Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Студэнты павінны вучыцца, а не працаваць на дзяржаву бясплатна»


Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька распарадзіўся арганізаваць суботнікі па будаўніцтве новых станцый менскага мэтрапалітэну. У дабрачынных працах мусяць удзельнічаць працоўныя прадпрыемстваў, студэнты, школьнікі ды іншыя жыхары гораду. Як да гэтага ставяцца патэнцыйныя ўдзельнікі будаўнічых работ?

Будаўніцтва станцыі менскага мэтро ў мікрараёне «Малінаўка» цягнецца ўжо шмат гадоў. Мясцовыя жыхары з цяжкасьцю ўзгадваюць, калі распачаліся праца па будаўніцтве, і зь нецярплівасьцю чакаюць яе завяршэньня:

Спадар: «Мы жывём вось у гэтым доме — будоўля тут побач».

Карэспандэнтка: «Патрэбна мэтро?»

Спадар: «Канечне, патрэбна».

Карэспандэнтка: «Даўно будуюць гэтую станцыю?»

Спадар: «Гады тры — ня ведаю нават, ня памятаю».

Спадарыня: «Больш, чым тры. Доўга, вельмі доўга — надакучыла ўжо чакаць».

Спадар: «Транспарт мяняецца — не зразумела, як ехаць. Але абяцалі, што да верасьня зробяць. А зробяць, ня зробяць — невядома».

Карэспандэнтка: «А як вы ставіцеся да таго, што будуць суботнікі, каб прыходзілі працоўныя, студэнты бясплатна дапамагаць дабудоўваць мэтро ?»

Спадар: «Так, я чуў, што гэтую апошнюю станцыю хочуць зрабіць хутчэй. Але ж тут спэцыялісты патрэбныя ў асноўным».

Спадарыня: «Спэцыялісты спэцыялістамі, але і арганізацыя патрэбная. Мо і пэнсіянэры прыйшлі б папрацаваць — яны больш вольныя, чым тыя людзі, што працуюць ці вучацца».

Карэспандэнтка: «Самі пайшлі б дапамагаць».

Спадар: «Не, не пайшоў бы, пэнсіянэр ужо — досыць».


Гарадзкія ўлады намерваюцца ўзмоцніць будаўнічыя працы дадатковымі сіламі, каб першыя цягнікі новых ліній менскага мэтро пайшлі ўжо ў верасьні. Аднак будаўнікі мэтро ня дужа спадзяюцца на эфэктыўнасьць дапамогі гараджан, кажа адзін зь іх — Алег:

Карэспандэнтка: «Ці шмат яшчэ працы на гэтай станцыі мэтро?»

Будаўнік мэтро: «Хапае, але да верасьня павінныя здаць».

Карэспандэнтка: «Рэальна магчыма?»

Будаўнік мэтро: «Ня ведаю, усё залежыць як хутка будуць ісьці працы».

Карэспандэнтка: «Ці хапае працаўнікоў?»

Будаўнік мэтро: «Не, не хапае. Мала людзей, бо мала плацяць. Вельмі шмат людзей звольнілася — адны пэнсіянэры пазаставаліся, моладзі амаль няма. Каб плацілі, то шмат бы працавала».

Карэспандэнтка: «Гарадзкі начальнік Ладуцька абвясьціў, што тут будуць працаваць гараджане, каб дапамагаць будаваць мэтро. Чакаеце іх дапамогі?»

Будаўнік мэтро: «Наўрад ці, напэўна. Бо гэта небясьпечна, для гэтага трэба вучыцца. Хіба толькі зьверху — сьмецьце прыбраць ці што яшчэ лёгкае. А ўніз нікога ня пусьцяць. Мы зараз па суботах выходзім працаваць, каб хоць неяк падцягнуць гэтую працу».


Ініцыятыву сталічнага гораданачальніка Мікалая Ладуцькі бясплатна папрацаваць на будаўніцтве менскага мэтро, многія маладыя менчукі не падтрымліваюць:

Карэспандэнтка: «Як вы ставіцеся да ідэі дабрачынных суботніх працаў на будаўніцтве мэтро?»

Спадарыня: «Мне падаецца, што ў нашай дзяржаве і так вельмі шмат недаплочваецца і недаацэньваецца. І пры гэтым, ставіць такія мэты, якія ставяцца ў нас. Да прыкладу, будаўніцтва лядовых палацаў ці гіганцкіх бібліятэк. Пры гэтым плаціць мэдыкам, настаўнікам і людзям іншых прафэсій. Тое, што плаціцца, то я лічу, што ўсё гэта вар’ятня».

Спадар: «Асабіста я капаць мэтро не пайду, бо я на іншае вучыўся і іншай працай зарабляю сабе на жыцьцё. Навошта я буду капаць мэтро? За мяне ж ніхто ня будзе выконваць маю працу, то няхай і будаўнікі будуюць, настаўнікі вучаць, а лекары лечаць».

Юначка: «Я студэнтка і я не пайшла б будаваць мэтро. Бо я лічу, што дзеля такіх прац людзей трэба заахвочваць, а не выкарыстоўваць іх рэсурсы. І я лічу, што там павінныя працаваць спэцыялісты. А студэнты павінныя вучыцца. А не працаваць на дзяржаву бясплатна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG