Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпроты падвышанай небясьпекі

абноўлена

Шпроты рыбнага камбінату «За радзіму!» ў гомельскай краме.
Шпроты рыбнага камбінату «За радзіму!» ў гомельскай краме.

Аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю менскай міліцыі ініцыяваў канфіскацыю з гандлёвай сеткі буйной партыі рыбных кансэрваў. Больш чым 200 тысяч бляшанак прызнаныя не адпаведнымі нормам дзяржаўнага стантарту і мусяць быць захаваныя на адмысловым палігоне. Між тым, у Міністэрстве аховы здароўя кажуць, што ведамства пра небясьпеку экспрапрыяванай прадукцыі ніхто не папярэджваў і справа, хутчэй за ўсё, палягае ў эканамічнай плоскасьці.

Паводле міліцэйскіх паведамленьняў, у паўсотні менскіх крамах выяўленыя рыбныя кансэрвы, рэалізацыя якіх забароненая. Гаворка перадусім пра «Селядзец атлянтычны ў таматным соўсе», «Селядзец атлянтычны ў алеі» і «Шпроты ў алеі з балтыйскай кількі».

Вытворца не называецца, але, сумяшчаючы выкладзенае на сайце ГУУС Менгарвыканкаму відэа з асартымэнтам крамаў, можна зрабіць выснову: гэта — прадукцыя калінінградзкага рыбнага камбінату «За радзіму!». Прадстаўнік менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі кажа, што з гандлёвага абароту выведзена больш за 200 тысяч бляшанак рыбных кансэрваў. Колькі на той момант ужо было зьедзена — не ўдакладняецца:

Пакупнікі пра небясьпечныя рыбныя кансэрвы

Пакупнікі пра небясьпечныя рыбныя кансэрвы

У гомелькіх крамах прадаецца багата прадукцыі зь пераліку рыбных кансэрваў, якія прызнаны небясьпечнымі. У прыватнасьці, у краме «Асарці» на вуліцы Перамогі рыбная паліца ўстаўлена кансэрвамі «Селядзец атлянтычны натуральны з дабаўленьнем алею». Яго вытворца — акцыянэрнае таварыства «Рыбакамбінат «За Родину», які месьціцца ў пасёлку Ўзмор’е Калінінградзкай вобласьці. Каштуе ў краме адна бляшанка селядца 16220 рублёў.

Такія ж кансэрвы, але па 9500 рублёў, прапануе рыбны павільён на Цэнтральным рынку. Тут, дарэчы, выстаўлены і шпроты, якія патрапілі ў сьпіс небясьпечных рыбных кансэрваў. Гэта «Шпроты з балтыйскай кількі ў алеі» па 10300 рублёў. Вытворца той жа — рыбакамбінат «За Родину».

Сталая пакупніца крамы спадарыня Тацяна апавяла: «Я толькі ў пост купляю гэты селядзец у кансэрвах. Але там амаль нічога няма ў бляшанцы — паўпустая. Працэнтаў на 60-70 — вадкасьць. Нават паловы няма — усё больш вадкасьць. І рыба мяккая, разьлезлая. Страшна. Толькі ў пост і даводзіцца купіць».

Жанчына бярэ бляшанку селядца, трасе ля вуха і ўскрыквае ад выразнага булькатаньня: «Пакуль яе дасюль давезьлі — яна там наагул каша. У-у!»

Тацяна: «З асцярогаю глядзіш, калі купляеш. Грошы аддасі, прыходзіш дадому — а есьці няма чаго. І мала таго, што няма чаго есьці — можаш яшчэ і ў шпіталь загрымець. Проста атруціцца! Дый яшчэ якое атручваньне! Вось паглядзелі зараз — страшна».

Гамельчук Алег імкнецца рыбныя кансэрвы наагул не купляць: «Калі проста рыбу ці рыбнае філе, то купляю. А рыбныя кансэрвы — не. Невядома, як і што яны там закатваюць. Унутры ў бляшанцы нічога ж ня бачна. І на пах нічога не адчуеш. Пах адчуваецца, калі толькі адчыніш. А пры пакупцы нічога ня бачна, і паху ніякага».

Жанчына сярэдніх гадоў, якая назвалася Людмілай, кажа, што сутыкалася зь няякаснымі рыбнымі кансэрвамі, але ў санслужбу не зьвярталася:

«Выкідвалі. Ня хочацца псаваць нэрвы свае на санстанцыю і ўсё астатняе. Гэта ж усё час і нэрвы».

Пэнсіянэрка Валянціна чула пра скандал у Менску вакол 200 000 бляшанак атручаных рыбных кансэрваў:

«Гэта хтосьці нажываўся, хтосьці нажываўся. Што яны непісьменныя, калі пастаўляюць кансэрвы і ў гэтай галіне працуюць? Яны ўсё выдатна ведалі! Кантроль патрэбны. Можна ж было атруціць цэлы дзіцячы садок ці цэлую школу. Трэба караць па ўсёй строгасьці закону! Мой сын жыве ў Калінінградзе, і калісьці я прывозіла рыбныя кансэрвы адтуль. Яны былі найсьвяжэйшыя, бо быў попыт. Рыбы сьвежамарожанай не было, і ўсё гэта разьбіралася. А зараз, відаць, кансэрвы залежваюцца, таму так і атрымалася. Трэба караць — моцна караць».

«Згодна з заключэньнем Менскай гарадзкой санэпідэміялягічнай станцыі, дадзеныя кансэрвы непрыдатныя да ўжываньня і падлягаюць абавязковай утылізацыі. Сам склад згаданых рыбных вырабаў на адпавядае ДАСТу, што, у прынцыпе, не абавязкова магло быць прычынай цяжкіх наступстваў для арганізму, але, тым ня менш, у той ці іншай ступені гэта магло справакаваць абвастрэньне стану здароўя».

Рыбныя кансэрвы карыстаюцца попытам яшчэ з савецкіх часоў, калі ў харчовых крамах часьцяком нічога іншага і не было. У дадзеным выпадку спажыўцоў прывабліваў найперш кошт — прадукцыя прадавалася з істотнай зьніжкай. Ці выклікала забароненая прадукцыя непажаданыя наступствы для здароўя спажыўцоў — у міліцыі пакуль не ўдакладняюць.

У менскім цэнтры аховы правоў спажыўцоў кажуць, што да іх з устойлівай рэгулярнасьцю зьвяртаюцца са скаргамі на якасьць прадуктаў харчаваньня, уключна з рыбнамі кансэрвамі, аднак там ня могуць з пэўнасьцю сказаць, што прэтэнзіі былі менавіта да арыштаванай сілавікамі рыбнай партыі.

Няма зьвестак пра рэальныя ці магчымыя наступствы і ў ведамствах, якія адказваюць за эпідэміялягічную сытуацыю. Начальнік аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства аховы здароўя Юры Фёдараў лічыць, што ў дадзеным выпадку гаворка, хутчэй за ўсё, пра эканамічнае злачынства, а не пра пагрозу для жыцьця людзей:

«Гэтай жа справай вы ж бачыце, хто займаецца. Найперш, гэта канфіскат, а канфіскатам займаюцца ўпаўнаважаныя органы. У дадзены выпадку гэтым займаецца МУС. Я нічога ня ведаю ні пра аб’ёмы партыі, ні пра астатняе, таму нічога камэнтаваць не магу, бо ня маю адпаведнай інфармацыі. Мы выступалі толькі ў якасьці лябараторыі (нават ня службы, а лябараторыі) куды зьвярнуліся праваахоўныя органы. Мы акрэдытаваныя Дзяржстандартам на правядзеньне выпрабаваньняў, правялі дасьледаваньне. І як мне сказалі пакуль, папярэдне, гаворка ўсё ж ідзе аб канфіскаце».

Па словах спадара Фёдарава, у выпадку рэальнай небясьпекі для спажыўцоў былі б прынятыя неадкладныя меры санітарна-эпідэміялягічнага характару, аднак пакуль такой пагрозы няма:

«Калі прадукцыя небясьпечная, даўно ўсе былі б папярэджаныя і адпаведныя захады былі б зробленыя — не хвалюйцеся. Тут такія рэчы проста так без увагі не абыходзяцца. І тое, што я ведаю, вам чэсна гавару. Нейкай іншай інфармацыі ў мяне няма, усе іншыя зьвесткі ў кампэтэнцыі іншай структуры. Але я думаю так: каб была б нейкая сур’ёзная небясьпека для здароўя людзей, то яны, напэўна, напісалі б нам афіцыйны ліст. Таму што пэўныя пытаньні адносяцца да нашай кампэтэнцыі і мы б прымалі ўжо неабходныя паралельныя захады. Аднак пакуль да нас ніхто не зьвяртаўся. Так што, хутчэй за ўсё, тут гісторыя крыху іншая».

Атручваньне нядобраякаснымі рыбнымі кансэрвамі — адно з самых цяжкіх, часта прыводзіць да сьмяротнага выніку. Парушэньне правілаў перапрацоўкі рыбы і яе кансэрваваньня могуць выклікаць батулізм, ад якога, паводле мэдычнай статыстыкі, памірае кожны пяты хворы. Самы просты спосаб пераканацца калі не ў адпаведнасьці прадукту стандартам якасьці, то прынамсі ў яго непратэрмінаванасьці — перад пакупкай сьціснуць бляшанку рукамі. Нават мінімальная выпукласьць — сыгналь да таго, што рызыкаваць ня варта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG