%)
Камуністычная партыя Беларусі 23 21 2 (8,6%)
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 1 1
Лібэральна-дэмакратычная партыя 93 70 23 (24%)
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці 19 9 10 (52,6%)


Аднак большасьць кандыдатаў, якія атрымалі адмову ў рэгістрацыі, вылучаліся шляхам збору подпісаў (56%). Напрыклад, грамадзкая кампанія «Гавары праўду» вылучала такім чынам 25 сваіх актывістаў. А зарэгістравалі зь іх толькі 13. У Менску ГП будзе прадстаўленая толькі адным кандыдатам. Не зарэгістраваныя таксама моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, былы міністар абароны Павал Казлоўскі і інш.

Валянцін Стэфановіч зазначае, што ў гэтую кампанію працэдура збору подпісаў была спрошчаная: «Ня трэба іх больш завяраць па месцы, дзе яны зьбіраліся.

Спрасьцілася таксама і працэдура паданьня дэклярацыі. Памылкай ужо лічыцца сума, якая перавышае 20% ад усёй задэкляраванай. А раней было 10%. Мы памятаем часы, калі за 20 тысяч, атрыманых ад продажу кнігі ў букінісьце, не рэгістравалі кандыдатаў. І Юры Хадыка, і Алег Трусаў — шмат такіх выпадкаў было. Зараз гэта ўжо немагчыма».

Але ж асноўныя адметнасьці выбараў па-беларуску застаюцца нязьменнымі, кажа Валянцін Стэфановіч:

«Не зьмяняецца тое, што ў выбарчым працэсе цэлыя працэдуры застаюцца закрытымі для грамадзкага кантролю. У тым ліку і праверка подпісаў. Вось з гэтым мы не былі згодныя і ніколі ня будзем згодныя. Я ўжо не кажу пра адсутнасьць дэталізацыі падліку галасоў. У Кодэксе павінны быць дэталёва прапісаныя ўсе этапы працэдуры падліку. А ня проста: «Камісія прыступае да падліку галасоў». Як яна прыступае? Разам яны лічаць? Па адным? Гэта і дазваляе маніпуляцыі. Бо мы ня бачым, як ажыцьцяўляецца падлік. Як тады мы можам ацэньваць, ці праўдзівыя вынікі выбараў? Вось на гэтае пытаньне будзем зьвяртаць увагу і зараз.

Але збольшага я лічу, што ніякай інтрыгі на гэтых выбарах ня будзе. Я згодны зь Ярмошынай: «Усё ідзе прадказальна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG